Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску абмеркавалі мясцовыя выбары і разьмінаваньне на Данбасе


Пасол Марцін Сайдзік на перамовах у Менску. 8.09.2015

Пасол Марцін Сайдзік на перамовах у Менску. 8.09.2015

Завяршыліся чарговыя перамовы Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе.

Прадстаўнікі Ўкраіны, Расеі, АБСЭ, а таксама непрызнаных «ДНР» і «ЛНР» абмяркоўвалі вынікі саміту «нармандзкай чацьвёркі» 2 кастрычніка, і ў прыватнасьці дамоўленасьці наконт правядзеньня мясцовых выбараў на Данбасе.

У цэлым атмасфэра на перамовах стала не такой напружанай пасьля таго як тыдзень таму ў Менску было падпісанае пагадненьне аб адводзе зброі ад лініі судакрананьня ў Данбасе, а таксама як сёньня выявіўся пэўны прагрэс у пытаньні мясцовых выбараў на Данбасе.

Прадстаўнік АБСЭ ў групе пасол Марцін Сайдзік па выніках перамоваў ад імя ўсіх удзельнікаў групы выказаў падзяку прэзыдэнтам Украіны, Францыі, Расеі і канцлерцы Нямеччыны за «пазыўныя вынікі» саміту ў Парыжы і сказаў, што група далей будзе імі кіравацца.

Сёньня на парадку дня пасяджэньня падгрупы па пытаньнях бясьпекі паўстала пытаньне аб разьмінаваньні на Данбасе. Паводле спадара Сайдзіка, на гэты конт бакі павінны падпісаць асобнае рамачнае пагадненьне.

«Мы лічым, што тэма разьмінавання вельмі важная. У кантэксьце адзінага рамачнага пагадненьня ўдзельнікі таксама плянуюць перагледзець раней абумоўлены плян узаемнага адводу ўзбраеньняў з Шырокіна», — сказаў спадар Сайдзік.

Эканамічная падгрупа абмяркоўвала пытаньне аб забесьпячэньні насельніцтва Данбасу вадой, электраэнэргіяй і сацыяльнымі выплатамі.

Гуманітарная група ў сваю чаргу абмяркоўвала пытаньне канчатковага абмену палоннымі і, па словах спадара Сайдзіка, ёсьць надзея на іх хуткае вызваленьне.

Сёньня ў Менску прадстаўнікі «ДНР» і «ЛНР» абвясьцілі аб пераносе раней абвешчаных імі мясцовых выбараў на 2016 год. Гэта пэўны кампраміс, можна сказаць, саступкі «ДНР» і «ЛНР», зробленыя імі пасьля Парыскага саміту 2 кастрычніка.

У заяве прадстаўнікоў «ДНР» і «ЛНР» Дзяніса Пушыліна і Ўладзіслава Дэйнэгі гаворыцца, што выбары перанесеныя на наступны год, а замест гэтага яны хочуць, каб Украіна дала Данбасу асаблівы статус, увяла амністыю баевікам і прыняла папраўкі ў Канстытуцыю ў новай, узгодненай зь імі рэдакцыі.

Марцін Сайдзік заявіў, што цяпер палітычная падгрупа сканцэнтруецца на распрацоўцы асаблівага закону аб мясцовых выбарах, у адпаведнасьці з вынікамі сустрэчы прэзыдэнтаў у Парыжы:

«Наяўнасьць такога закону дазволіла б правесьці выбары ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей у поўнай адпаведнасьці зь менскімі пагадненьнямі».

Украінскі бок афіцыйна вітаў заяву прадстаўнікоў асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей аб адмене іх выбараў, — заявіла Дар’я Аліфер, прэсавая сакратарка Леаніда Кучмы.

Разам з тым украінская дэлегацыя заявіла, што для вяртаньня ў прававое поле неабходна адмяніць вынікі выбараў у акупаваных частках Данбасу ад 2 лістапада 2014 году.

Украінскі бок таксама лічыць галоўнай умовай для правядзеньня выбараў на Данбасе вывад акупацыйных войскаў і складаньне зброі мясцовымі баевікамі. Такім чынам бакі выказалі свае патрабаваньні, і дыскусія вакол іх працягваецца.

XS
SM
MD
LG