Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфармацыйная кампанія супраць абраньня прэзыдэнтам Лукашэнкі пачалася з затрыманьня


У Гомелі дэмакратычныя актывісты распачалі інфармацыйную кампанію супраць абраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам на пяты тэрмін.

Напачатку Ўладзімер Кацора і Ўладзімер Сякерка падалі заявы ў выбарчую камісію Чыгуначнага раёну з просьбай прадаставіць памяшканьне для сустрэчы з выбарцамі. Гэтая сустрэча мела на мэце «правядзеньне агітацыі супраць абраньня прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь грамадзяніна Лукашэнкі А. Р. і абмеркаваньне праграмаў іншых кандыдатаў у прэзыдэнты, а таксама стану сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне».

У заяве пазначана дата й месца для сустрэчаў: 7 кастрычніка — палац культуры «Гомсельмашу» і сярэдняя школа № 57 на вуліцы Восіпава.

Заяўнікі атрымалі вусную згоду на сустрэчу ад сакратаркі раённай выбарчай камісіі Людмілы Мяшковай. Пры гэтым сакратарка патлумачыла, што даваць пісьмовы адказ камісія не абавязана.

«Яны не маглі не пагадзіцца на арганізацыю такіх сустрэчаў, бо паводле 45-га артыкулу Выбарчага кодэксу сходы ў памяшканьнях могуць праводзіць ня толькі кандыдаты ў прэзыдэнты альбо іх давераныя асобы, але і грамадзяне ці ініцыятыўныя групы. Трэба толькі, каб у замоўлены час у памяшканьні не было іншага мерапрыемства. А папярэднюю згоду кіраўніцтва школы і палаца культуры мы атрымалі», — апавёў рэгіянальны каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Ўладзімер Кацора.

2 кастрычніка чальцы ініцыятыўнай групы пачалі раздаваць гараджанам запрашэньні на сустрэчы. Але супрацоўнікі Цэнтральнага райаддзелу міліцыі затрымалі распаўсюдніка запрашэньняў Сяргея Касабуцкага. Сустрэчы, маўляў, плянуюцца ў Чыгуначным раёне, а ўлёткі раздаюць і ў Цэнтральным. Аднак трымалі актывіста ў пастарунку нядоўга, пакуль тэлефанавалі і высьвятлялі.

Раней мясцовыя актывісты, у тым ліку й беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», падавалі заяўкі ў Гомельскі гарвыканкам на правядзеньне пікетаў і шэсьцяў для агітацыі супраць абраньня прэзыдэнтам Аляксандра Лукашэнкі. Аднак гарвыканкам блякаваў ініцыятыву, спасылаючыся на невыкананьне заяўнікамі пунктаў 1 і 3 рашэньня гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах» — яны паслугі міліцыі і спэцтранспарту не аплацілі і ў нявызначаных месцах масавыя мерапрыемствы жадаюць зладзіць.

XS
SM
MD
LG