Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці празь пікет за Караткевіч забаранілі пікет супраць Лукашэнкі


Тацяна Караткевіч у Берасьці. 30 верасьня 2015 году.

Тацяна Караткевіч у Берасьці. 30 верасьня 2015 году.

Берасьцейскі гарвыканкам забараніў сябрам партыі левых «Справядлівы сьвет» зладзіць пікет супраць кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Чыноўнікі спаслаліся, што месца ўжо занятае пад пікет Тацяны Караткевіч.

Як распавяла старшыня берасьцейскай арганізацыі партыі «Справядлівы сьвет» Людміла Дзенісенка, заяўка на пікет была пададзеная на 10 катрычніка:

«Яны спасылаюцца, што будзе іншае масавае мерапрыемства. Спасылаюцца на 9 артыкул закона аб масавых мерапрыемствах, што правядзеньне некалькіх масавых мерапрыемстваў на адным месцы забаронена. Але, я паглядзела, у гэтым законе такога няма. Гэта спасылка, каб забараніць мерапрыемства,» — распавяла Людміла Дзенісенка.

Пікет на вуліцы Савецкай Берасьця актывісты «Справядлівага сьвету» хацелі зладзіць супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі:

«Мэтай пікету было абмеркаваньне праграмы кандыдата Лукашэнкі, а таксама агітацыя супраць гэтага кандыдата. Сваю праграму ён ня выканаў, таму мы хацелі агітаваць, каб нашыя выбаршчыкі за яго не галасавалі. Мы абралі месца, якое вызначана выканкамам для агітацыі. Вызначана ўся вуліца Савецкая. Але ж там пікет за Караткевіч будзе стаяць не на ўсёй Савецкай. Яны стаяць каля помніка ліхтаршчыку, а мы маглі б стаць каля кінатэатра „Беларусь“. Але нам проста забаранілі,» — кажа Людміла Дзенісенка.

Спадарыня Дзенісенка распавяла, што пікеты партыі «Справядлівы сьвет» супраць Аляксандра Лукашэнкі забаранілі і ў іншых гарадах з розным абгрунтаваньнем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG