Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нябацькава база


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін (зьлева) і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін (зьлева) і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка зрабіў своеасаблівы падарунак да дня нараджэньня свайго сябра Ўладзімера Пуціна, назваўшы чуткамі размовы пра магчымае стварэньне ў Беларусі расейскай ваенна-паветранай базы, піша ў сваім блогу кіеўскі журналіст Віталь Портнікаў.

Рэакцыя Лукашэнкі відавочна стала неспадзяванкай для Крамля, бо прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў не знайшоў, што адказаць, і гэта пры тым, што гісторыя з базай — ніякія ня чуткі і не размовы. Гэта канкрэтнае даручэньне, якое Пуцін у афіцыйным парадку даў МЗС і Міністэрству абароны Расеі. Наўрад ці гэтае паведамленьне прэс-службы прэзыдэнта Расеі магло прайсьці па-за Пясковым. Як, зрэшты, і па-за Лукашэнкам.

Тое, што беларускі бок ніяк не рэагаваў на расейскую прапанову, ужо было пэўным сымптомам. Аднак народны сход беларускай апазыцыі, які прайшоў у мінулую нядзелю і на якім пратэставалі супраць магчымага зьяўленьня базы, змусіў Лукашэнку выказацца зусім канкрэтна. Ён, канешне, не палемізуе з Пуціным, а звыкла кляйміць апазыцыянэраў, якія распускаюць недарэчныя чуткі. Аднак сутнасьць рэакцыі ад гэтага не зьмяняецца.

Лукашэнка, які навучыўся выгандлёўваць сабе прэфэрэнцыі за любую расейскую блазноту, і на гэты раз ідзе на павышэньне ставак.

Назіральнікі ўжо пачалі гаварыць пра тое, што Лукашэнка, які навучыўся выгандлёўваць сабе прэфэрэнцыі за любую расейскую блазноту, і на гэты раз ідзе на павышэньне ставак. І што пытаньне базы — проста пытаньне грошай: за яе зьяўленьне трэба будзе добра заплаціць і самому беларускаму прэзыдэнту, і ў бюджэт суседняй дзяржавы. Аднак база — не газатранспартная сыстэма. Калі Лукашэнка дапусьціць яе зьяўленьне на беларускай зямлі, то зробіць самую сур’ёзную памылку ў сваёй шматгадовай кар’еры. І справа нават не ў сувэрэнітэце Беларусі і ў будучыні гэтай краіны — наўрад ці Лукашэнка думае аб нечым такім. Справа ў палітычнай будучыні самога Лукашэнкі. Бо такая база — улічваючы размах расейскіх плянаў і неабходнасьць базаваньня наземных частак, якія абслугоўваюць авіяцыю, — самы сапраўдны акупацыйны кантынгент. Па прыклады далёка хадзіць ня трэба: ваенна-марская база, што захавалася на ўкраінскай тэрыторыі, згуляла ключавую ролю ў анэксіі Крыму, прычым расейскі бок спэцыяльна падкрэсьліваў, што колькасьць ваеннаслужачых, занятых у апэрацыі па захопу чужой тэрыторыі, не перавышала пазначанага ў расейска-ўкраінскіх пагадненьнях. А чым там гэтыя вайскоўцы займаюцца — манэўрамі ці зьменай улады — ні ў адной дамове не пазначана. Дык чым расейскія лётчыкі горшыя за расейскіх маракоў?

Але Лукашэнка можа адмовіцца ад разьмяшчэньня базы ня толькі з прычынаў элемэнтарнага самазахаваньня. Для яго ідэя зьяўленьня на тэрыторыі Беларусі абмежаванага кантынгенту расейскіх ваеннаслужачых — доказ таго, што эканамічнымі шляхамі ўтрымаць суседнюю краіну ў сваёй арбіце Уладзімер Пуцін ужо ня ў стане. І, такім чынам, спрабуе застрахавацца ад магчымага развароту Беларусі ў бок Захаду з дапамогай ваеннай сілы. Але чаму гэта павінна быць цікава беларускаму прэзыдэнту?

Калі Пуцін ня зможа далей утрымліваць беларускі рэжым, то ён не патрэбны Лукашэнку разам з Расеяй.

На працягу двух дзесяцігодзьдзяў Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўваў Расею для ўмацаваньня асабістай улады, мяняючы расейскія крэдыты і субсідыі на звонкія лёзунгі пра славянскае братэрства, саюзную інтэграцыю, супрацьстаяньне Захаду і іншыя бязглузьдзіцы. Так, канешне, у апошнія дзесяцігодзьдзі яму даводзілася паступацца сувэрэнітэтам, але не настолькі, каб у выпадку чаго нельга было адгуляць назад. Калі Пуцін ня зможа далей утрымліваць беларускі рэжым, то ён не патрэбны Лукашэнку разам з Расеяй. Дарма хіба фатаграфуецца з Абамам? Ён з расчараваньнем заўважае, як у мядзьведзя, які прыносіў яму так многа мядку і іншых прысмакаў, выпадаюць зубы і слабеюць кіпцюры. І задумваецца пра новых спонсараў.

Адзінае, што можа спыніць Лукашэнку ў яго асьцярожным адпаўзаньні ад Расеі, — гэта расейскае войска. Унутраных праблемаў ня будзе — нават беларуская апазыцыя стане апладзіраваць разрыву са стратэгічным партнэрам, а прарасейскіх арганізацыяў у Беларусі няма і не было ніколі. Суседзі — Літва, Польшча, а цяпер і Украіна — толькі ўздыхнуць з палёгкай, калі Беларусь адмовіцца ад сваёй ролі расейскага сатэліта. Значыць, застаецца база. І гэта і ёсьць самая галоўная небясьпека.

Калі Пуцін ня зможа далей утрымліваць беларускі рэжым, то ён не патрэбны Лукашэнку разам з Расеяй.

Канешне, Лукашэнка ня стане жорстка адмаўляць Пуціну. Ён па-ранейшаму будзе нагадваць, што яго краіна гатовая заставацца верным хаўрусьнікам Расеі, «фарпостам» у супрацьстаяньні НАТО. Ён нават просіць у Пуціна «пэўнага ўзбраеньня», каб супрацьстаяць яшчэ больш эфэктыўна. Але ўрэшце рэшт гэтае ўзбраеньне — калі яно нават і паступіць на балянс беларускага войска — будзе, канешне ж, выкарыстанае не для запалохваньня НАТО, тым больш, што альянс беларускаму сувэрэнітэту не пагражае.

Яно будзе выкарыстанае супраць Расеі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

_________________________________________________________________________________________

Віталь Портнікаў — кіеўскі журналіст, аўтар і вядучы праграмы Радыё Свабода «Дарогі да Свабоды».

XS
SM
MD
LG