Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дубноў: Лукашэнка цудоўна вытрымаў паўзу


Вадзім Дубноў
Вадзім Дубноў

Мы пацікавіліся ў расейскага палітычнага аглядальніка Вадзіма Дубнова што азначае заява Аляксандра Лукашэнкі пра адмову ад стварэньня ў Беларусі расейскай авіябазы і да якіх наступстваў гэта можа прывесьці.

Вадзім Дубноў: Гэта азначае, што Аляксандар Рыгоравіч дасканала засвоіў майстэрства паўзы. Ён яе цудоўна вытрымаў. Наагул было цалкам чакана, што ён зробіць нешта ў гэтым духу. Ён выканаў гэты нумар проста цудоўна, дачакаўшыся і трыюмфу ў Расеі, і неспакою апазыцыі, і нагнятаньня жарсьцяў палітолягамі з усіх бакоў, але гэта не азначае падвядзеньня нейкай канчатковай рысы пад гэтым пытаньнем.

Дакладна гэтаксама праз тыдзень Аляксандар Рыгоравіч зробіць новы рэвэранс, які ў Маскве палічаць абнадзейвальным, тэма зноў будзе жыць, як жылі аналягічныя тэмы — напрыклад, пра продаж заводаў Расеі — Аляксандар Рыгоравіч зробіць гэтую тэму доўгаграючай, інтрыгуючай, і мячык будзе скакаць з боку ў бок на радасьць усім назіральнікам.

РС: У сытуацыі, калі Расея махае шашкай і ў Данбасе, і ў Сырыі — ці можа Масква ўжыць у дачыненьні да Лукашэнкі строгія меры, бо ён у пэўным сэнсе пасадзіў у галёшу крамлёўскае кіраўніцтва. Расейцы ў гэтай сытуацыі выглядаюць дурнямі, чаго ніхто ня любіць, а яны асабліва.

ВД: Яны сапраўды выглядаюць трошкі дзіўна, але нічога асаблівага ў тым становішчы, у якім яны апынуліся, насамрэч няма. І я ня думаю, што адказ Аляксандра Рыгоравіча некага моцна зьдзівіў. Я ня думаю, што Лукашэнка нешта сур’ёзна і канчаткова абяцаў, а калі нават і абяцаў, то цану гэтаму абяцаньню ў Маскве цудоўна ведалі. Таму я думаю, што ў Крамлі цалкам разьлічвалі на такі адказ — але ж ня першы раз Аляксандру Рыгоравічу такое дазваляюць.

З аднаго боку, вядома, тэарэтычна ёсьць небясьпека. Ёсьць сындром Крыму, пасьля якога ўжо нічога нельга назваць немагчымым. І, вядома, Аляксандар Рыгоравіч хвалюецца і, магчыма, прымярае на сябе зьяўленьне «ветлівых людзей» па пэрымэтры ўсіх сваіх межаў.

Але з другога боку мне здаецца, што якраз сырыйская эпапэя стала альтэрнатывай трывожным чаканьням. Некаторыя — ня толькі панікёры — чакалі, што нешта можа здарыцца ў Прыднястроўі, або ў Балтыі, або ў той самай Беларусі. Цяпер пашырэньне расейскай «значнасьці» на Сырыю стварыла пэўную «паўзу бясьпекі» ўсім, хто баяўся ўчора.

У гэтым сэнсе я думаю, што цяпер Лукашэнка будзе менш баяцца нечага рэзкага. Ня думаю, што гэта зьвязана з гэтым «уздыхам палёгкі», які ён можа сабе дазволіць. Тым ня менш гэта цалкам стандартнае мерапрыемства ў духу Лукашэнкі, і было б дзіўна, калі б цяпер, калі ён пачаў вылічваць свой нейкі чарговы балянс, каб ён так рэзка пайшоў на стварэньне авіябазы. Гэта было ад самага пачатку вельмі падазрона.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG