Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зрабіце алькаголь даражэйшым, больш якасным і недаступным уночы!» — беларусы пішуць ва ўрад


Студэнтка тэатральнай лябараторыi Fortinbras пры беларускiм «Свабодным тэатры» Дар’я Андрэянава пачала антыалькагольную кампанію. Далучылася 120 чалавек.

Улады Беларусі дэкляруюць барацьбу з алькагалізмам, але некаторыя лічаць яе неэфэктыўнай. Сярод такіх Дар’я Андрэянава, аўтарка ліста на Zvarot.by. 120 чалавек ужо адаслалі гэты ліст ва ўрад.

Студэнтка тэатральнай лябараторыi Fortinbras пры беларускiм «Свабодным тэатры» Дар’я Андрэянава мяркуе, што ў Беларусі вядзецца дзяржаўная прапаганда алькаголю і спойваньня людзей. Яна прапанавала неабыякавым беларусам слаць лісты ў міністэрствы гандлю, аховы здароўя і ўнутраных спраў, а таксама ў Савет міністраў.

У падрыхтаваным для лістоў тэксьце прыводзяцца вынікі дзяржпраграмы па прадухіленьні і пераадоленьні п’янства і алькагалізму на 2011–2015 гады, а таксама прапановы па разьвіцьці такой праграмы на наступныя гады: скасаваць мінімізацыю адсоткавай надбаўкі на беларускую алькагольную прадукцыю, забараніць паўсюль продаж алькаголю з 22 ночы да 8 раніцы, забараніць на тэрыторыі Беларусі продаж пладова-ягадных вінаў (у народзе «чарніла»). Падаюцца электронныя адрасы, па якіх можна адсылаць лісты.

Як распавяла Свабодзе Дар’я, праблема ня толькі ў кволай дзяржаўнай антыалькагольнай кампаніі, але і ў выхаваньні беларусаў:

«Нельга сказаць, што калі забараніць продаж сьпіртнога пасьля дзясятай, алькагалізм адразу зьнікне, — кажа Дар’я. — Але гэта першая ступень, тое, за што можна зачапіцца і разьвіваць далей. Бо праграма дэалькагалізацыі ўключае ў сябе шмат пунктаў, у тым ліку дасьледаваньне і разьвіцьцё мэтадаў лекаваньня. Іншая справа, што цяпер я не разумею, куды падзелася гэтая праграма. Або мы цяпер крышачку паспойваем, а потым палекуем, як толькі эканамічная сытуацыя палепшыцца?

Стаўленьне да алькаголю залежыць ад сям’і, адукацыі, агульнага дабрабыту, магчымасьці працаўладкавацца — вельмі шмат праблемаў унутры гэтых пунктаў. Асабіста я сустракаюся з алькаголем ня толькі навокал, пачынаючы з крамы ля майго дома, маёй працы, але і ў сваёй асобе. Калі я вучылася ў унівэрсытэце, ня піць было дзіўна і амаль немагчыма. І я не хачу сказаць, што людзі павінны ня піць. Проста ў нас няма нейкага выхаваньня, калі можна, калі трэба спыніцца, што піць, а што ня варта. Нам неяк лёгка зваліцца туды, у алькаголь. І гэта я па сабе магу сказаць».

У лістах не прапануецца забараніць алькаголь цалкам — толькі зрабіць яго даражэйшым, больш якасным, а таксама недаступным уночы. Пытаемся, ці варта ад яго наагул адмовіцца на дзяржаўным узроўні:

«Сухі закон, вядома, ня выйсьце, — сьцьвярджае Дар’я. — Такія экспэрымэнты былі, і, па вялікім рахунку, ні да чога не прывялі. Паўтаруся, я не кажу пра поўную забарону ўсяго алькаголю. Я супраць „чарніла“, супраць лёгкадаступных нізкаякасных прадуктаў. Цана на „чарніла“ — гэта ж адкрытае „выпі мяне і ні пра што ня думай“. Была спроба ў студзені 2013 году, забаранілі продаж „чарніла“. Я хачу, каб гэта была ня спроба, а рэчаіснасьць.

У той жа час алькаголь — гэта частка культуры. Менавіта культуры. Менавіта алькаголь, а не „бухло“. У нас жа ёсьць свае традыцыі. На фэстывалі, прысьвечаным беларускаму нацыянальнаму сьвяту, я паўгадзіны праслухала, як робіцца наша медавуха, і выстаяла ў чарзе, каб пакаштаваць, — гэта сапраўды смачна, і гэта тое, што гатавалі мае продкі. Вядома, у нас павінна быць прадукцыя, за якую ня сорамна, якую можна прывезьці сябрам за мяжу, напрыклад».

Ужо 120 чалавек падтрымалі кампанію, да яе могуць далучыцца яшчэ сотні людзей. Ці дапаможа гэта?

«Я веру ў тое, што вялікая колькасьць лістоў можа паўплываць на сытуацыю, — кажа іх складальніца. — Нават калі яны будуць праігнараваныя, гэта крок далей. Улады абавязаныя адказаць нават на адзін ліст, а чым іх больш, тым больш людзей, зацікаўленых у праблеме, тым больш імавернасьць зьменаў, бо гэта ўжо меркаваньне не аднаго чалавека, а часткі насельніцтва».

Форма для адсылкі лістоў з прапановамі па антыалькагольнай кампаніі >>> http://zvarot.by/ru/o-vvedenii-ogranicheniya-prodazhi-deshevogo-alkogolya/

XS
SM
MD
LG