Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нам па 18, але галасаваць ня хочацца. Ліцэйскі гурт «NEXTA» запісаў песьню-заклік да байкоту


Ілюстрацыйнае фота (Плошча-2010, акцыя 19 сьнежня 2010 году)

Ілюстрацыйнае фота (Плошча-2010, акцыя 19 сьнежня 2010 году)

Трое выпускнікоў Ліцэю імя Якуба Коласа, якія цяпер навучаюцца ў адным з унівэрсытэтаў Варшавы, запісалі відэа-кавэр на песьню «Выхода нет», якую ў арыгінале выконвае расейскі гурт «Сплин».

У камандзе трое. Адзін з музыкаў — Сьцяпан — кажа, што гурт утварыўся яшчэ ў ліцэйскіх сьценах і граў на вечарынах кавэры, а таксама песьні на беларускай мове, складзеныя ўдзельнікамі «NEXTA».

«Хоць песьня „Выбора нет“ атрымалася на расейскай мове, яна прысьвечаная беларускім выбарам, якія традыцыйна адбываюцца са шматлікімі парушэньнямі і ў якіх ужо больш за 20 гадоў перамагае адзін і той жа кандыдат. Ідэя песьні ў тым, што людзям надакучыла бачыць вакол сябе дыктатуру і тармажэньне разьвіцьця нашай краіны. Хочацца нарэшце жыць у Эўропе», — распавядае Сьцяпан пра сэнс музычнага кліпу «Выбора нет».

«Двадцать лет прошло, но всё тот же портрет на стене

И всё те же ждут автозаки,

Двадцать лет дубинками мочит ОМОН по спине,

Хоть и не доходит до драки»,

— сьпяваюць хлопцы ў кліпе, у якім ня бачна іхніх твараў.

«NEXTA» не плянаваў стартаваць на музычнай арэне з палітычнай песьняй, прызнаецца Сьцяпан:

«Усё адбылося спантанна. Мы запісвалі і зводзілі песьню ў складаных умовах — за некалькі дзён да ад’езду зь Беларусі. Таму, можа, ня ўсё атрымалася на высокім узроўні. Мне проста прыйшла ў галаву аналёгія паміж першымі радкамі сплінаўскага „Выхода нет“ і сытуацыяй у нашай краіне. Астатнія словы напісаў вядомы беларускі паэт, які пажадаў, каб яго імя не называлі ў сувязі з гэтай песьняй».

У канцы кліпа на экране зьяўляецца сымбаль байкоту — BY і каціная пыса:

«У канцы кліпу зьяўляецца заклік да байкоту. Справа ў тым, што ўсім удзельнікам нашага гурту толькі споўнілася 18 год — значыць, можна ісьці галасаваць. Але жаданьня такога няма. Які сэнс прыходзіць на ўчасткі, калі вынік ужо вядомы? Хіба для таго, каб удзельнічаць у фарсе, у клаўнадзе? Мы цяпер зьехалі на вучобу зь Беларусі, каб пасьля вярнуцца ў іншую, свабодную Беларусь», — кажа Сьцяпан.

Сьцяпан расказаў, што для відэашэрагу ў кліпе выкарыстаныя толькі дакумэнтальныя кадры, якія, на думку музыкаў, адлюстроўваюць выбарчы працэс у Беларусі. Гэта і пікеты за Аляксандра Лукашэнку, і Плошча-2010, і выступы прэзыдэнта ды старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай:

«Мы паказалі ў відэа тое, пра што і сьпявалі. Нічога не прыдумалі, усе кадры — з жыцьця Беларусі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG