Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч, Някляеў і Лябедзька клічуць на «Шэсьце нацыянальнага сьцяга» за дзень да выбараў


(Зьлева направа) Анатоль Лябедзька, Мікалай Статкевіч і Ўладзімер Някляеў на мітынгу супраць расейскай вайсковай базы ў Беларусі

(Зьлева направа) Анатоль Лябедзька, Мікалай Статкевіч і Ўладзімер Някляеў на мітынгу супраць расейскай вайсковай базы ў Беларусі

Прыхільнікі ігнараваньня выбараў заклікаюць сабрацца на плошчы Свабоды 10 кастрычніка а 17-й, потым прайсьціся пад нацыянальнымі сьцягамі да плошчы Якуба Коласа.

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч заклікае прыходзіць на плошчу Свабоды (каля Ратушы), каб выказаць стаўленьне да выбараў-2015, якія называе «балаганам, зь якім усё зразумела». Пасьля нядоўгіх прамоваў ён прапануе прайсьціся па горадзе да плошчы Якуба Коласа. Перашкоды з боку міліцыі для шпацыру нястрашныя, распавёў ён Свабодзе:

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч

«У 17 зь невялікім пачнём кароткі мітынг, нагадаем, чаму мы ладзілі „месячнік свабоды“ — каб пашырыць тэрыторыю свабоды, зьменшыць страх у людзей. За пяць гадоў у цэнтры гораду ж ніводнага мітынгу не было. Але ж там халодна, што там мерзнуць! І хлопцы з Цэнтральнага РАУСу пастаянна пад ногі лезуць, замінаюць прамоўцам. Дык пройдзем да плошчы Якуба Коласа тыя, хто пераадолеў страх, пад сьцягамі нашымі, падзелімся нашай сьмеласьцю зь іншымі людзьмі.

Што там узгадняць з уладамі, каб хадзіць па горадзе? Я хаджу штодзень па горадзе, яшчэ ніводнага дазволу не прасіў. І вы хадзіце, і разам са мной. Будуць закрываць дарогу — пойдзем у іншы бок. Ім трэба за намі па нашым горадзе ганяцца, карцінкі ствараць, як людзям перакрываюць дарогу? Ну хай, будзе яшчэ весялей, пасьмяемся разам. Я гатовы, каб перакрывалі рух аўтамабіляў, калі людзі будуць пераходзіць вуліцу, каб не разрываць калёну.

Някляеў прапануе назваць гэта „Шэсьцем нацыянальнага сьцяга“. Хочам, каб гэта была кампанія пераадоленьня страху, вітаем любыя ініцыятывы, любы крэатыў. Скончым гэтае сьвята весела, бо гэты іхны выбарчы балаган таксама завяршацца будзе дастаткова весела, такіх тэмпаў папярэдняга галасаваньня ў першы дзень я ніколі яшчэ ня бачыў. Дык няхай жывуць мірныя перамены! Спадзяюся, нас падтрымаюць грамадзяне Беларусі, я не дзялю іх на нечых прыхільнікаў. Фіктыўныя кандыдаты сваё стаўленьне да масавых акцыяў выказалі, яно адмоўнае. Няхай, гэта іх права».

Акцыя прысьвечаная як ігнараваньню цяперашніх выбараў, так і патрабаваньням сумленных выбараў, кажа Свабодзе Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«У нас будзе стандартны сход за свабодныя і сумленныя выбары, пасьля плянуецца невялікае шэсьце. Наш агульны зварот за подпісамі Статкевіча, Някляева і маім подпісам, каб людзі прыходзілі на сход. Ігнараваньне выбараў — гэта своеасаблівы фармат „Плошчы“. Людзі ігнаруюць гэтую выбарчую мадэль, якая знаходзіцца ў крызісе. Патрабаваньне — свабодныя сумленныя выбары, бо толькі яны могуць стварыць мажлівасьць рэалізацыі нашай пазытыўнай эканамічнай альтэрнатывы „Мільён працоўных месцаў“. З прыхільнікамі Караткевіч мы падтрымліваем адзін аднаго ў гэтай акцыі.

Шэсьце — другі складнік, які лягічна дапаўняе першы. Людзі будуць гуляць, хадзіць па вуліцах горада. Яшчэ ж ніхто не забараніў гэтага. Або вы ўвесь Менск блякуеце?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG