Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка назаўсёды. Краіна з пастаянным прэзыдэнтам


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Давайце глядзець праўдзе ў вочы: усё залежаць ад таго, ці хоча Лукашэнка заставацца прэзыдэнтам. А ён хоча.

Ніякіх прыкметаў, што «разонравилось», няма. Хутчэй наадварот. Мы проста баімся сабе прызнацца, хаваем галаву ў пясок. Ён жа сказаў некалі: усур’ёз і надоўга. На бясконца доўга, як выглядае.

Спартовец, хакеіст. Можна балятавацца і пяць разоў, і дзесяць. А там, глядзіш, наступнікі пойдуць. Так што можна расслабіцца на бліжэйшыя сто гадоў. Не ўзрушацца марна пры словах «прэзыдэнцкія выбары».

Ня будзе нічога дзіўнага: калі краіна з назвай Беларусь перастане існаваць, акажацца, што, апроч Лукашэнак, іншых прэзыдэнтаў у ёй не было. Паколькі прэзыдэнт Беларусі і Лукашэнка – гэта адно і тое ж. Іншыя ў плянах начальства не прадугледжаныя. Хочацца вам ці не.

Няхай нават часам вам прыгадаецца нейкі губэрнскі тэатар. Толькі гледачы – перад тэлевізарам. Ён вяшчае з робленым абурэньнем: яны ўлады прагнуць, яны замахнуліся на ўладу! Электарат перад экранам выцірае сьлязу: улады захацелі! Але ж яна – ягоная! Ён сам улада. Як сякія-такія на ўладу Лукашэнкі замахнуліся! Рукі прэч…

Трэба ўмець быць сумленным з самім сабой. Перш трэба запытацца ў сябе: навошта ты падаеш заяўку на выбары? Каб перамагчы, стаць прэзыдэнтам? Не, канечне. Бо гэта несур’ёзна, немагчыма, таму што ня можа быць. Тады навошта? Гэта толькі ў нас можна ўдзельнічаць, каб выказаць Лукашэнку свой рэспэкт. Хаця мэта на выбарах – зрабіць усё, каб заняць месца свайго суперніка. Ну, а калі вы разам, то аб чым тады мова?

Будзь шчырым з самім сабой. Хочаш балятавацца? Стань спачатку перад люстэркам і скажы сабе: прэзыдэнт ня хоча іншых прэзыдэнтаў. Дык навошта мне торгацца? Каб нэрвы псаваць?

Як, нават тэарэтычна, можна стаць прэзыдэнтам краіны, калі яна прэзыдэнта мае, і ён нікуды не зьбіраецца? Быць ці ня быць ім – залежыць толькі ад яго асабістага жаданьня, і «ніякі Бог, цар ці герой» на яго ня могуць уплываць?

Трэба ў жыцьці не баяцца задаваць сабе элемэнтарныя пытаньні, асабліва перад нібы фундамэнтальным выбарам. Навошта ісьці на выбары, калі вядома, што прэзыдэнтам быў, ёсьць і будзе Лукашэнка? Ён у сваёй прэзыдэнцкай прафэсіі не расчараваўся, стомленасьці не адчуваецца.

Пясочныя замкі? Яму там нязручна паяўляцца. Папросту нават немагчыма. Дзеля чаго? Ён салідны чалавек з пасадай. З Абамам здароўкаецца ў ААН. А яны? Якія дэбаты? Не сьмяшыце. Заяўку не падаваў. Яго ўся гэтая кампанія не датычыць, ён працуе як працаваў. Кропка.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG