Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Сяргей Харэўскі


Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі — беларускі мастак, літаратар, гісторык мастацтва, культуроляг, мастацтвазнаўца. Нарадзіўся 5 кастрычніка 1967 у Менску. Вучыўся ў школе з мастацкім ухілам № 26, у Менскай мастацкай вучэльні імя А. Глебава (1982-1987)^; у Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры ім І. Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР (1988-1992), асьпірантуры Беларускай Акадэміі Мастацтваў (1994-1997), у 1996 у летняй школе Варшаўскага Ўнівэрсытэту. У 1986-1991 працаваў у Інстытуце гісторыі АН Беларусі, у Інстытуце «Белспэцпраектрэстаўрацыя», у 1993-2000 выкладаў у Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце. Аформіў, як мастак, некалькі кніг выдавецтваў «Юнацтва», «Унівэрсытэцкае», «Наша Ніва», «АСТ». Сярод іншага кнігі Міколы Гусоўскага, Уладзіміра Арлова, Алеся Краўцэвіча, Валянціны Аксак. Быў мастацкім рэдактарам часопіса «Бярозка», газэты «Свабода», «Нашай Нівы». Вёў аўтарскую праграму «Галерэя Свабоды», стала ўдзельнічаў у праграмах С. Дубаўца «Вострая Брама» і В. Ракіцкага «Беларуская Атлянтыда» на радыё «Свабода». Артыкулы і эсэ друкаваліся ў газэце «Нашай Нівы», у шэрагу іншых выданьняў. Адзін з заснавальнікаў і аўтараў альманаха «pARTisan». Тэксты Харэўскага друкаваліся па-вугорску, па-літоўску, па-нямецку, па-польску, па-руску, па-ўкраінску, па-чэску. Супрацоўнічаў са СМІ Беларусі, Вугоршчыны, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Люксэмбургу, Чэхіі. Асноўныя выданьні: «Звяры-суайчыннікі» (2000), «Китайская каллиграфия: краткая история и этимология 214 основных иероглифов (ключей) китайского языка» (у суаўтарстве з А. Сакаловам, 2006), «История Китая» (2007), «Китайская каллиграфия» (2007), «Арабская каллиграфия» (2007), «Прамоўленае: эсэ і лекцыі» (2008), «Культавае дойлiдзтва Заходняй Беларусi 1915-1940 гг.» (2008), «Сто твораў ХХ стагодзьдзя» (2011), «ПраЧутае. Зборнік эсэ па гісторыі культуры і праблемах ідэнтычнасьці Беларусі» (2012).


1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Я пішу для тых 2227,2 тысячаў чалавек, які сьцьвердзілі, паводле апошняга перапісу, што гавораць па-беларуску штодня. А ідэальны мой чытач той, у каго ёсьць магчымасьць абмеркаваць са мной прачытанае за каваю... І такіх нямала.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Лепш пішацца дома, на самоце, да абеду, калі сонца толькі пачынае залаціць шаты дрэваў. У будзённыя дні, калі дзеці ў школах, чынавенства ў офісах, а з вуліцы чуваць толькі галасы працаўнікоў...

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Хітрамудры ідальга Дон Кіхот з Ламанчы» Сэрвантэса. Кніга для ўсіх на ўсе часы.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Няўрымсьлівы самотны дзівак Дон Кіхот.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Альбэр Камю. Колькі яго ні чытаў, на розных мовах, усё адно застаюцца новыя сэнсы, што па-новаму прачытваюцца ў сьвятле зьменлівага нашага часу.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Даводзіцца багата чытаць выданьняў па гісторыі мастацтва, архітэктуры і ўрбаністыкі, штодня — розныя энцыкляпэдыі. А таксама кнігі сваіх сяброў — Дубаўца, Сагановіча, Краўцэвіча, Смалянчука, Глобуса, Бахарэвіча, Бабкова, каб зь імі натхняцца разам.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Па-польску, па-украінску — вольна, а таксама трошкі, адмысловую літаратуру і пэрыёдыкі — па-француску і па-літоўску.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

«Сто твораў ХХ стагодзьдзя». Пісалася з натхненьнем, рабілася доўга.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Пра мой Менск, ягоную гісторыю праз гісторыю сваёй сям’і за два стагодзьдзі.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

У далёкіх краях, разам зь сям’ёю, без кампутара і тэлефона.

XS
SM
MD
LG