Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Псыхоляг пра суіцыд дзяўчынкі: «Гэта 15-гадовы Шапэнгаўэр... Гора ад розуму»


У Менску — чарговы суіцыд: 15-гадовая дзяўчына, навучэнка прэстыжнага Ліцэя БДУ выкінулася з балькона 12-га паверха. Дзяўчына расла ў добрых умовах, у матэрыяльным дастатку. Дашу выхоўвалі маці — лекар-анколяг і бабуля зь дзядулем. Сям’я не лічылася праблемнаю, хоць бацька дзяўчынку не выхоўваў і жыў асобна. У Ліцэі БДУ дзяўчына правучылася толькі месяц, 5 кастрычніка яна павінна была сустрэцца з псыхолягам.

Дзяўчына напісала перадсьмяротную запіску на беларускай мове на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» і выклала відэа ў акаўнце на сайце Instagram, пазначыўшы: «Кідайце мне што-небудзь на сьцяну жалобнае».

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Менску праводзіць праверку па факце сьмерці дзяўчынкі. Высьвятляюцца ўсе абставіны, прычыны, умовы, вызначаецца кола яе кантактаў, у тым ліку і ў сацыяльных сетках. Псыхолягі неахвотна даюць камэнтары, пакуль не вядомыя ўсе акалічнасьці.

Вядучы дзіцячы псыхоляг, выкладчыца Акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, сябра Беларускай асацыяцыі псыхатэрапэўтаў і Расейскай асацыяцыі арт-тэрапэўтаў, на ўмовах ананімнасьці кажа:

«Што да беспраблемнасьці — гэта нашы стэрэатыпы. Так, у дзяўчынкі былі бацькі, у сям’і быў дастатак. Але ёсьць жа праблемнасьць і ў пляне псыхалягічным. Тая ж стомленасьць. Беспраблемнасьць — калі ты адчуваеш ва ўсім сябе добра і камфортна. Але ёсьць маса фактараў, стрэсавых у тым ліку, з-за якіх мы можам адчуваць сябе дрэнна. І таму патрэбная комплексная экспэртыза. Чаму мы ня можам даваць камэнтары — дзясяткі, нават сотні фактараў могуць прывесьці чалавека да такога ўчынку. Цяпер гэтым займаюцца прафэсіяналы.

А запіска — гэта рэакцыя, сэмантычнае абазначэньне нейкага стану. Там ёсьць пэўны экзыстэнцыйны зьмест. Ёй было кепска, яна стамілася, калі пераводзіць гэта ў кантэкст перажываньняў падлетка: „Я бачу тое, што адлюстроўвае мае перажываньні, у першую чаргу. Я заяўляю пра тое, што я перажываю“.

Ну, а што да беларускай мовы, на якой дзяўчына напісала запіску, — гэта азначае, што гэта была яе мова, мова яе перажываньняў. Ёсьць дзеці, якія разьвітальныя запіскі пішуць па-ангельску. Для некаторых гэта іхняя мова, таму што яны слухаюць музыку, перакладаюць вершы, лічаць, што так паўнавартасьней выказацца. А гэтая дзяўчына па-беларуску выказалася. Але важнейшы за мову — зьмест запіскі».

Калі казаць пра беларускамоўных, тут ёсьць імавернасьць, што хтосьці ўвогуле вельмі катастрафічна ўспрымае тое, што адбываецца

Дзіцячы псыхоляг Сьвятлана Дзядова падкрэсьлівае, што псыхіка падлеткаў — вельмі тонкая, кранальная, тынэйджэры ўсё ўспрымаюць больш абвострана:

«Тут цяжка камэнтаваць, што паўплывала на дзяўчынку, што стала апошняй кропляй. Маглі быць праблемы ў сям’і, умовы жыцьця ў сям’і, магло быць прынцыповае ўспрыманьне сям’і і ўвогуле жыцьця. Калі казаць пра беларускамоўных, тут ёсьць імавернасьць, што хтосьці ўвогуле вельмі катастрафічна ўспрымае тое, што адбываецца.

А для таго, каб жыць і выжываць, мы павінны навучыцца быць адаптыўнымі, нягледзячы на тое, што хочацца штосьці зьмяніць. Але калі чалавек не навучыцца адаптавацца да ўмоў, то ствараецца сытуацыя: „Навошта жыць?“ Але я не магу пэўна сказаць, што гэта тычыцца гэтай дзяўчыны. Цяжка сказаць, ці гэта зьвязана зь ліцэем, ці гэта зьвязана зь нешчасьлівым каханьнем, ці шмат чаго зьбеглася — тут можа быць шмат чыньнікаў.

Я магу толькі сказаць, што дарослым трэба быць вельмі асьцярожнымі з падлеткамі. Чалавек выжыве, калі ён навучыцца адаптавацца да ўмоваў. Калі ў яго атрымліваецца, ён штосьці мяняе ў гэтых умовах, а калі не атрымліваецца, трэба навучыцца з гэтым жыць. Інакш могуць здарацца такія трагедыі».

У перадсьмяротнай запісцы за некалькі хвілін да трагедыі Даша напісала:

«Людзi, бывае, памiраюць/гiнуць/забiваюцца. Мне проста цяжка жыць у гэтай сiстэме сябе. Я ведаю, што яна парушыцца. Не сёння, дык заўтра, праз тыдзень, месяц, тысячагоддзе. Калi Вы не ўпэўнены, што можаце даць дзiцёнку адэкватныя ўмовы жыцця, то зрабiце аборт. Я радая, што сыходжу зараз. Я не настолькi старая. Старая, канечне. Але ж мне не 80, што вельмi добра. Я шмат чаго не паспела, але хiба можна ў жыццi усё паспець? Недасказанасць — яго сутнасць. Смерць — вельмi важная рэч. Я не хачу прыдумляць або разумець прычыну. Я нешчаслiвая. Гэтага мне дастаткова. Вы не зможаце любiць мяне вечна, родныя мае людзi. Так што я буду шукаць шчасце ў iмгненнi. Я палячу скрозь усю вашую любоў. Бо адзiная абсалютная ўзаемнасць у мяне у саманянавiсцi.

Я прашу вас любiць адно аднога i не хаваць гэтай любовi. Не даваць людзям гiнуць. I, хай банальна, але жывiце цяпер у два разы болей. Кожны, жывi маё жыццё!

Я люблю. Я кахаю. Я ненавiджу. Мне гэтага хопiць.

Калi гэта магчыма, я буду прыходзiць да вас у снах, бо столькi хочацца сказаць. Бывайце.

Прабачце, калi ласка».

Вядучы псыхоляг БелМАПА, прачытаўшы перадсьмяротную запіску Дашы, ахарактарызавала дзяўчынку такім чынам:

З „праблемных“ сем’яў дзеці кідаюцца з апошняга паверха таму, што ў іх няма шостага айфона, а зь „беспраблемных“ — ад таго, што сэнсу жыцьця няма

«Гэта Шапэнгаўэр. 15-гадовы маленькі Шапэнгаўэр. Дзяўчынка — філёзаф. У яе яўна былі экзыстэнцыйныя крызісы, экзыстэнцыйныя перажываньні. Сэнсавыя. Камэнтаваць, шчыра скажу, мне складана. Можна толькі ў агульным паразважаць наконт таго, што адбываецца з моладзьдзю і як яна губляе апору. Гэта было ва ўсе часы. Ёсьць такі панятак — „сындром Вэртэра“: масавая хваля пераймальных самагубстваў, пасьля таго як нейкае самагубства шырока асьвятляецца ў СМІ, літаратуры, кіно. Дастаеўскі ў свой час уздымаў гэтую тэму: дзеля чаго жыць у стане крызісаў, у пэрыяд сацыяльных пераходаў, розных узрушэньняў? Гэта ўсё асабліва абвастраецца ў моладзі. Калі раней разважаць пра сэнс жыцьця, філязофстваваць пачыналі пазьней, то цяпер у нас Сакраты і Шапэнгаўэры — у 12–15 гадоў. Дзяцінства ў дзетак няма, іх адразу пачынаюць рыхтаваць да таго, што яны павінны быць канкурэнтаздольнымі асобамі. А дзе сябе рэалізаваць, калі ціск, жорсткасьць, сьмерць? Гэта гора ад розуму, на жаль. І гэта якраз спэцыфіка суіцыдальных рэакцыяў „беспраблемных“ дзяцей. Гэта сумна. З „праблемных“ сем’яў дзеці кідаюцца з апошняга паверха таму, што ў іх няма шостага айфона, а зь „беспраблемных“ — ад таго, што сэнсу жыцьця няма. На жаль, такое складанае жыцьцё цяпер».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG