Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Стэфановіч: Ведаю выпадкі, калі адмянялі судовую пастанову, бо СМС не дайшло


Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Аштрафаваныя днямі за несанкцыянаваныя пікеты апазыцыянэры Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў і Анатоль Лябедзька былі выкліканыя ў суд нязвыклым для Беларусі чынам — праз СМС-паведамленьне.

«Тое, што пачалі праз СМС выклікаць у суд, а не праз звычайныя позвы, гэта і вызначыць неяк складана. Бачна, што ўжо ніхто ні з чым ня лічыцца. Паставілі на канвэер, каб заадно папаўняць бюджэт грашыма», — пракамэнтаваў такую форму выкліканьня ў суд Уладзімер Някляеў.

Ці законна дзейнічаў судовы сакратар Цэнтральнага суду, калі выклікаў апазыцыянэраў на разгляд справы СМС-паведамленьнем?

Вярхоўны суд зрабіў на гэты конт заяву, што закон у дадзеным выпадку ня быў парушаны:

«У Беларусі выкарыстаньне іншых сродкаў сувязі для накіраваньня судовых позваў, у прыватнасьці такога віду сучаснай камунікацыі, як СМС-паведамленьне, пра час і месца судовага паседжаньня юрыдычна зацікаўленых у выніку справы асобаў рэглямэнтавана працэсуальнымі нормамі і дзейнымі ў судах агульнай юрысдыкцыі інструкцыямі па справаводзтве», — адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы Вярхоўнага суду.

Вярхоўны суд спаслаўся на пастанову пленуму Вярхоўнага суду ад 21 сьнежня 2012 году «Аб практыцы разгляду спраў у парадку завочнай вытворчасьці», у якой сказана, што «ў неабходных выпадках інфармаваньне дазваляецца з выкарыстаньнем электрасувязі», але пры ўмове «фіксацыі факту адпраўленьня і дастаўкі такога паведамленьня адрасату».

Паводле прэсавай службы Вярхоўнага суду, інфармаваньне праз СМС асобаў, якія прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці, прадугледжанае артыкулам 10.9 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Таксама ў Вярхоўным судзе спаслаліся на пукт 106 часткі 7 «Інструкцыі па справавытворчасьці», якая зацьверджана для судоў агульнай юрысдыкцыі загадам старшыні Вярхоўнага суду Валянцінам Сукалам у кастрычніку 2014 году. «Асобы могуць быць выкліканыя ў судовае паседжаньне тэлефанаграмай, тэлеграмай, праз электронныя і СМС-паведамленьні пры фіксацыі факту адпраўкі і дастаўкі такога паведамленьня адрасату», — паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суду са спасылкай на інструкцыю.

Але што рабіць у выпадку, калі СМС-паведамленьне з пэўных прычын да адрасата не дайшло, але працэс адбыўся завочна і з вынікам яго чалавек ня згодны? Ці можа гэта паўплываць на юрыдычныя вынікі перагляду справы?

Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч гэтак пракамэнтаваў Свабодзе практыку выкліку на суд праз СМС:

Правы тых, каго гэтак выклікаюць у суд, калі гэта належным чынам зафіксавана, не парушаюцца

«З пункту гледжаньня закону інфармаваньне праз СМС магчыма, такая практыка існуе і становіцца ўсё шырэйшай. Правы тых, каго гэтак выклікаюць у суд, калі гэта належным чынам зафіксавана, не парушаюцца. Між тым бываюць розныя сытуацыі, калі СМС-паведамленьне да чалавека не дайшло з тэхнічнай прычыны. Калі справу чалавека разгледзелі завочна, а ён не атрымліваў СМС-паведамленьня пра час і месца працэсу, варта зьвярнуцца ў суд і паспрабаваць гэта даказаць. У тым ліку можна ўзяць раздрукоўку ў службах мабільнай сувязі і прадставіць яе суду, каб суд у сваю чаргу даказаў, што ён інфармаваў чалавека пра час і месца правядзеньня паседжаньня належным чынам. Калі ўдасца даказаць, што СМС чалавек не атрымліваў, гэта падстава для адмены судовага рашэньня, у прыватнасьці адміністрацыйнай пастановы».

Паводле Валянціна Стэфановіча, у нашай праваабарончай практыцы ўжо здараліся выпадкі, калі ў судах удавалася даказаць, што СМС-паведамленьні не даходзілі і праз гэта адмяняць вынікі завочных працэсаў. «Такіх выпадкаў ужо ведаю шмат», — сказаў праваабаронца.

Чаму Мікалая Статкевіча, Уладзімера Някляева і Анатоля Лябедзьку выклікалі ў суд не звычайнай позвай па пошце, а праз СМС? Ці не сьпяшаліся пакараць?

«Пытаньне да судзьдзяў. Адносна палітыкаў такое ўпершыню, але адносна звычайных людзей — гэта ўжо распаўсюджаная практыка. Тут варта казаць і пра іншае: людзей прыцягнулі да адказнасьці за тое, што ў час выбараў яны публічна выказвалі свае меркаваньні адносна важных для грамадзянаў рэчаў. Атрымліваецца, што дзяржава іх у гэтым праве абмежавала ды яшчэ і пакарала», — сказаў Валенцін Стэфановіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG