Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Датэрміновае — па нарастаючай


Першыя выбарцы на датрміновым галасаваньні на выбарах прэзыдэнта Беларусі.Менск, 6 кастрычніка 2015 году

Першыя выбарцы на датрміновым галасаваньні на выбарах прэзыдэнта Беларусі.Менск, 6 кастрычніка 2015 году

У першы дзень датэрміновага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Беларусі, якое пачалося ў аўторак, на ўчасткі прыйшло 4,49% выбарцаў, гаворыцца ў паведамленьні на афіцыйным сайце Цэнтравыбаркаму.

Калі параўноўваць гэтую лічбу зь першым днём датэрміновага галасаваньня на папярэдніх выбарах кіраўніка беларускай дзяржавы, якія праходзілі ў сьнежні 2010 году, то бачна, што тады выбарцаў на ўчастках было меней — 3,4%.

А на выбарах 2006 году ў першы дзень да скрыняў прыйшла яшчэ меншая колькасьць выбарцаў — 3,0%.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік так патлумачыў Свабодзе павелічэньне колькасьці выбарцаў, якія галасуюць датэрмінова:

Мікалай Лазавік

Мікалай Лазавік

«Падчас гэтай выбарчай кампаніі сродкі масавай інфармацыі, усе без выключэньня, значна болей аддавалі ўвагі выбарам наагул і кандыдатам у прыватнасьці. І пры гэтым стараліся падзяліць сваю ўвагу да розных кандыдатаў больш-менш раўнамерна.

Інфармаванасьць людзей сёлета значна вышэйшая параўнальна зь мінулай выбарчай кампаніяй. Таму і актыўнасьць іх вышэйшая».

Былы прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду Анатоль Лябедзька параўноўвае лічбы беларускіх выбараў з надзіманым дзіцячым шарыкам:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Яго можна надзьмуць болей, а можна — меней. Усё залежыць ад арганізатараў гэтай кампаніі. Вось яны палічылі неабходным напісаць 4% зь нечым — і напісалі. А маглі напісаць 5 ці 2. На гэтыя лічбы ніхто не ўплывае — ні выбарцы, ні апазыцыя, ні міжнародная супольнасьць. Гэта цалкам закрыты працэс, і яго лёгіка зразумелая толькі тым, хто гэтыя лічбы прастаўляе.

Я з 1 чэрвеня даволі актыўна ежджу па рэгіёнах. І сустрэчы, якія там адбываюцца, гэта сустрэчы не з апазыцыяй, а са звычайнымі людзьмі. У іх цікавасьць да выбараў як да падзеі — надзвычай нізкая. Ад яе людзі нічога не чакаюць. А калі хто і галасуе датэрмінова, то гэта прытрымліваньне старых традыцыяў.

Наадварот, шмат што гаворыць пра складанасьць зь яўкай на гэтых выбарах. Гэта і аўтамабіль, які езьдзіць па горадзе і зь якога заклікаюць галасаваць. Ніколі раней пад’езды не былі так заклеены зазывалкамі на скамарохаў, танныя булачкі і бясплатную гарбату на выбарчых участках. Гэта ўсё не ад добрага жыцьця».

XS
SM
MD
LG