Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціхан Чарнякевіч

Палёт, які можна было спыніць


Ціхан Чарнякевіч

Ціхан Чарнякевіч

Востра пеканула навіна пра сьмерць пятнаццацігадовай дзяўчыны.

Востра пеканула навіна пра сьмерць пятнаццацігадовай дзяўчыны.

На форумах шмат спачуваньняў і абвінавачаньняў: недаглядзелі, краіна вінаватая, «сытуацыя», «затравілі беларускамоўную», «асяродзьдзе» і падобнае. Прыводзяцца статыстычныя зьвесткі, што беларусы ледзь не чэмпіёны сьвету ў колькасьці суіцыдаў. Кажуць, «ня трэба рабіць зь яе няшчасную». Праз пару дзён адбудуцца выбары і ў топ падымуцца іншыя навіны. І крокаў прадухіленьня самагубстваў ніхто не прапаноўвае.

Сапраўды, няшчасную зь дзяўчынкі рабіць няма сэнсу. Няшчаснымі яна зрабіла чытальнікаў навін, але найперш сваіх родных. Якім цяпер з гэтым жыць і якія часта не разумеюць, што праблемы з псыхікай, калі іх не лячыць, зьяўляюцца такімі ж сьмяротнымі хваробамі, як рак ці ВІЧ. Аднак у выпадку апошніх чалавека самога аж падкідвае й нясе да дактароў. Зьвяртацца ж да псыхааналітыкаў па-ранейшаму лічыцца дурным тонам і праявай слабасьці.

Даросламу лёгка выказвацца і раіць нешта постфактум. Але ў 15 гадоў чалавек проста ня мае скуры – асабліва калі чытае сур’ёзныя кніжкі і задумваецца пра важныя рэчы. Калі абтрасаецца флёр дзяцінства, кожнае зацямненьне на бясхмарным небе выглядае прадвесьцем катастрофы. Назад у празрыстасьць дарогі няма, наперадзе – невядомая, часта вельмі жорсткая рэчаіснасьць, абцяжараная процьмай пастак, дробных і буйных сьвінстваў, якія чамусьці так моцна адцяняюць усё больш-менш пазытыўнае, што дзеецца ў паўсядзённасьці: сьвітанак, восеньскі лістапад, наагул – увесь рух жыцьця. Калі табе пятнаццаць, ты па-ранейшаму, здаецца, стаіш у цэнтры сусьвету, але адчуваеш сябе судзьдзёй на працэсе Галілея: трэба мяняць усю сыстэму. Прыстасоўвацца. Пагаджацца з правіламі гульні – ведаючы ад пачатку, што казіно заўсёды ў выйгрышы.

Так, менавіта ў падлеткавым узросьце якраз і пачынаеш усьведамляць, што ўласнае тваё існаваньне вісіць на валаску. Плюсуйце сюды вострую ўспрымальнасьць – і да суіцыдальнага характару застанецца два крокі. Кошкі-мышкі з таямнічым нябытам, які яшчэ й вабіць загадкавасьцю.

На жаль, як сьведчыць крымінальная хроніка, псыхоляг, як і раней, бадзяецца недзе на маргінэсе «сацыяльнага забесьпячэньня насельніцтва». Уся ўлада аддаецца бацькам і сябрам, якія чаго толькі ня робяць: і на дыскатэку цягнуць, і штаны новыя купяць. Падтрымліваюць, як могуць, карацей. Хоць чалавеку, які ў думках заступіў за рысу, усё гэта глыбока фіялетава. Яму якраз патрэбны спэцыяліст; незнаёмец, хто даў бы зразумець: твой выпадак не ўнікальны. Выйсьце ёсьць. Адказы на пытаньні ёсьць. Жыцьцё – цуд.

Як пісаў Міхась Стральцоў, «стаяў і я на гэтай кручы». Каля таго самага вакна. І каб не своечасовыя размовы з прафэсіяналамі й шчасьлівы зьбег абставінаў (які, можа, і ня варта называць выпадковасьцю), хто ведае, што б там было далей.

Ясна адно: вось на гэтай «зьмене парадыгмаў» школьнікаў і студэнтаў павінен, проста абавязаны падпільноўваць вопытны псыхоляг. Ня проста разносіць па клясах тэсты з рознымі колерамі й фігуркамі, а сапраўды ўважліва сачыць, распытваць настаўнікаў і выкладчыкаў. Павінен выпрацоўвацца антыдот на страх перад гэтай прафэсіяй, бо пакуль што яна рэпутацыйна боўтаецца недзе паміж уролягам і нарколягам. Сыстэма паляпвае сябе па пузе, не разумеючы, што на шалях знаходзіцца чыёсьці жыцьцё.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG