Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аляксей Фралоў пра культурны рэгрэс: Арыстакратызм – не ў цане, у цане – нізкапробная папса


Аляксей Фралоў, мастацкі кіраўнік фэсту ў гонар Агінскага

Аляксей Фралоў, мастацкі кіраўнік фэсту ў гонар Агінскага

Мастацкі кіраўнік фэсту “Год Агінскага ў Залесьсі” Аляксей Фралоў пра тое, ці ня згасьне цікавасьць да асобы аўтара неўміручага палянэзу “Разьвітаньне з Радзімай” пасьля заканчэньня юбілейных імпрэзаў.

Усясьветная грамадзкасьць адзначыла 250-гадовы юбілей палітыка, даплямата, паўстанца, музыкі і кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага. На некалькі дзён эпіцэнтрам сьвяткаваньняў стала адноўленая сядзіба грамадзкага дзеяча ў мястэчку Залесьсе на Смаргоншчыне, дзе 25 верасьня, у дзень нараджэньня клясыка ўсясьветнай музычнай культуры, пачала працаваць музэйная экспазыцыя.

Салісты «Вытокаў» у адноўленым палацы Агінскага

Салісты «Вытокаў» у адноўленым палацы Агінскага

Адным з тых, хто пачаў дбаць пра спадчыну гаспадара Паўночных Атэнаў задоўга да знакавай даты, — найлепшы беларускі фагатыст, ляўрэат міжнародных конкурсаў, дырыжор, стваральнік і кіраўнік ансамблясалістаў “Вытокі” Аляксей Фралоў. Таксама выступае як саліст-фагатыст зь вядомымі аркестрамі і выдатнымі салістамі сьвету — за прыклад гішпанскі тэнар Хасэ Карэрас. Мастацкі кіраўнік фэсту “Год Агінскага ў Залесьсі”.

Музы Паўночных Атэнаў — з Тамарай Рэмез і Ірынай Аўдзеевай

Музы Паўночных Атэнаў — з Тамарай Рэмез і Ірынай Аўдзеевай

— Аляксей, дык ці стала Залесьсе новай пляцоўкай, якая аб’яднала выканаўцаў і аматараў клясычнай музыкі? Ці паспрыяў юбілей Міхала Клеафаса Агінскага культурнаму абуджэньню?

— Вельмі прыемна, што фэст жыве — хутка ўжо як год. І спадзяюся, што па выніках гэтага юбілейнага цыклю мы прыйдзем да высновы: трэба працягваць. Таму што юбілейны год — гэта пачатак, гэта вяршыня, гэта кульмінацыя, але павінны быць наступныя крокі. То бок, па грэбні хвалі, па хрыбце Агінскага — да новых вяршыняў. А калі сур’ёзна, то сэнс гэтага фэсту — ажыўляць, матэрыялізаваць дух Агінскага ў Залесьсі. Бо, як мне здаецца, дух гаспадара жыве тады, калі там праводзяцца натхнёныя экскурсіі (а цяпер сядзіба зажыла цікавымі экспанатамі — дзякуючы перадусім Зінаідзе Кучар, якая зьбірала экспазыцыю), а галоўнае, калі там гучыць музыка. Прычым, музыка ня толькі Агінскіх, але музыка той эпохі, музыка, так ці іначай зьвязаная з тагачаснымі падзеямі. Дзеля гэтага, уласна кажучы, прыдуманы і ладзіцца фэст “Год Агінскага ў Залесьсі”. І пакуль будзе гучаць музыка, будзе жыць сядзіба музаў.

У сядзібе зь міжнародным ляўрэатам Юрыем Бліновым

У сядзібе зь міжнародным ляўрэатам Юрыем Бліновым

— Ад канцэрту да канцэрту кола ўдзельнікаў пашыраецца?

— За прамінулы час у сядзібе адбылося дзевяць канцэртаў, юбілейны -- дзясяты — пройдзе 10 кастрычніка. У гэты дзень у Залесьсе прыедуць турыстычныя групы зь Менску і з Магілёву, для іх будзе паказана ўнікальная праграма пад назвай “Рэха замкаў Вялікага Княства”. Раней ужо выступілі ансамбаль салістаў “Вытокі” з маімі калегамі Сяргеем Махавым, Ірынай Аўдзеевай і Тамарай Рэмез, а таксама Павал Сурагін з намі і са сваім цудоўным ансамблем “Брэйвіс”. Салісты-інструмэнталісты — ляўрэат міжнародных конкурсаў Юры Бліноў і Аляксандар Музыкантаў. Прыяжджалі выдатныя вакалісты, нарэшце пайшлі і аркестры. Па-сутнасьці, фэстываль разьвіваецца ў дынаміцы, паказвае розныя жанры і калектывы розных фарматаў. Зразумела, што гэта не Нясьвіж: зусім маленькі ў параўнаньні зь ім палац, ня здольны прыняць імпрэзы такога ўзроўню як, прыкладам, опэрны фэст у Нясьвіжы. Але тым ён і ўнікальны, што можа перадаць пры належным выкананьні, належным канфэрансе атмасфэру арыстакратычнай сядзібы. Аўтэнтычныя сьцены — гэтаму дапамога.

Падчас дырыжорскіх майстар-клясаў "Майстэрства Кляўдыё Абадо" ў Адане (Турэччына)

Падчас дырыжорскіх майстар-клясаў "Майстэрства Кляўдыё Абадо" ў Адане (Турэччына)

— Адрозна ад бальшыні калектываў, якія ўключыліся ў канцэртную актыўнасьць толькі пад юбілейную дату, вы пачалі сьвяткаваць гадавіну загадзя. Чаму менавіта Агінскі, чым вабіць ягоная асоба?

— Па-першае, таму што ён наш — у вузкім і шырокім сэнсах гэтага слова. Па-другое, таму што ён вельмі таленавіты. Па-трэцяе, таму што ён асоба настолькі яскравая і шматгранная, што пра яго можна цікава і здымаць фільмы, і пісаць кніжкі, і ствараць спэктаклі. Зь ім цікава, ён цікавы. А, цікавячыся гісторыяй, культурай Беларусі, якая называлася раней іначай — Вялікім Княствам — становіцца зразумела, што без Агінскага ну аніяк. Гэта вельмі сымбалічная постаць свайго часу. На жаль, вельмі сумнага. Дакладней, нарадзіўся яшчэ ў часе нармальным, а вось жыць ужо давялося ў часе жахлівым, калі рушылася дзяржава, асновы грамадзтва, яго структура. Адпаведна, культура таксама. Разбуралася ўсё. І спробы знайсьці ў гэтым патопе нейкія плыты, нейкія апоры, нейкія купіны, на якія можна было б абаперціся, прыводзілі яго да пэўных пошукаў ці то з боку Напалеона, ці то з боку Аляксандра. Усё гэта было няўстойліва, не сваё, ня тоеснае, ня сутнаснае. Але ён шукаў саюзаў.

З ансамблем "Вытокі" на Нёмане

З ансамблем "Вытокі" на Нёмане

— Ці можна правесьці нейкія паралелі таго пэрыяду з нашым часам? Зноў смута ў галовах, татальная экспансія іншай дзяржавы, у тым ліку культурніцкая...

— Безумоўна, можна. Выбар стаіць у кожнага, рэгулярна ці пэрыядычна. Той, хто займае пасады, той, хто мае дачыненьне да любой значнай сфэры. Наколькі сябраваць з тымі ці зь іншымі, наколькі канфармісьнічаць. Гэта якраз тое вастрыё моманту, калі нестабільнасьць вельмі нядобрая — не ў бок пэрспэктываў разьвіцьця, якаснай перабудовы, адраджэньня, а ў бок чагосьці горшага. Рух наадварот. І чакаць нейкіх сьветлых пэрспэктываў не даводзіцца — і ў нас, і, як аказалася, тады, у часы Міхала Клеафаса. Таму так сумна і мінорна ўжо пры канцы жыцьця ён разьвітваецца з Радзімай сваім палянэзам.

Ня глядзячы на досыць пэсымістычныя настроі — ня ведаю, ці толькі ў мяне, ці ў многіх — усё ж факт, што яго юбілей мы адзначалі, што ў арбіту гэтай асобы, ягонай творчасьці, ягонага лёсу так ці інакш было ўцягнута шмат людзей і інстытуцый, сьведчыць на адно: насуперак абставінам, і праз 200 гадоў пасьля тых сумных, трагічных падзеяў Беларусь ня проста жыве ў новым фармаце, новым вымярэньні, але і арыентуецца на высокія ідэалы, на якія арыентаваўся Міхал Клеафас — хрысьціянскія, агульначалавечыя. І ў лістах, якія ён прысьвячаў і свайму сыну, і ў нядаўна знойдзеным пасланьні дачцэ, якраз раскрывае сябе як асоба надзвычай высакародная. Не ў сэнсе паходжаньня — гэта зразумела і так — у сэнсе свайго духу, ладу мысьленьня. Гэта шмат пра што гаворыць. Так што прыемна, што тыя ідэі жывыя, і хай сабе нямногія, але ёсьць людзі ў Беларусі, якія жывуць імі, захапляюцца імі.

Падчас гастроляў у Нямеччыне

Падчас гастроляў у Нямеччыне

— Вы мелі магчымасьць параўноўваць, як сьвяткуецца юбілей клясыка за мяжой. Наколькі ведаю, у Літве ініцыятыва ЮНЭСКА абвясьціць 2015-ы Годам Агінскага была ўспрынятая надзвычай сур’ёзна, мерапрыемствамі апекавалася дзяржава. У Беларусі імпрэзы мелі непараўнальна меншы маштаб. Ці ня здарыцца, што пасьля сьвяткаваньняў зноў настане зацішша на мяжы з абыякавасьцю?

— Датычна пытаньня — што будзе далей. Сапраўды, трэба адзначыць, што суседняя наша братэрская дзяржава Літва значна больш, значна шырэй і на значна вышэйшым узроўні адзначала юбілей Міхала Клеафаса Агінскага. Нашага агульнага творцы, нашага ўлюбёнага і тут, і там, які даў потым парасткі, што ўпрыгожылі і беларускую зямлю, і Жамойцію — з працягам роду Агінскіх у Рэтавасе, Плунге. Дзе ў часы, калі Расейская імпэрыя забараніла мову — і беларускую, і жамойцкую — ужо яго сын і ўнукі падтрымлівалі тамтэйшую культуру. Гэта гаворыць пра тую высакароднасьць, якую яны мелі — праз выхаваньне, праз пакаленьне ў пакаленьне.

Аляксей Фралоў дырыжыруе сымфонію Брамса № 4

Наша суседняя дзяржава цэніць, паважае спадчыну Агінскіх за гэтыя чыны для народа, для дзяржавы. Ну, а ў нас атрымліваецца неяк з боку прыпёкам, так вось падаецца. То бок, з аднаго боку — нібыта вітаюць: калі ласка, рабіце. Але каб паказаць уласны прыклад — не. Пашчасьціла, што за значную частку эўрапейскіх грошай аднавілі сядзібу. Будзе яна функцыянаваць — дзякуй Богу, гэта добра. Але, канечне, вось такога дзяржаўнага сьвяткаваньня, шырокага — каб парлямэнт адзначаў, каб урад адзначаў, як, зноў жа, было ў Літве — на жаль, не заўважана.

З опэрнай зоркай Хасэ Карэрасам, Люксембург

З опэрнай зоркай Хасэ Карэрасам, Люксембург

— У Вільні тумбы з выявамі Агінскага зьявіліся яшчэ напачатку году. У Менску ўсталявалі імянную лаўку ля будынка Ратушы, і тое з надпісам па-расейску...

— А трэба, каб тралейбусы езьдзілі, абклееныя партрэтамі і інфармацыяй пра нашых герояў, каб паўсюдна білборды стаялі, расьцяжкі віселі пра славутыя юбілеі. Гэта толькі драбніцы ў маштабе сьвяткаваньняў у гонар нашых юбіляраў, якія мусілі быць. Той жа Мікалай Радзівіл Чорны — асоба, найвялікшая ў нашай гісторыі, праз усю тысячу гадоў. Іншай немагчыма знайсьці. Ну, можа Скарына, Радзівіл, Сапега, усё. Купала, Колас — гэта ўжо тыя, хто ідзе сьледам.

У якасьці гіда-краязнаўцы з партрэтам Мікалая Радзівіла Чорнага ля Рэфармацкай царквы ў Смаргоні

У якасьці гіда-краязнаўцы з партрэтам Мікалая Радзівіла Чорнага ля Рэфармацкай царквы ў Смаргоні

А Мікалай Радзівіл Чорны, Леў Сапега — кіраўнікі дзяржавы, якім трэба ставіць помнікі і цешыцца, радавацца, што такія прыклады былі ў нашай гісторыі. Міхал Клеафас Агінскі — ужо іншая эпоха, іншыя варункі, іншыя абставіны. Але ўсе яны на сучасным этапе як бы ня надта каго цікавяць. Тым жа музычным каледжам даводзіцца прапаноўваць прачытаць лекцыю пра нашых музычных геніяў. Самім ім гэта не патрэбна. Проста дзіву даесься: чым цікавяцца, што робяць, якімі каштоўнасьцямі жывуць? Усё гэта зноў жа, вяртае да нейкага суму за будучыню.

З калегам Юрыем Караваевым: дыплём «Опэрна-сымфанічнае дырыжаваньне»

З калегам Юрыем Караваевым: дыплём «Опэрна-сымфанічнае дырыжаваньне»

— Ідэалягічны кантэкст не скіроўвае ня тое што да Радзівіла ці Агінскага, а да герояў куды бліжэйшага часу. Асабліва што тычыцца сфэры культуры...

— Перадусім гэта праблема засільля тэлебачаньня, якое прапагандуе зусім не высокія культурныя каштоўнасьці, апускае спажыўцоў усё ніжэй у сваім разьвіцьці. З гэтага ж шэрагу праблема папсы, культывацыя поўнай безгустоўнасьці. Нават за савецкім часам па савецкім радыё і тэлебачаньні перадавалі опэры, балеты, клясычную музыку. Простыя кухаркі і даяркі слухалі Чайкоўскага, Бэтховена, Моцарта і маглі адрозьніць іх, разумееце? Зараз пастаў сярэднестатыстычнаму грамадзяніну такую музыку — яны ж не пабачаць ніякай розьніцы, скажуць — “какая скучища”. У філярмоніі хлопаюць пасьля кожнай часткі сымфоніі, забыліся ўжо, што трэба слухаць цэласьць. То бок, уражаньне, што культуру спляжылі, выраўналі, пад асфальт закаталі. Мабыць, крыху перабольшваю, шмат чаго і добрага ёсьць. Але часам, што называецца, закіпае. Не павінна так быць. Паглядзіце на суседнія краіны — там культурнае жыцьцё ўсё ж у прыярытэце, у фаворы. Ні папса, ні фэстывалі Башмета, дзе, прабачце, проста “закалочваюцца бабкі”. Людзі ідуць і хлопаюць, плацячы шалёныя грошы за тое, што нехта, прыстроіўшыся да славы знакамітасьці,выступіць напаўаматарскі.

У Палацы Агінскіх і Радзівілаў у польскім Небарове

У Палацы Агінскіх і Радзівілаў у польскім Небарове

— Аляксей, ведаю, што на жнівень плянавалася паездка па мясьцінах, зьвязаных з жыцьцём Агінскага — зь Беларусі праз Польшчу да Італіі.

