Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля таго як на ўчастак прыйшоў карэспандэнт Свабоды, назіральнікам дазволілі карыстацца мабільнікамі


Belarus - Early voting at Students Village in Minsk, 6Oct2015

Belarus - Early voting at Students Village in Minsk, 6Oct2015

З 10 гадзіны раніцы 6 кастрычніка ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне на выбарах прэзыдэнта краіны.

Паводле інфармацыі назіральнікаў ад АГП, на двух участках у Менску назіральнікам не дазволілі карыстацца мабільнымі тэлефонамі, а таксама не забясьпечылі ім месца для назіраньня ў пакоі для галасаваньня. Гэта адбылося на 19 участку на праспэкце Пераможцаў і 22-м выбарчым ўчастку на вуліцы Калініна.

Карэспандэнт Свабоды за паўгадзіны да перапынку на абед наведаў 55-ю гімназію, дзе разьмясьціўся 22-гі выбарчы ўчастак. Старшыня выбарчай камісіі Ігар Яўкін яшчэ з двума сябрамі камісіі, мужчынамі сярэдніх гадоў, спраўдзілі журналісцкае пасьведчаньне і пашпарт. Фатаграфавацца старшыня і сябры камісіі адмаўляюцца, а на пытаньне, як ідзе галасаваньне, дружна адказваюць: «Добра». Назіральнік ад партыі «Справядлівы сьвет» Кірыл Гарбуноў называе лічбу яўкі — 14 чалавек прагаласавала з 10-й раніцы.

Галасаваньне праходзіць у пакойчыку памерам 4 на 4 мэтры. Два назіральнікі сядзяць за асобным сталом, ад якога да кабінкі для галасаваньня ўсяго некалькі крокаў. За імі, каля ўваходу, яшчэ два крэслы для назіральнікаў. Каля акна прытулілася непразрыстая скрыня. Даволі цесна. Ці сапраўды на пачатку галасаваньня ў назіральнікаў не было прыдатных умоваў для працы? Назіральніца ад АГП Аксана Аляксеева кажа, што спачатку не было стала і крэслаў для назіральнікаў, але потым мэблю паставілі. Чаму не адразу?

«Ня ведаю. У іх заяўлена для назіраньня 17 чалавек. Не ўяўляю, дзе б іх разьмясьцілі, калі б усе зьявіліся», — кажа Аксана.

Назіральнікі Ганна Ганчарова, Кірыл Гарбуноў і Аксана Аляксеева

Назіральнікі Ганна Ганчарова, Кірыл Гарбуноў і Аксана Аляксеева

Паводле назіральніцы, праблема пакуль адзіная — не дазваляюць карыстацца мабільнікамі, у тым ліку каб праглядаць інтэрнэт і рабіць фота.

Аднак карэспандэнту Свабоды старшыня камісіі карыстацца тэлефонам дазваляе.

«Вось якраз калі вы прыйшлі, вырашалася, ці дазволіць нам карыстацца мабільнікамі. Пакуль нават трымаць у руках нельга. Шкада. Хацела на ваш сайт зайсьці, паглядзець, што пішуць пра выбары», — паскардзілася Аксана Аляксеева.

Паводле Аксаны Аляксеевай, старшыня камісіі Ігар Яўкін тлумачыў забарону тым, што яго і сяброў камісіі назіральнікі без дазволу могуць зьняць на фота ці відэа, а яны катэгарычна супроць. «Я не фотагенічны», — тлумачыў Ігар Ячкін сваё нежаданьне апынуцца на фота.

Тым часам у пакой заходзіць галасаваць 15-ты за дзень выбаршчык — мужчына сталага веку ў швэдры.

«Чаму прыйшоў галасаваць датэрмінова? Бо працую ў нядзелю. Ці не баюся фальшаваньня? Ды якая розьніца, калі фальшаваць. Калі захочуць, напішуць што захочуць. Выбары пройдуць як трэба», — сказаў пазьней у калідоры выбаршчык, але не патлумачыў, задаволены ён гэтым ці не.

За галасаваньнем на 22 участку таксама назірае Ганна Ганчарова з «Чырвонага крыжа». «Да пабачэньня», — разьвітваецца яна па-беларуску.

Праз 10 хвілін пасьля сыходу карэспандэнта з участку Аксане Аляксеевай ды іншым назіральнікам дазволілі карыстацца мабільнымі тэлефонамі. «Відаць, пераканала, што нікога фатаграфаваць ня будзем», — паведаміла Аксана Аляксеева.

Да 14 гадзіны на ўчастку 22 прагаласавала 16 чалавек.

XS
SM
MD
LG