Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля абвяшчэньня выбараў ну як прарвала. Рэдакцыя Свабоды атрымала мноства лістоў ад працоўных, мясцовага начальства і проста лайдакоў, а таксама жанчын, прадпрымальнікаў і іншых асобаў сумнеўных прафэсіяў. Усе рэжуць праўду-матку, дзе б яна не хавалася, бо душа гарыць і ў роце перасохла. Будзем друкаваць як напісана, бо праўды не заглушыш.

Шаноўны першы Першы!

Піша вам Другі Першы. Спадзяюся, вы не пакрыўдзіцеся, што я маю гэты тытул Першага, хоць і другі — бо насамрэч я Першы Другі. Апазыцыя часам любіць назваць мяне другім Першым, але гэта двайны стандарт і спроба вярнуцца да складаных і састаўных лічэбнікаў, якія наш народ народ рашуча адкінуў разам зь іх правадырамі-матэматыкамі, як некалі адкінуў вашых апанэнтаў-філёлягаў зь іх мяккім знакам.

Ня ўсё толькі дрэннае было зьвязанае з гэтым знакам, але вы цьвёрда пайшлі наперад. Мы гэтак жа цьвёрда паставілі на месца парадкавыя лічэбнікі — цяпер яны ідуць назад. Спачатку 2-гі, потым нічога, а потым 1-шы. А больш нічога і ня трэба.

Так было даволі доўга — нічога, у сэнсе нулі, выдатна працавалі: намалюем на банкаўскай купюры пару нулікаў, і ўсё спакойна. Але неяк гэтага нічога стала не хапаць. Таму я вам і пішу, хоць гісторыя вучыць, што яна нічому ня вучыць. У сэнсе — нічому добраму. Але карыснаму ўсё ж можна павучыцца.

Канечне, тады, ў 2035, неяк ня вельмі атрымалася. Усё згарэла. Нават ваш нобэлеўскі медаль. Але вінаваты вашы памочнікі, якія так палохалі ўвесь час Плошчай, што пераканалі вас, быццам найлепшае выйсьце — узяць і ўсё забудаваць.

Канечне, за ўчастак перад Домам ураду хабар давалі такі, што можна было новы ўрад год карміць разам з папраўкай карупцыю. І МЗС пастаралася, татальную забудову гарадзкіх прастораў вылучылі на нобэлеўскую прэмію як адказ вашай мудрай урбаністычнай палітыкі на выклікі глябальнага пацяпленьня і міграцыйных патокаў, якія хлынулі тады ў Эўропу. Колькасьць гатэляў у сталіцы хутка пераўзышла колькасьць ня толькі бяздомных, але нават пэнсіянэраў органаў розных справаў, і катастрафічна стала не хапаць швэйцараў і вахцёраў.

Гэта было б яшчэ паўбяды, бо усё роўна ніхто там ня жыў, таму што міграцыйныя патокі абміналі наш востраў стабільнасьці як Гальфстрым Антарктыду. Але хто ж ведаў, што кітайскі бэтон зроблены з бамбукавых апілак. І калі ўжо не засталося ніводнай незабудаванай пляцоўкі ня толькі ў сталіцы, але і ў абласных і раённых цэнтрах, а таксама ўздоўж дарог, дастаткова было адной іскры, каб успыхнула полымя. Так вучыў той чыгунны дзядок, што стаяў на плошчы, але яго не паслухаліся.
Вы мусіце пагадзіцца, што было недальнабачнай перастрахоўкай забудоўваць узьлётныя палосы на аэрадроме Менск-35, каб не прыляцелі якія-небудзь апазыцыянэры з замежжа, як гэта сталася ў іх модным. Добра, што хоць падземных камунікацыяў і каналізацыі набудавалі столькі, што дагэтуль вас там знайсьці ніхто ня можа.

Прайшоў час, падуў іншы вецер, заглянула сонца і ў наша ваконца. Прадаўшы ўвесь попел як арганічныя ўгнаеньні ў краіны далёкага замежжа, мы адбудавалі нашу краіну. Усё стала як было. Але, скажу шчыра, робіцца трохі трывожна: неяк нічога ня стала хапаць.

Я чуў шмат харошага, як вы там пад зямлёй кіруеце. Які там мір і спакой. Якая стабільнасьць. Як многа вы робіце дзеля многапалярнасьці і шматвэктарнасьці. Расказваюць, нашы каналізацыйныя трубы дасягнулі ўжо будынка ААН у Нью-Ёрку і вы там рэгулярна правяраеце ачышчальныя сыстэмы і ціск вады у вадаправодзе.

Але гэта неяк адбываецца без узаемадзеяньня зь верхняй часткай нашай дзяржавы. Тым болей, што вашы традыцыі жывуць і квітнеюць. Толькі грошай не хапае.

Канечне, вы, можа, пакрыўдзіліся, калі я загадаў усе каналізацыйныя люкі заварыць, а вэнтыляцыйныя шахты заліць бэтонам. Але такі быў час. Так патрабавалі пагарэльцы, якіх ні агонь ня ўзяў, ні вада ня змыла. Правялі рэфэрэндум і пастанавілі, каб уся каналізацыя ішла паверсе, каб усе трубы былі навідавоку, каб усе тунэлі перарабілі на масты.

Гэта, дарэчы, вырашыла праблему Плошчы ня горш за татальную забудову — ніхто сабрацца ня можа больш за трох, бо трубы перашкаджаюць. Канечне, ёсьць мінусы — каб расчысьціць дарогу на кожны танкавы парад даводзіцца перакрываць ня толькі гарачую, але і халодную ваду, і ня ўсім гэта яшчэ падабаецца. Тут ваш досьвед і ваша парада былі б вельмі дарэчы. Бо за ваш час, як напісана ў падручніках гісторыі, курс рубля рэгулярна даваў нырца, але кожны раз вы выходзілі сухім з вады. То Расея адарве ад сябе і кіне што-небудзь, то Захад пазычыць.

Але сёньня цяжэй. Расеі няма, а тыя паўсотні княстваў, якія ваююць паміж сабой за пітную ваду і нафту, перайшлі на натуральны абмен. Асабліва ў іх цэніцца сыр пармэзан, і мы наладзілі былі яго выпуск на Наваполацкім і Мазырскім перапрацоўчых камбінатах, і па трубаправодах пастаўлялі ў рэвэрсным рэжыме. Гэта вырашыла праблему на пару гадоў. Але сыр гэты пажаранебясьпечны, і пры згараньні дае тэмпэратуру плаўленьня сталі, так што трубы ўсе заварыліся і сьпякліся.

З Захадам таксама ня ўсё проста. Яшчэ за вашым часам столькі туды нашых людзей уцякло і прыжылося, што многія ўжо сталі дэпутатамі, міністрамі і нават жонкамі прэзыдэнтаў. А паколькі яны адсюль, дык няма таго, што раньш было: ніхто нічому больш ня верыць. Раней як было: выпусьцім мы на свабоду сотню-другую сантэхнікаў, нам адразу крэдытную лінію адкрываюць. Кафлевая плітка, зьмяшальнікі, парцалянавыя ўнітазы цягнікамі валяць. А адсюль мы іх далей перапрадавалі, усе княскія церамы, шатры і юрты забясьпечвалі.
А цяпер не. Кажуць, мяняць трэба ўсю сыстэму. І пачынаць ад пачатку, гэта значыць зь Першага. Сытуацыя на дадзены момант выглядае так: грошай няма. Нашы дыпляматы вядуць перамовы, даводзяць, што ў нас першы Другі, а не другі Першы, дайце грошай. Але пакуль не даюць. Патрабуюць, каб мы спачатку лічыць навучыліся — галасы на выбарах, тэрміны ў канстытуцыі, сантэхнікаў за кратамі. Навязваюць нам свае арытметычныя стандарты.

І вось мая просьба да вас: не маглі б вы трохі ім стокі забіць. Перанакіраваць каналізацыйныя патокі з адной сталіцы ў другую. Станцыі аэрацыі зьліць у мэтро. І адключыць ваду на прафіляктыку.

І тады наш унікальны досьвед прарываў трубаў і іх рамонту стане сьведчаньнем прадбачлівай палітыкі і мудрага курсу, экспартным капіталам, які дазволіць захаваць нашы айчынныя лічэбнікі бяз зьменаў аж да новай палучкі.

Перакрыйце ім вэнтыль, а за намі не заржавее!

Да хуткай сустрэчы,

Заўсёды ваш Першы і Апошні Другі.

XS
SM
MD
LG