Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьміцер Палойка — баец-беларус батальёну «Данбас» з пазыўным «Зубр»


Зьміцер Палойка зьлева.

Зьміцер Палойка зьлева.

Зьміцер Палойка з Баранавічаў, якога ўлетку затрымалі па падазрэньні ва ўдзеле ў ваенным канфлікце ва Ўкраіне, прызнаў, што ваяваў на баку ўкраінскага войска ў Данбасе. Ён пераехаў ва Ўкраіны і не плянуе вяртацца ў Беларусь. Таму і пагадзіўся на інтэрвію з карэспандэнтам Свабоды.

40-гадовы Зьміцер Палойка быў вядомы ў Баранавічах як апазыцыйны актывіст. Ён прымаў удзел у многіх акцыях пратэсту. Пасьля 2007 году адышоў ад актыўнай дзейнасьці, працаваў зваршчыкам, езьдзіў на заробкі ў Расею. У сьнежні 2014 году Палойку затрымалі міліцыянты на вакзале ў Баранавічах, калі ён вярнуўся з Украіны. Далі 10 сутак арышту за дробнае хуліганства. Пасьля выхаду Зьміцер распавёў Свабодзе, што яго дапытвалі супрацоўнікі КДБ пра тое, як ён апынуўся ў сьпісах батальёну «Данбас», апублікаваных на расейскіх сайтах.

Зьмітру Палойку быў забаронены выезд зь Беларусі да асаблівага распараджэньня начальніка берасьцейскага КДБ. Палойка казаў, што прыехаў, каб прадаць кватэру ды пераехаць ва Ўкраіну, дзе меркаваў ажаніцца. З-за забароны на выезд ажаніцца давялося ў Баранавічах, куды прыяжджала яго ўкраінская нявеста. Толькі празь некалькі месяцаў Зьміцер змог выехаць зь Беларусі ва Ўкраіну, цяпер жыве з жонкай у прыфрантавым горадзе Курахава.

Байцы батальёну «Данбас». Зьміцер Палойка сядзіць трэці зьлева. У цэнтры — міністар МУС Украіны Арсен Авакаў

Байцы батальёну «Данбас». Зьміцер Палойка сядзіць трэці зьлева. У цэнтры — міністар МУС Украіны Арсен Авакаў

Зьміцер Палойка распавёў карэспандэнту Свабоды, ці служыў ён у батальёне «Данбас», і як складваюцца цяпер яго справы.

«Калі б добрааховотнікі тады не сабраліся, то проста захапілі б Украіну»

«Я даўно актывіст, разумею, што адбываецца і ў Беларусі, і ва Ўкраіне. Калі быў ва Ўкраіне Майдан, я сачыў за гэтымі падзеямі, можна сказаць, начамі ня спаў, глядзеў анлайн-трансьляцыю. А калі захапілі Крым, тады я зразумеў, што гэта вайна. Я лічу Ўкраіну гістарычна блізкай. У мяне было жаданьне чымсьці дапамагчы. І калі б добрааховотнікі тады не сабраліся, то проста захапілі б Украіну. Арміі не было фактычна, кіраўніцтва гэтай арміі не было. Калі я прыехаў, мы былі фактычна партызанамі. Было страшна, калі ты бяз зброі, з нажом, але разумееш, што вораг можа быць са зброяй. Зброі не хапала напачатку. У зоне АТА быў з траўня да канца жніўня 2014 году ў складзе асобага батальёну спэцпрызначэньня «Данбас», служыў пад пазыўным «Зубр».

Беларускіх добраахвотнікаў узнагароджвае Ўкраінская праваслаўная царква. Зьміцер Палойка трэці зьлева ў чорнай вышыванцы

Беларускіх добраахвотнікаў узнагароджвае Ўкраінская праваслаўная царква. Зьміцер Палойка трэці зьлева ў чорнай вышыванцы

«Прымаў удзел у штурмах Папаснага, Лісічанску, зачыстцы Арцёмаўску. Пад Папасным атрымаў лёгкае раненьне ў руку. Прымаў удзел у апэрацыі па недапушчэньні злучэньня войскаў „ЛНР“ і „ДНР“. У жніўні 2014 году патруляваў горад Курахава. У Ілавайск ня трапіў, бо якраз быў у Курахаве, тут быў мой паранены сябар. Тады, перад Ілавайскам, было адчуваньне, што зараз у Данецку зачэпімся і будзем вызваляць горад. Я быў стралком, страляў добра, нават „прыстрэльваў“ зброю. Прапаноўвалі нават у снайпэры перайсьці, на што адказаў, што ў аўтамаце Калашнікава патронаў болей... Я быў у першай роце, напачатку некаторыя не вытрымлівалі псыхалягічна, зьяжджалі дахаты. Былі такія маладзёны, што прыяжджалі, можа, за рамантыкай вайсковай ці адрэналінам. Але я ехаў, бо быў гатовы і памерці. Нават напісаў, каму пакідаю сваю маёмасьць, калі заб’юць. Увогуле, пра баявыя дзеяньні кожны ўдзельнік, кожны салдат можа напісаць нават кнігу. Можна было загінуць у любую хвіліну, любую сэкунду».

«У сьне хаваў загінулых»

«Размаўляць з сэпаратыстамі даводзілася, і сам у палон браў, і дапытваў. Калі палонных бралі, яны такія ўсе жаласьлівыя былі, трэсьліся. У мяне атрымлівалася дапытваць іх, бо я спакойна зь імі гутарыў, яны мне гаварылі, што трэба было. Было такое, што і ГРУшнікаў нашыя бралі ў палон. Сьмерці шмат бачыў — і сваіх, і ворагаў... Першы час, як вярнуўся, ня мог звыкнуцца, што не страляюць. Калі пачыналі салют запускаць, то падскокваў. У сьне хаваў загінулых. Такое адчуваньне, як сядзіш і плачаш над магілай. Потым адышоў, зараз ужо ня так».

«КДБ цікавіла ўсё пра беларусаў, якія ваююць ва Ўкраіне»

«Са жніўня 2014 не ваяваў. У сьнежні вярнуўся прадаць кватэру ў Баранавічах, але тады затрымалі ж. Вы пра гэта ведаеце. Аглядалі мяне, пыталіся што за шнар на руцэ (быў жа паранены). Казаў, што шнар атрымаў на працы ў Расеі. У КДБ пра мяне ведалі. Адна сваячка здавала мяне ім. І яшчэ даўно, нават перад тым, калі зьяжджаў ва Ўкраіну. Калі купіў квіток да Харкава, суседзі распавялі, што прыходзілі асобы ў цывільным зь міліцыянтамі. Я схапіў рэчы, памяняў квіток замест Харкава на Гомель, а ўжо адтуль узяў у Харкаў. А калі ў сьнежні затрымалі ў Баранавічах, то дапытвалі нават іх мясцовыя начальнікі. Псыхалягічна ціснулі, спрабавалі заблытаць, цікавіла іх усё пра беларусаў, якія ваююць ва Ўкраіне... Потым далі забарону на выезд, якую зьнялі толькі празь некалькі месяцаў».

Зьміцер Палойка з жонкай Вітай падчас наведваньня Славянску

Зьміцер Палойка з жонкай Вітай падчас наведваньня Славянску

«Раней многія езьдзілі ў „ДНР“ ваяваць, як на працу»

«У Курахаве чутны мінамётныя абстрэлы. Было і такое, што сюды „град“ прылятаў. Горад невялікі, зараз тут шмат бежанцаў. Ён пад сэпаратыстамі ня быў, тут знаходзіўся батальён „Дніпро-1“, бо тут цеплаэлектрастанцыя важная. Зараз ідуць сюды грошы, ня ўсё ў кішэнях асядае, дамы старыя рамантуюць, вуліцы. Людзі памяняліся, раней быў тут вялікі працэнт прарасейскіх жыхароў. А зараз зразумелі, што вайна — гэта непатрэбная рэч. Раней многія з такіх гарадоў, як Курахава, езьдзілі ў „ДНР“ ваяваць, як на працу. Адбыў вахту, грошы далі — і назад. Былі нават выпадкі, калі жонка мужа здавала, што туды езьдзіць».

«Мы абавязаныя мець грамадзянства Ўкраіны»

«Атрыманьне замежнымі добраахвотнікамі грамадзянства — гэта вялікая праблема. Чакаюць людзі. У Вярхоўнай Радзе законапраект ужо ёсьць, да Новага году павінны прыняць закон. Дэпутаты за яго прагаласуюць. Нам кажуць, што ў любым выпадку дадуць грамадзянства, бо мы проста абавязаныя яго мець. Бо тады (напачатку канфлікту — РС.) многія афіцэры, як кажуць, ня кінуліся бараніць Украіну. Я тут ажаніўся, у мяне від на жыхарства, які потым працягнуць, і праз два гады я магу атрымаць грамадзянства».

Зьміцер Палойка зладзіў школьнікам Курахава прэзэнтацыю пра шлях вайскоўцаў у АТА

Зьміцер Палойка зладзіў школьнікам Курахава прэзэнтацыю пра шлях вайскоўцаў у АТА

«Жанчыны дыктатарамі не становяцца»

«Настальгія ёсьць, канечне. Сачу за падзеямі ў Баранавічах, Беларусі, чытаю прэсу. Прэзыдэнцкія выбары ж зараз. Хаця, тут нават думаць ня трэба, усё вядома. Караткевіч — мяккая. У яе няма амбіцыяў прэзыдэнцкіх. Народу трэба чалавек са стрыжнем унутры. Хаця, калі б раптам прыйшла да ўлады, было б добра. Жанчыны дыктатарамі не становяцца. У 1994 годзе, калі абралі Лукашэнку, я быў у войску. Дарэчы, прымаў прысягу пад бел-чырвона-белым сьцягам і гербам „Пагоня“. Я тады ня мог зразумець, як можна было галасаваць за старшыню саўгасу».

«Ва Ўкраіне нават сярод сэпаратыстаў ёсьць украінамоўныя»

«Людзі ва Ўкраіне такія ж, толькі яны лепш свае правы адстойваюць, менш страху маюць. Украінцы — такі народ, што калі іхняга б’юць, то яны рэальна ідуць на дапамогу. У нас такога няма. Ва Ўкраіне нават сярод сэпаратыстаў ёсьць украінамоўныя. Я такому аднаму казаў: „За які, маўляў, ты „рускі сьвет“? Калі ты прыедзеш у Расею ды будзеш размаўляць на ўкраінскай мове, то там цябе будуць калгасьнікам лічыць. Які зь цябе „рускі сьвет“? Прачніся, кажу“. Наконт будучыні Данбасу: пакуль мяжа не на замку ўкраінскіх памежнікаў, то гэта будзе кшталту Прыднястроўя. Там вайна ня скончыцца ніколі, там пастаянна будуць страляць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG