Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Курапатах пазначылі на мясцовасьці «Дарогу сьмерці» ФОТА


Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» пазначылі на мясцовасьці межы «Дарогі сьмерці». Гэта сталася магчымым у выніку пастановы Міністэрства культуры ад 1 сьнежня 2014 года, якая зацьвердзіла новыя межы ахоўнай зоны Курапатаў.

У адпаведнасьці з гэтай пастановай, а таксама паводле картаграфічных матэрыялаў спэцыялісты дакладна вызначылі «Дарогу сьмерці» і пазначылі яе калкамі зь бел-чырвона-белымі стужкамі.​

Асобна была пазначаная ўсходняя мяжа ахоўнай зоны Курапатаў. Гэткімі ж пазнакамі межаў дарога будзе ўладкаваная па ўсёй яе працягласьці, каб яна была відочнай і з цягам часу стала часткай курапацкага мэмарыялу, сказаў Свабодзе адзін з ініцыятараў акцыі Марат Гаравы:

«Канечне, пакуль гэта тое, што мы можам зрабіць сёньня, але мы будзем дамагацца мэмарыялізацыі гэтага месца. Што „Дарога сьмерці“ стане часткай гісторыка-культурнай каштоўнасьці „Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1941 гадоў ва урочышчы Курапаты“. Мы будзем дамагацца, каб яна была ўключаная ў склад урочышча Курапаты».

«Дарога сьмерці» шырынёю тры мэтры — гэта дарога, праз якую сталінскія карнікі вазілі на расстрэл у Курапаты цывільных жыхароў Беларусі. На сёньня гэта ральля, але пры мяжы Курапатаў частка дарогі засталася ў тагачасным выглядзе, дзе паблізу і былі пазначаныя межы ў працяг дарогі. Пазнака мяжы ахоўнай зоны Курапатаў паўстала за шэсьць мэтраў ад «Дарогі сьмерці». Удзел у акцыі прынялі вядомыя творцы і мастакі: скульптар Алесь Шатэрнік, мастакі Аляксей Марачкін і Мікола Купава, кіраўніца Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, грамадзкія актывісты Вацлаў Арэшка, Марат Гаравы і іншыя. Адзін з удзельнікаў акцыі, мастак Мікола Купава адзначыў:

«Усталяваньне дакладных межаў „Дарогі сьмерці“ — гэта удакладненьне і пачатак новага жыцьця курапацкага нэкропалю — мэмарыялу які існуе. Але гэтай акцыяй мы хочам напоўніць яго большай канкрэтыкай і зьместам. Бо мэмарыялізацыя Курапатаў далёка ня поўная і непаўсюдная. Спадзяемся, што гэта стане часткай працы па выяўленьню поўнай колькасьці расстраляных людзей, хто быў загублены, а таксама хто гаспадарыў у Курапатах. Гэта мае стаць пачаткам больш асэнсаванага мэмарыялу».

Актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» таксама стварылі аргкамітэт па правядзеньні дакумэнтальна-мастацкай выставы пад назвай «Праўда пра Курапаты. Факты. Дакумэнты, Сьведчаньні», якая адкрыецца ў Менску 30 кастрычніка. Падчас выставы яны плянуюць абвясьціць пачатак Нацыянальнага конкурсу па мэмарыялізацыі Курапатаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG