Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінск/Менск – глябалізацыя нам дапаможа


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Гэтыя «выбары Аляксандра Рыгоравіча Прэзыдэнта», як жартуе мой прыяцель, маюць прынцыповую адметнасьць ад папярэдніх. Людзі зьмяніліся.

Дакладней, адны зусім не зьмяніліся, а іншыя вельмі моцна. І разрыў паміж дзьвюма групамі толькі набірае хаду.

Леонид Канфер, журналіст, мянчук, які ўпершыню за пятнаццаць гадоў пабываў на радзіме:

– Прыехаў у Менск, і адчуў – Эўропа. Так, і калгас-саўгас у выглядзе кірмашоў і скамарохаў, саўковая сацыяльная рэкляма. Але цэнтар ужо іншы. Ёсьць вулачкі бяз пафасу з утульнымі кветкавымі вэрандамі. Пабы, кавяранькі, клюбы. А галоўнае – людзі. Моладзь інтэлігентная, з айпадамі, айфонамі, без агрэсіі, без быдляцтва і жлобства. Усьмешлівая такая.

У іншым абмеркаваньні Кацярына Барушка:

– Вось толькі што казала замежным журналістам, як Беларусь зьмяняецца, і як гэта бачна па тым, як кавярні пераўтвараюцца зь месцаў, дзе пажэрці, у месцы, дзе пагаварыць. І хай іх дзесяць на ўвесь Менск, гэта і так у дзесяць разоў больш чым пяць гадоў таму).

Гаворка толькі пра цэнтар Менску, і тое, пра асобныя кавалкі, пра месцы, якія трэба ведаць. Але гаворка і пра тэндэнцыю. А тэндэнцыя, на мой погляд, такая, што ў Беларусі ўсё болей і болей людзей робяцца незалежнымі ад дзяржавы. Інтэрнэт і візы даюць магчымасьць зарабляць зь якога заўгодна месца ў фірме якой заўгодна краіны. Праўда, і занятак сабе трэба абіраць адпаведны.

Гэта «Мінск/Менск» Лявона Вольскага, у якім «Менск» ужо не фантазійнае месца ўцёкаў ад непрывабнай рэальнасьці «Мінску». «Менск» у «Мінску» ўсё пашыраецца.

А «Мінск» жыве рэфлекторна, як курыца, якой ужо адсеклі галаву, а яна ўсё бегае па двары. Мілітарысцкая рыторыка і эстэтыка ў школах і на дзяржаўных прадпрыемствах, савецкая ўраўнілаўка ў заробках, запужваньне рэпрэсіямі, «не высоўвайся» і да таго падобныя прыёмы спрэсоўваньня людзей у безаблічную масу. Усё гэта даўно ня мае сэнсу ў аддаленай пэрспэктыве. «Мінск» – для тых, хто дажывае свой век.

А вось калі настаўніца ў росквіце працаздольнага ўзросту ня ўмее карыстацца інтэрнэтам... Гэта значыць, што яна ўжо дажывае свой век у сацыяльным пляне. Разам з удзелам у фальшаваньні выбараў у складзе выбарчай камісіі, і агітаваньнем дзяцей уступіць у піянэры.

«Мінск» усё яшчэ займае амаль усю тэрыторыю краіны.

Yura Matsiyun скептык:

– Як па вашаму, калі ў Менску падвышаецца пагалоўе хіпстэраў і «утульных» кабакоў, дзе яны прас…раюць грошы, а ў маленькіх мястэчках людзі ходзяць ў «Эўраопт» толькі таму, што там даюць зьніжку 1%, а дактары накіроўваюць цяжарных у абласныя цэнтры, бо тупа няма лекаў і рук, каб якасна прыняць роды – гэта азначае рух у бок Эўропы? Як па мне, гэта рух у бок Расеі, зь яе лёзунгам «Масква – не Расея, а Расея – не Масква».

Ненармальная цэнтралізацыя Беларусі сталася штучнай, калі Менск зрабілі рамонтнай базай другога эшалёну абароны СССР на заходнім кірунку. Для выпраўленьня сытуацыі спатрэбіцца не адно дзесяцігодзьдзе. Таму, на мой погляд, усе прынцыповыя зьмены ў Беларусі прыйдуць з цэнтру Менску. Ад такіх нялюбых Yura Matsiyun «хіпстэраў», свабодных ад дзяржавы людзей.

Глябалізацыя ня толькі сьцірае адметнасьці людзей на зямлі. Яна парадаксальным чынам дапамагае беларусам выбірацца з багны савецкай аднастайнасьці, дае больш свабоды асобы.

«Мінск» трымаецца на дубінках і БТРах міліцэйскага спэцназу. Сэнс існаваньня «Мінску» – абслугоўваць адну беларускую сям'ю. «Менск» сваім існаваньнем спрыяе разбурэньню «Мінску», які вымушаны зьмяняцца – бо час такі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG