Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму няма агітацыйных пікетаў? Бо няма грошай!


За прамінулы час агітацыйнага этапу перадвыбарчай кампаніі ў Магілёве прыкметнай актыўнасьці на вуліцах у падтрымку кандыдатаў на прэзыдэнцтва не заўважана. Пікетаў з агітацыяй было няшмат.

На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах за ахвотнікаў стаць прэзыдэнтам агітавалі на вуліцах гораду да апошняга дазволенага дня. Пікетаў было нямала. Сёлета ж пра тое, што ў Беларусі неўзабаве адбудуцца прэзыдэнцкія выбары, нагадваюць у Магілёве хіба што банэры ды расьцяжкі — штопраўда, шматлікія.

Гэтак нагадваюць у Магілёве пра выбары прэзыдэнта, якія маюць адбыцца неўзабаве

Гэтак нагадваюць у Магілёве пра выбары прэзыдэнта, якія маюць адбыцца неўзабаве

У гэтую выбарчую кампанію агітуюць за кандыдатаў у прэзыдэнты пераважна на сустрэчах з выбарцамі давераныя асобы. Асабіста прыяжджалі на сустрэчы Тацяна Караткевіч і Мікалай Улаховіч.

Андрэй Дзьмітрыеў, кіраўнік штабу Тацяны Караткевіч, адзначае: пікетаў няма, бо не хапае сродкаў на выдрук агітацыйных матэрыялаў. Паводле яго, у Магілёве ў людных месцах зрэдку выстаўляюцца інфармацыйныя пікеты.

«Час ад часу пікеты робім, але тады, калі ёсьць што на іх раздаваць. Я маю на ўвазе друкаваную прадукцыю», — кажа суразмоўца.

Сустрэча выбарцаў з Тацянай Караткевіч у школе

Сустрэча выбарцаў з Тацянай Караткевіч у школе

«Гэтую кампанію мы цалкам праводзім за грошы, якія нам ахвяравалі грамадзяне, і іх няшмат, — тлумачыць Андрэй Дзьмітрыеў. — І калі няма такой друкаванай прадукцыі, то агітацыйныя пікеты не працуюць. Я ведаю, што ў Магілёве выстаўляюць пікеты на пэўны час увечары там, дзе чалавекапаток вялікі. Але на іх трэба абавязкова нешта раздаваць, таму масавых пікетаў і няма».

На сустрэчу з Тацянай Караткевіч у сярэднюю школу аднаго са спальных раёнаў гораду прыйшло каля сотні чалавек.

Давераныя асобы кандыдата на прэзыдэнцтва Сяргея Гайдукевіча запэўнілі журналіста: яны пікеты рэгулярна выстаўляюць у людных месцах гораду, пераважна ля буйных гандлёвых цэнтраў. Сёньня пікет у падтрымку Гайдукевіча выставілі ў адным з цэнтральных сквэраў. Мінакоў ён цікавіў мала. Пікетовец Улад Ефімовіч мусіў падыходзіць да людзей і ўручаць ім агітацыйныя матэрыялы. Самі яны пікет абміналі.

Самотны агітацыйны пікет Сяргея Гайдукевіча

Самотны агітацыйны пікет Сяргея Гайдукевіча

«Ля гандлёвых цэнтраў мы таксама падыходзім з агітацыйнымі матэрыяламі самі да людзей, — апавядае пікетовец. — Што тычыцца вось такога пляну пікету са стэндам, то людзі самі не падыходзяць. А вось калі мы самі падыходзім, то дыялёг нейкі можа завязацца. Але гэта людзі сталага веку пераважна. Моладзь не цікавіцца. Адзінкі толькі. На жаль, людзі ў нас апалітычныя. Мо прапаў у іх інтарэс праз адсутнасьць канструктыўнай апазыцыі. А мы апазыцыя менавіта такая».

Гэтак актывіст каманды Гайдукевіча Ўлад Ефімовіч агітаваў магілёўцаў прагаласаваць за прэтэндэнта

Гэтак актывіст каманды Гайдукевіча Ўлад Ефімовіч агітаваў магілёўцаў прагаласаваць за прэтэндэнта

На мінулых выходных пікет у гэтым жа сквэры выстаўлялі і прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі. За яго агітавалі актывісты БРСМ.

«Мы наагул выступаем за мір, за свабодную краіну і каб у нас было ўсё добра. Хочам, каб да нас падыходзілі людзі і пакідалі свае пажаданьні для тых, хто сёлета будзе ўпершыню галасаваць», — апавяла журналісту адна з агітатарак за Лукашэнку.

Пікет за дзейнага кіраўніка дзяржавы таксама не прыцягваў вялікай увагі мінакоў. Вялікай агітацыйнай актыўнасьці за яго, як гэта было ў мінулую прэзыдэнцкую кампанію, не назіраецца. У 2010 годзе пікеты ў яго падтрымку выстаўляліся там, дзе былі пікеты апазыцыйных вылучэнцаў.

Пікет у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі

Пікет у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі

Мікалай Абразаў, кіраўнік штабу кандыдата на прэзыдэнцтва Мікалая Ўлаховіча, не пагадзіўся з журналістам, што ў Магілёве не выстаўляліся агітацыйныя пікеты ў падтрымку прэтэндэнта. Ён, аднак, зазначыў: у перадвыбарчай агітацыі перавага аддаецца сустрэчам з выбарцамі, бо правядзеньне пікетаў залежыць ад умоваў надвор’я.

«Пагадзіцеся, калі чалавек сустракаецца ў закрытым памяшканьні, то ён больш даступны. Людзям камфортна. Яны сядзяць спакойна, могуць задаць пытаньне, і іх пачуюць. Нічога над імі ня капае. І такі нязмушаны дыялёг вядзецца. Мо калі б было лета, то пікет быў бы больш запатрабаваны. А так восень, і мы залежым ад надвор’я», — выказаўся Мікалай Абразаў.

Паводле суразмоўцы, на магілёўскія сустрэчы зь Мікалаем Улаховічам прыходзіла да сотні чалавек.

XS
SM
MD
LG