— З аб’ектыўных прычынаў удалося арганізаваць толькі частку паездкі. Людзі культуры, мастацтва, салісты ансамблю “Вытокі” зьезьдзілі, уласна кажучы, да вытокаў — у раён Гузава, дзе нарадзіўся Міхал Клеафас. Пад тагачаснай сталіцай двух дзяржаваў — нашай канфэдэрацыі з Польшчай – то бок, пад Варшавай ёсьць некалькі палацаў, якія мелі вялікакняскія магнаты. Мы гралі канцэрт у цікавейшым палацы ў Небарове, дзе захаваўся аўтэнтычны інтэр’ер, лесьвіцы, па якіх хадзіў Міхал Казімір Агінскі, а да яго ў госьці, зразумела, забягаў, залятаў маленькі, маладзенькі Міхал Клеафас і яго бацька Андрэй. Гэта папросту жывыя экспанаты таго часу, па якіх можна хадзіць, да іх дакранацца. Яны вакол цябе, яны функцыянуюць як жывое адлюстраваньне мінулага. Проста пераносісься на нейкай дзіўнай машыне часу ў месца пад назвай Небароў. Там з ласкі адміністрацыі і на запрашэньне музэя мы гралі канцэрт для польскай і беларускай публікі. Так што была такая паездка, але гэта толькі частка “агінскага шляху”. Прынамсі да Флярэнцыі пакуль не дабраліся, пакуль гэта ў праекце. Спадзяемся, Бог дасьць сілы, магчымасьці, ахвотных аб’яднаць намаганьні ў гэтым сэнсе і ўсё ж рушыць туды і даехаць.

У ролі канфэрансье клясычнага канцэрту

У ролі канфэрансье клясычнага канцэрту

— Як палякі, калі параўноўваць зь літоўцамі, ставяцца да асобы Агінскага? Больш за два стагодзьдзі гэтыя адносіны, мякка кажучы, былі спрэчныя. Ці зьмякчыў сэрцы крытыкаў юбілей?

— Вось спрэчна і ставяцца, дагэтуль. Калі мы, нашы сябры і браты з поўначы ўспрымаем Агінскага адназначна станоўча, то там усё інакш. Ён наш герой, бо мы ведаем яго становішча, мы самі ў падобнай сытуацыі, нам даводзіцца выбіраць паміж Сцылай і Харыбдай, мітусіцца, спыняцца на крыху лепшым варыянце з двух загадзя дрэнных. І мы яго разумеем. У Польшчы яго не апраўдвалі, калі ён вагаўся, прымаў сэнатарскія пасады, ішоў на пэўныя кампрамісы то з адной імпэратаркай, то з другім імпэратарам. Таму ў гэтым сэнсе стаўленьне да яго асобы спрэчнае, ён там не герой. У ім ня надта зацікаўленыя, я б нават сказаў так. Маштабнага адзначэньня не было. Але гэта цікава, сымптаматычна.

Сяброўскі сьняданак з Маэстра Алпасланам Эрцюнгялпам і студэнтамі Акадэміі музыкі

Сяброўскі сьняданак з Маэстра Алпасланам Эрцюнгялпам і студэнтамі Акадэміі музыкі

Міхал Клеафас, будучы прадстаўніком старажытнага роду усходнебеларускіх князёў, усё ж мае ў сваёй крыві арыстакратыю і Вялікага Княства, і Рэчы Паспалітай; яднае культуры трох сёньняшніх краінаў — Беларусі, Літвы і Польшчы. Як і многія іншыя, ён герой нашай гісторыі, творца, які не разьдзяляе нашы народы, а якраз яднае. І гэта прыемна, гэта радуе, што ў нас супольныя геніі, пра якіх мы можам разам разважаць, зьбіраць агульныя навуковыя канфэрэнцыі, дзяліцца архіўнымі знаходкамі, новымі адкрыцьцямі, цікавымі фактамі. Нарэшце, радаваць адзін аднаго ягонай музыкай, якую дорым слухачам у новым выкананьні, у новай інтэрпрэтацыі. Гэты працэс вельмі цікавы, бо ўжо сам па сабе зьгісторыі. Прынамсі ў нашых кантактах зь Літвой — Рэтавасам, Плунге. З тымі цэнтрамі агінтазнаўства, агінталюбства, зь якімі мы сябруем 10 гадоў.

З нашчадкам Міхала Клеафаса - Івам Залускім (другі справа), выдатным піяністам зь Вялікай Брытаніі

З нашчадкам Міхала Клеафаса - Івам Залускім (другі справа), выдатным піяністам зь Вялікай Брытаніі

— Пэўна, не выпадае асабліва параўноўваць, але, пабываўшы ў Міхала Казіміра і наведваючы сядзібу ў Залесьсі, ці кідаюцца ў вочы выдаткі рэстаўрацыі па-беларуску? Мясцовы архітэктар-рэстаўратар Сяргей Веремейчык, які чвэрць стагодзьдзя таму прыехаў зь Менска ўздымаць Паўночныя Атэны, досыць крытычны ў ацэнках зробленага. Дух Агінскага ў адрамантаваным будынку застаўся?

— Ведаеце, Сяргей Іванавіч — прафэсіянал зь вялікай літары. У дадзеным выпадку маё слова павінна схавацца далёка і глыбока, я ня маю права нешта нават камэнтаваць. Яму ў гэтым пляне лепш бачна. Канечне, з этыкай рэстаўратара, напэўна, там ня ўсё ў парадку. Зь іншага боку, як тут і цяпер мы бачым цяперашнія рэаліі, дык будынак — ужо цёплы, ужо даволі гасьцінны. Прыемна, што хоць бы сьцены там аўтэнтычныя. Шкада, канечне, што не захавалі кафлі, што печы кудысьці выпарыліся, выветрыліся ў трубу. Але прынамсі добра, што шматпакутны палац ужо ня сыпіцца, ні крышыцца, ні абвальваецца.

Ужо нават не паціху, а досыць шпарка запаўняецца экспанатамі музэй — зноў жа, дзякуючы руплівасьці асобных людзей, прафэсіяналаў. З пункту гледжаньня рэстаўрацыі, напэўна, можна закінуць шмат важкіх заўвагаў, але сядзіба ёсьць! Сказаць, што лепш бы ня браліся? Ня ведаю, кожную сытуацыю, мабыць, трэба разглядаць асобна. Бо што ў нас адбываецца зь Верхнім горадам у Менску? Яго, па-сутнасьці, няма. Што адбывалася з мноствам сядзібаў — дзясяткі, сотні унікальных помнікаў гінуць на нашых вачах! Што робяць з Наваградзкім замкам — як пракамэнтаваць тое, што там зараз “рэканструююць”? Таму хоць так...

________________________________________________

Аляксей Фралоў нарадзіўся ў 1974 годзе ў Менску. Скончыў музычны ліцэй пры Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі, а ў 1997-м — і саму ўстанову па клясе фаготу. Шлях да музыкі абраў, дзякуючы бацькам: маці ад 4 гадоў вадзіла сына ў філярмонію і опэрны тэатар, бацька сам быў выдатным габаістам, салістам Сымфанічнага аркестру Беларускай філармоніі, адным са стваральнікаў ансамблю старадаўняй музыкі «Кантабіле». Першы беларускi фагатыст, якi атрымаў прызнаньне на прэстыжных эўрапэйскiх конкурсах як выканаўца-салiст. Саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі, стваральнік і кіраўнік трыа «Вытокі», аўтар культурных ініцыятываў, дасьледчык старадаўняй беларускай музыкі. Мастацкі кіраўнік фэсту «Год Агінскага ў Залесьсі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG