Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 4 кастрычніка 2015: 35 гадоў з дня аўтакатастрофы Пятра Машэрава, каты і сабакі ў Менску шукаюць гаспадароў


Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

Дабрачынная акцыя «Быць дабру!», прысьвечаная Міжнароднаму дню абароны жывёлаў, пройдзе ад 13.00 да 18.00 у Менскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі (Старавіленскі тракт, 41). У гэты дзень 60 катоў і сабак прыедуць на акцыю ў надзеі знайсьці гаспадара.

Дзіцячыя творчыя майстэрні Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» пачынаюць свой новы восеньскі курс «Унутры карціны» пад кіраўніцтвам мастацтвазнаўцы Сафіі Садоўскай. На кожных занятках будзе абраная адна вядомая карціна для яе разгляду і стварэньня сваіх маленькіх шэдэўраў. Дзіцячыя творчыя майстэрні — праект Галерэі «Ў», створаны для дзяцей ад 7 да 12 гадоў, асноўная задача якога — раскрыцьцё творчага патэнцыялу і разьвіцьцё вобразнага мысьленьня маленькага чалавека праз навучаньне розным мастацкім тэхнікам, знаёмства з гісторыяй мастацтваў, а гэтак жа з сапраўднымі мастакамі, куратарамі, мастацтвазнаўцамі, дызайнэрамі, пісьменьнікамі, паэтамі і музыкамі. Заняткі будуць праходзіць кожную нядзелю ад 14.00 да 15.30. Уваход платны.

У гісторыі:

1498 — Полацак атрымаў Магдэбургскае права.

1957 — Савецкі Саюз запусьціў у космас першы штучны спадарожнік Зямлі.

1965 — падчас першага ў гісторыі папства візыту папы рымскага Паўла VI у ЗША ён выдаў булу, у якой з габрэяў здымаліся абвінавачаньні ў сьмерці Ісуса Хрыста.

1993 — прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын для ажыцьцяўленьня свайго ўказу аб роспуску Вярхоўнага Савету ўвёў бранетанкавыя войскі ў Маскву, і ажыцьцявіў штурм будынка парлямэнту.

У памяці:

1980 — у аўтамабільнай катастрофе загінуў першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў.

1981 — памёр беларускі грэка-каталіцкі біскуп Часлаў Сіповіч.

2007 — памёр Яўген Будзінас, беларускі пісьменьнік і журналіст, стваральнік музэю старадаўняй беларускай культуры пад адкрытым небам «Дудуткі»

Цытата:

«Сеў аднойчы ў самалёт

Падарожнік — шэры кот.

Узьляцеў — і тут пабачыў,

Што маршрут ня той — сабачы!

Мяўкнуў шэры і зьдзівіўся:

Як ён гэтак абмыліўся?!

Жучка — злева, Шарык — справа,

І сабачыя аб’явы!.. Пасажыру пасажыр —

Толькі й чуеш: „гаў“ ды „гыр“.

І якія ў іх намеры? —

Як спытацца, як праверыць?..

І куды ляцім, нарэшце?! —

Тут ніяк не разьбярэсься,

Бо наш кот для перамоваў

Па-сабачы — ані слова.

Во — з прычыны той, няйначай,

І купіў білет сабачы...»

Васіль Зуёнак, фрагмэнт верша «Кот адправіўся ў палёт».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG