Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: У першы дзень галасуюць міліцыянты, мытнікі, памежнікі і пэнсіянэры


У першы дзень датэрміновага галасаваньня ў Горадні на выбарчых участках пераважна галасуюць мужчыны сярэдняга веку і пэнсіянэры. А назіральніцу ад БХК абразілі.

Першае, што кідаецца ў вочы на сёлетніх выбарах, — добразычлівасьць сябраў камісіі. Пра ўсё можна запытацца, усё сфатаграфаваць, нават пасядзець і пачакаць. Міліцыянты на кожным участку не падыходзяць і не цікавяцца — якое СМІ прадстаўляеш і што наагул тут робіш.

Пра высокую яўку пакуль казаць не выпадае. Відаць, што часьцей прыходзяць людзі сярэдняга веку, пераважна мужчыны. Але большасьць іх з прэсай гаварыць адмаўляюцца — нават безь мікрафона.

Назіральнік ад БХК Раман Юргель, спатканы на выбарчым участку, пацьвярджае, што сёньня пераважна ідуць галасаваць людзі сярэдняга веку, яўна тыя, хто працуе на дзяржаўнай службе. Яўка, паводле яго, ніжэйшая, чым у мінулыя гады. Вось як ён характарызуе тых, хто сёньня ідзе галасаваць:

— Ідуць міліцыянты, мытнікі, памежнікі, бабулі і дзядулі.

Юргель кажа, што раён новы і тут сапраўды шмат службоўцаў маюць кватэры.

Назіральнік ад БХК Раман Юргель
Назіральнік ад БХК Раман Юргель

Сталыя людзі і жанчыны часьцей распавядаюць, чаму прыйшлі галасаваць датэрмінова. Вось што звычайна кажуць людзі сталага веку:

— Я прыйшла датэрмінова галасаваць, бо мае дзеці жывуць у Літве і павінны на выходныя прыехаць. Я сама са Сьвіслачы і маю там хату, мы маем паехаць яе прадаць, бо я ўжо шэсьць гадоў тут жыву ў сына.

— А ў мяне ногі хворыя, а я сюды прывожу ўнукаў і за адным разам і прагаласую, паколькі мы жывём у другім раёне, дык каб болей лішні раз не хадзіць. Я ўжо стамілася, уся мокрая, ногі баляць.

А вось маладая жанчына пагадзілася пагутарыць. Кажа, што прыйшла на датэрміновае галасаваньне з чыста практычных прычынаў.

— У выходныя, як правіла, у нас лецішча альбо вёска. Калі будзе добрае надвор’е, мы зь дзецьмі выяжджаем з гораду. У мяне чацьвёра дзяцей і на ўсё не хапае часу, то хоць выходнымі больш зь імі пабыць.

Назіральнік Раман Юргель кажа, што раніцай на адным з участкаў здарыўся прыкры інцыдэнт — назіральніцу ад БХК не дапусьцілі ў памяшканьне, дзе апячатвалі урну для галасаваньня. Больш за тое, старшыня камісіі паставілася да яе абразьліва.

— Старшыня камісіі сказала ёй: а што, вы ад Мюнхэнскага камітэту назіраеце? Так, так менавіта — ад Мюнхэнскага. І колькі вам за гэта плацяць і ў якой валюце?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG