Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаворкі пра тое, каб разьмясьціць расейскую авіябазу на тэрыторыі Беларусі, ніколі не вялося.

Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, наведваючы новы ўчастак другой менскай кальцавой аўтадарогі.

«Я назіраю апошнім часам крыкі нашай апазыцыі наконт разьмяшчэньня расейскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі. Я нічога пра гэта ня ведаю. Чалавек, які павінен прымаць гэтае рашэньне, — я пра гэта нічога ня ведаю.

Нам ня трэба база сёньня. Тым больш вайскова-паветраныя сілы. Нам патрэбныя пэўныя ўзбраеньні. Пра што я публічна таксама гаварыў Пуціну і раней Мядзьведзеву», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь знаходзіцца ў саюзе з Расейскай Фэдэрацыяй:

«У нас ёсьць адказнасьць, і ў Расеі, і ў Беларусі. Мы заключылі пагадненьне — яны адказваюць разам з намі за заходні кірунак. Фактычна мы не ў адзіночку супраць НАТО тут стаім, разам з Расейскай Фэдэрацыяй. У нас ёсьць канкрэтны плян нават на выпадак вайны, як трэба дзейнічаць. Натуральна, мы яго не апублікуем, гэта абсалютна сакрэтны плян, але на гэтым напрамку галоўная сіла — гэта беларуская армія. Калі канфлікт — то Расея пачынае нас падтрымліваць адпаведнымі людзкімі рэсурсамі, вызначаны канкрэтныя арміі, самалёты, верталёты і так далей. На выпадак канфлікту.

Нам патрэбныя самалёты, а ня базы сёньня. У нас выдатныя лётчыкі, у нас добрая школа лётчыкаў вайсковых, цывільных. І навошта мне ствараць базу? Навошта мне сёньня завозіць сюды самалёты і лётчыкаў іншых дзяржаў? А свае што будуць рабіць?

Навошта мне сёньня завозіць сюды самалёты і лётчыкаў іншых дзяржаў? А свае што будуць рабіць?

Нам патрэбныя ўзбраеньні для таго, каб быць больш забясьпечанымі ў пляне абароны рубяжоў Беларусі і Расеі. Мы нікуды не зьбіраемся ехаць ваяваць, і я пра гэта казаў.

У мяне наконт гэтага ні з кім не было размовы. Проста мяне зьдзіўляе і нават у нейкай ступені абурае і крыўдзіць: навошта гэта было расейцам сёньня ўкідваць у сродкі масавай інфармацыі? Можа, непакояцца, што мы сапраўды на Захад сыходзім, каб падкінуць гэтую тэму, каб Захад пачаў у нас пытацца або сумнявацца ў тым, што мы зь імі хочам нармалізацыі адносін?» — цытуе БелТА Лукашэнку. Кіраўнік дзяржавы таксама папярэдзіў, што «будуць рознага роду правакацыі, зь любога боку»:

«Будзьце вельмі акуратныя. Не расслабляйцеся».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG