Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалайчык пра Парфянкова: Харахорыцца, але тэмпэратура 39 і выразалі кавалак цягліцы


Сьцяг і заплечнік Васіля Парфянкова

Сьцяг і заплечнік Васіля Парфянкова

З Адэсы вярнулася грамадзкая актывістка, рэжысэр Вольга Мікалайчык. Яна апякуецца параненым пад Данецкам беларускім добраахвотнікам Васілём Парфянковым, які ляжыць у адэскім шпіталі. Ці хутка Васіля Парфянкова выпішуць са шпіталя?

— У Васіля было 8 ранаў. Ён харахорыцца, ня кажа, што гэта сур’ёзныя раненьні, асабліва адна дзірка — на левай назе, на задняй частцы сьцягна. Там кавалак цягліцы выбухам вырвала, месца доўга гаілася, зашылі яго толькі праз два тыдні. Яшчэ нядаўна ў Васіля трымалася тэмпэратура пад 39 градусаў. Але ён жартуе, у добрым настроі, зьбіраецца, як паправіцца, зьезьдзіць у Днепрапятроўск, дзе лечацца ягоныя сябры-добраахвотнікі, потым у Кіеў і да сына з жонкай. У яго ёсьць мыліцы, але пакуль больш сядзіць, чым ходзіць. У шпіталі кіраўніцтва — далёка не ўкраінскія нацыяналісты, але для параненых байцоў з АТА ўсё робіцца як трэба, лячэньне і ўмовы добрыя.

— Адэсіты распавядалі, што яшчэ год таму сытуацыя ў горадзе была блізкая да сытуацыі ў Данецку і ўсё магло павярнуцца гэтак жа, як там. Што цяпер адбываецца ў Адэсе?

— Сытуацыя зь цяжкасьцю, але мяняецца, пагроза сэпаратызму адступае. У іх цяпер часта праходзяць шэсьці ў вышыванках, яны ўсё больш шматлюдныя. Але праблема ў тым, што ў гарадзкой радзе яшчэ шмат дэпутатаў, абыякавых да Ўкраіны. Мясцовыя актывісты, як валянтэрка Людміла Чабан, якая дапамагае Парфянкову, кажуць, што трэба больш актыўна ісьці ў дэпутаты, але не заўсёды атрымліваецца. Партыя алігарха Каламойскага ў радзе прадстаўленая, іх называюць «укропамі». А вось у партыі «Свабода» Алега Цягнібока нешта не атрымалася. То бок ва ўладных структурах яшчэ досыць складана, тым больш што мэр Адэсы Труханаў, сам алігарх, займае зусім невыразную пазыцыю што да ўкраінскага пытаньня.

Васіль Парфянкоў з валянтэрамі ў адэскім шпіталі

Васіль Парфянкоў з валянтэрамі ў адэскім шпіталі

Мне падалося, што жыхары Адэсы маюць намер значна абнавіць гарадзкое кіраваньне, але ці ўдасца, сказаць цяжка. Тыя актывісты, зь якімі я гутарыла, выступаюць за тое, каб пры ўладзе быў прадстаўнік тытульнай нацыі, нацыяналіст, які ніколі не дапусьціць, каб у Адэсу прыйшоў «русский мир» з трыкалёрам і паспрабаваў зрабіць «Адэскую народную рэспубліку». Але вось пазнаёмілася з жанчынай-фатакорам, якая прыехала з гарадку за 200 кілямэтраў ад Адэсы. Тая паехала ў мястэчка, каб там жыць і разьвіваць людзей ва ўкраінскім кірунку — дык яе проста ў маршрутцы зьбілі за тое, што размаўляла па-ўкраінску. З працы звольнілі за праўкраінскую пазыцыю. То бок вакол Адэсы сытуацыя яшчэ ня проста складаная, а жорстка складаная.

Людміла Чабан

Людміла Чабан

— Няўжо яшчэ чакаюць Наваросіі?

— Дык і ў Адэсе яшчэ некаторыя чакаюць. Шмат езьдзіла ў шпіталь праз увесь горад на тралейбусе № 9, дык нагледзелася на сцэны, як людзі, пераважна сталага веку, настальгуюць па Расеі.

— А што кажуць у Адэсе пра трагедыю ў Доме прафсаюзаў, калі ў агні загінула некалькі дзясяткаў чалавек? Вераць, што гэта зрабілі ўкраінскія нацыяналісты, як кажуць у Расеі, ці мяркуюць, што гэта была правакацыя сэпаратыстаў?

— Тыя, хто верыць у «русский мир», — так, вераць, што гэта справа рук нацыяналістаў. Але нацыяналісты кажуць, што ведаюць дакладна, хто гэта зрабіў. Мне распавядалі, як пэўныя людзі з антыўкраінскіх структур запрашалі туды на плошчу мінакоў, каб потым было больш ахвяраў. Мяркую, гэта была іхняя правакацыя. Але кропку ў афіцыйным расьсьледаваньні яшчэ не паставілі.

Шэсьці ў вышыванках у Адэсе — хіт сэзону 2015

Шэсьці ў вышыванках у Адэсе — хіт сэзону 2015

— Якая ў Адэсе эканамічная сытуацыя, якія кошты?

— За чатыры месяцы, што не была ва Ўкраіне, кошты на харчы падняліся, яны цяпер амаль такія, як у нас. Апроч алькаголю і піва, гэта дзешавей. А ўсё астатняе — мяса, малочныя вырабы, хлеб — прыкладна як у нас. Грыўня ў банках прадаецца за тысячу нашых рублёў. Вось бычкі на Прывозе прадаюць кілё за 14 грыўняў, то бок на нашы грошы за 14 тысяч рублёў — дык гэта танна. Карасікі за 35 грыўняў — у нас значна даражэйшая рыба. Садавіна, гародніна значна таньнейшыя. Але сярэдняя пэнсія ў іх 50 даляраў, дык пэнсіянэрам цяжка, выжыць вельмі складана. Але людзі ўсюды круцяцца, гэта ж Адэса. Там усе працуюць, хто чым, але зарабляюць.

— А што людзі кажуць пра карупцыю? Ці ўхваляюць захады, якія робіць Міхаіл Саакашвілі?

— Падтрымліваюць Саакашвілі, і сапраўды ім задаволеныя, прычым баяцца, як бы яго не забілі. Бо, па-першае, вораг Пуціна, па-другое — змагаецца з карупцыяй. Паліцыянты на вуліцах Адэсы — новыя, падрыхтаваныя, маладыя, ветлівыя, пільныя. Хабар, кажуць пра іх, не бяруць, «дамовіцца» зь імі, калі нешта зрабіў ня тое, немагчыма. Адбор туды вельмі сур’ёзны, кантралююць усё людзі Саакашвілі, па знаёмстве ў паліцыю ўжо ня трапіш. Пра Саакашвілі кажуць, што сьпіць ён усяго па 4 гадзіны, і проста на яго моляцца, асабліва праўкраінская частка Адэсы. Ужо, кажуць, прынялі і Машу Гайдар, а спачатку ня ўсе разумелі, хто яна і чаму тут. Пра мытню адэскую чула, што прыціснулі там хабарнікаў, значна лепш стала. Але каб там усё кардынальна зьмянілася з карупцыяй, трэба яшчэ працаваць і працаваць. Бо ў людзей яна ў галовах.

— А якое ў адэсітаў стаўленьне да Парашэнкі? Дарэчы, як Васіль Парфянкоў пракамэнтаваў заяву Пятра Парашэнкі, што нібыта вайна на Данбасе будзе заканчвацца?

Парашэнка, кажуць, ад іх настолькі далёка, што ніяк не ўплывае на адэскае жыцьцё

— Васіль Парфянкоў да Парашэнкі ставіцца насьцярожана, кажа, што той пакуль не стрымаў ніводнага свайго абяцаньня. Ні вайну ня скончыў, ні завод свой не прадаў, ні грамадзянства беларускім добраахвотнікам ня даў. Валянтэры, зь якімі я размаўляла, гаворкі пра заканчэньне вайны называюць «сьпевамі». Кажуць, што вайна хутка ня скончыцца, бо Расея зацікаўленая, каб высмоктваць сілы Ўкраіны, як фінансавыя, гэтак і чалавечыя. Усе стаміліся, так, але будуць далей змагацца. А што да стаўленьня адэсітаў да свайго прэзыдэнта, дык неяк не заўважыла, што яны шмат пра яго думаюць. Вось пра мэра распавядаюць, пра губэрнатара Саакашвілі. А Парашэнка, кажуць, ад іх настолькі далёка, што ніяк не ўплывае на адэскае жыцьцё.

— Адэса — незвычайны, вельмі пазытыўны горад. Вы нейкі пазытыўны зарад у Адэсе атрымалі?

— Для сябе зрабіла выснову, што трэба прыяжджаць у Адэсу са сваімі творчымі прапановамі, каб празь іх даводзіць да адэсітаў, хто мы ёсьць, беларусы, хто ёсьць Лукашэнка, як насамрэч беларусы цяпер жывуць, пасьля 21 году ягонага праўленьня. А другая задача — дапамагаць разьвіваць там валянтэрскі рух. Дзякуючы такім людзям, як валянтэрка Людміла Чабан, яе сяброўка Тацяна, гэты рух ёсьць, але яго трэба падтрымліваць. Вось наздымала матэрыялу, буду рабіць пра Людмілу фільм. Яна — маці алімпійскага чэмпіёна, сама спартовы трэнэр, яшчэ два гады таму была тыповым гараджанінам Адэсы. А цяпер — украінская патрыётка, вядомая валянтэрка. Нам ёсьць у чым браць прыклад з такіх людзей.

XS
SM
MD
LG