Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

CNN: Расея, магчыма, рыхтуе наземную апэрацыю ў Сырыі


Расейскі самалёт СУ-24 ў Сырыі.

Расейскі самалёт СУ-24 ў Сырыі.

Тэлеканал піша пра магчымасць расейскай наземнай апэрацыі ў Сырыі, спасылаючыся на ацэнкі Пэнтагона.

У Міністэрстве абароны ЗША не выключаюць падрыхтоўку расейскімі вайскоўцамі наземнай апэрацыі ў Сырыі з мэтай падтрымкі сіл прэзыдэнта гэтай краіны Башара Асада. Пра гэта паведаміла ў панядзелак CNN, спаслаўшыся на двух афіцыйных асоб Пэнтагону.

Паводле іх словаў, апошнія ацэнкі дзеяньняў расейцаў у заходняй частцы Сырыі паказваюць на перасоўваньне наземнага кантынгенту і зброі.

Крыніцы тэлеканалу ўдакладнілі, што ўзбраеньне складаецца з артылерыі і чатырох установак рэактыўных сыстэм залпавага агню БМ-30 «Смерч». Зброя была заўважаная паміж гарадамі Хомс і Ідліб, а таксама на захад ад Ідлібу. У Пэнтагоне мяркуюць, што наземная апэрацыя можа пачацца ў бліжэйшыя дні.

З 30 верасьня Расея праводзіць у Сырыі апэрацыю з выкарыстаньнем ВПС. Крэмль падкрэсьлівае, што Масква надае падтрымку сырыйскай арміі ў барацьбе супраць тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» і іншых экстрэмісцкіх груп.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін адпрэчваў магчымасьць правядзеньня ў Сырыі наземнай апэрацыі. ЗША і яшчэ шэраг краін выказваюць асьцярогі, што расейская авіяцыя наносіць ўдары па атрадах сырыйскіх апалчэнцаў, якія супрацьстаяць Асаду.

XS
SM
MD
LG