Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзьмітрыя Лукашэвіча, які зьбіў гея, выпусьцілі па амністыі


Дзьмітры Лукашэвіч

Дзьмітры Лукашэвіч

Былы настаўнік фізкультуры Дзьмітры Лукашэвіч, які моцна зьбіў Міхаіла Пішчэўскага, выйшаў на волю з калёніі 20 жніўня па амністыі.

Пра гэта паведаміла праваабаронца Тацяна Равяка.

«Кошт чалавечага жыцьця — 11 месяцаў пазбаўленьня волі.

Міхаіл да гэтага часу ў бальніцы ў нерухомым стане.Такія справы проста зьнішчаюць веру ў справядлівасьць суда і давер да правасудзьдзя», — напісала Тацяна Равяка.

16 кастрычніка Лукашэвіч быў асуджаны на 2 гады і 8 месяцаў пазбаўленьня волі за хуліганства і прычыненьне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў Міхаілу Пішчэўскаму. Міхаіл Пішчэўскі, які пасьля ўдару галавой аб бэтон перанёс апэрацыю па выдаленьні часткі мозгу, дагэтуль ляжыць у шпіталі.

Канфлікт здарыўся каля менскай кавярні «Андэрволд», дзе 25 траўня 2014 году зьбіраліся асобы нетрадыцыйнай арыентацыі, сярод якіх быў і Міхаіл Пішчэўскі.

Міхаіл Пішчэўскі

Міхаіл Пішчэўскі

Позна ўвечары ён выходзіў з кавярні сьледам за двума сябрамі, на адрас якіх жыхар гэтага раёну Дзьмітры Лукашэвіч выказаўся абразьліва. «Хто тут п......ы?», — пасьпеў спытаць Міхаіл Пішчэўскі былога настаўніка фізкультуры, баксёра Дзьмітрыя Лукашэвіча, і адразу атрымаў ад яго моцны ўдар у твар, пасьля чаго паваліўся і страціў прытомнасьць. Цэнтральны раённы суд, спачатку ў адным складзе, потым у іншым, калі справа пераглядалася, так і не прызнаў, што Лукашэвіч ударыў Пішчэўскага з прычыны нянавісьці да геяў. Паводле суду, усё адбылося празь неасьцярожнасьць Лукашэвіча. Не зьмянілі і тэрмін пакараньня.

Вінаваты ў нанясеньні траўмы Міхаілу Пішчэўскаму Дзьмітры Лукашэвіч адбываў тэрмін у турме № 8 у Жодзіне. На судзе Дзьмітры Лукашэвіч прасіў прабачэньня ў сваякоў Міхаіла Пішчэўскага за тое, што зь ім зрабіў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG