Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра адносіны з Захадам: Мы гатовыя вучыцца


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка бачыць пазытыў у адносінах Беларусі з Захадам.

Ён сказаў, што ў час ягонага нядаўняга візыту ў ЗША ў Нью-Ёрку адбыліся сустрэчы з кіраўнікамі іншых дзяржаў, міністар замежных спраў Беларусі сустракаўся з шэрагам службовых асобаў:

«Мы бачым пазытыў у гэтым. Але зноў жа, кагосьці там, на Ўсходзе, яшчэ недзе турбуе, што вось беларусы там ледзьве ня нейкі паварот са сваёй зьнешняй палітыкай зьдзяйсьняюць. Ды ніякага павароту, развароту мы не зьдзяйсьняем. У нас ёсьць дзяржава, нашы інтарэсы толькі тут: ні ў Сырыі, ні ў Іране — нідзе няма нашых інтарэсаў. Мы ні на што не прэтэндуем і просім паважаць наш выбар».

Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі 6 кастрычніка, наведваючы новы ўчастак другой менскай кальцавой аўтадарогі.

«Ня я, а вы малайцы. Той час, калі супраць нас абрынулі санкцыі, з-за чаго цяпер ліхаманіць Расею, — мы вытрымалі гэты пэрыяд. Але мы ня сталі віляць, як нас некаторыя папракаюць, мы ня сталі адыходзіць ад нашага традыцыйнага курсу, якога мы прытрымліваліся, каб быць сувэрэннай, незалежнай дзяржавай.

Выступаючы ў ААН, прэзыдэнт ЗША на прыкладзе Кубы прызнаў, што, канечне, мы таксама на памылках вучымся, мы ўбачылі, што санкцыі супраць Кубы нічога не даюць, і мы пайшлі на іх адмену, чытай, зь Беларусьсю тое ж самае. Яны ўбачылі, што мы выстаялі, вытрымалі і неяк разьвіваліся. Мы стварылі ў цэнтры Эўропы няхай не супэрбагатую, але годную краіну», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле Лукашэнкі, для нармалізацыі адносін патрэбен быў нейкі штуршок:

«І вось мяне крытыкуюць ці з жалем кажуць, што Лукашэнку дапамог крызіс ва Ўкраіне і г.д. Ён мне не дапамог. Гэта для мяне боль, як і для многіх украінцаў, і для тых людзей, у якіх там жывуць сваякі. Але ўкраінскі крызіс паказаў, наколькі кволы сьвет, і калі так праз калена ўсё ламаць, глядзіш — і Беларусь успыхне. А ня хочацца. Гэта цэнтар Эўропы. І раптам усе працьверазелі. І вось гэты ўкраінскі крызіс і тыя праблемы, якія цяпер мы перажываем, сталіся, як я разумею, нейкім штуршком, каб пайсьці насустрач Беларусі і прызнаць памылковасьць санкцыяў.

У нас свае нацыянальныя інтарэсы, якімі мы не паступаліся нават у цяжкія часы

Мы ня супраць. Калі ласка, давайце будзем размаўляць. У нас ёсьць свая дзяржава, у нас свае нацыянальныя інтарэсы, якімі мы не паступаліся нават у цяжкія часы. І мы не зьбіраемся ад іх адыходзіць».

Лукашэнка адзначыў, што на сустрэчах зь лідэрамі іншых дзяржаў наўпрост кажа, што наша краіна — добры вучань:

«Мы крыху больш за 20 гадоў жывем як сувэрэнная, незалежная дзяржава. Мы гатовыя вучыцца. Але калі вы нас будзеце ў сьпіну ўвесь час штурхаць — нічога ня выйдзе.

Мы будзем стойка прытрымлівацца свайго курсу, бо нам жа трэба зазямліцца на гэтай плянэце як сувэрэннай незалежнай дзяржаве, каб больш нікому не хацелася ў наш бок глядзець, паціраць рукі і думаць, што заўтра мы яе, гэтую дзяржаву, разьдзярбанім, як Украіну, і падзелім на кавалкі або цалкам куды-небудзь уключым. Мы сувэрэнная незалежная дзяржава. Мы без усялякіх амбіцыяў выбудоўваем нашы адносіны з суседзямі, і ніводзін сусед ня скажа, што мы яму ствараем нейкія праблемы. Але і свайго кавалка зямлі мы не аддамо», — цытуе Лукашэнку БелТА.

На адной апоры монапалярны сьвет няўстойлівы, ён у любы момант абрынецца. Трэба дадатковая апора. Такой дадатковай апорай быў Савецкі Саюз

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на гэтай аснове, зыходзячы з гэтых прынцыпаў, вядзе перамовы зь лідэрамі іншых дзяржаў, і «яны праходзяць пасьпяхова». Маўляў, у першую чаргу ўпор у перамовах робіцца на гандлёва-эканамічныя адносіны.

Пачаўся перадзел сьвету

«Моцныя гэтага сьвету спрабуюць перадзяліць сьвет», — заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

«Тая краіна, якая сёньня манапольна валодае ўсім сьветам, яна самая магутная і ў эканоміцы, і ў ваенным дачыненьні хоча ўтрымаць сьвет такім, які ён ёсьць, не дапусьціць шматпалярнасьці. І разгарнулася барацьба».

Паводле Лукашэнкі, пачалося ўсё са спробы выбудаваць шматпалярны сьвет. Кіраўнік краіны падкрэсьліў, што Беларусь — прыхільніца шматпалярнага сьвету. Ён адзначыў, што даўно казаў пра тое, што ня будзе стабільнасьці, калі сьвет ня будзе абапірацца на некалькі апор:

«Таму што на адной апоры монапалярны сьвет няўстойлівы, ён у любы момант абрынецца. Трэба дадатковая апора. Такой дадатковай апорай быў Савецкі Саюз, ён супрацьстаяў Злучаным Штатам, і яны ўраўнаважвалі адзін аднаго.

Пачаўся перадзел сьвету, і вось у гэтай сытуацыі нам трэба набрацца мудрасьці і цярпеньня, каб выстаяць. Нам трэба ўтрымаць краіну, захаваць».

Няма чаго сьцягваць усіх у Менск

Таксама Лукашэнка выказаўся супраць ушчыльненьня Менску. Ён кажа, што трэба будаваць больш жыльля і інфраструктуры за кальцавой:

«Ня трэба занадта ўшчыльняцца ў Менску — насельніцтва ўжо пачынае крыўдзіцца. За кальцавой дарогай (у раёне Заслаўя, Радашкавічаў, Жодзіна, Смалявічаў, Рудзенску, Фаніпаля, Дзяржынску) — мора месцаў, дзе можна будаваць жыльлё і іншыя аб’екты».

Лукашэнка яшчэ раз падкрэсьліў, што жыльлё ў сталіцы трэба будаваць па мінімуме:

«Няма чаго сьцягваць усіх у Менск. Сёньня тут жыве амаль два мільёны, пятая частка насельніцтва. Калі яшчэ падцягнем, будзе як у Маскве — не разгарнуцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG