Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айцец Надсан: з пакаленьня маіх бацькоў


Айцец Аляксандар Надсан.

Айцец Аляксандар Надсан.

Колькі ж лёсавых перапляценьняў, яшчэ даступных жывым дзецям-наступнікам, схавана ў часе, які няўмольна аддаляецца!

Гэта напраўду — сьвет цесны. У школе, 2-й гарадзейскай, што на Нясьвішчыне, я вучыўся з Валодзем М. Яго маці працавала з маім бацькам на цукровым заводзе. Мы заўсёды віталіся, яна вельмі прыязна ўсьміхалася, далікатна папраўляючы акуляры на мілым круглявым твары. Прамінула амаль паўстагодзьдзя. І я дазнаюся, што Соня Саракавік, будучая маці Валодзі, вучылася ў адной клясе з Аляксандрам Бочкам, будучым айцом Надсанам.

Сьвет Божы, сьвет цесны

Пакаленьне бацькоў рабілася ўадначасьсе раднейшае і цясьнейшае мне (згадаю зусім асабістае: мая мама, аднаго, 26-га года з Надсанам, таксама, як і ён, вучылася ў Нясьвіскай сэмінарыі). Колькі ж лёсавых перапляценьняў, ня раз падумаецца, яшчэ даступных жывым дзецям-наступнікам, схавана ў часе, які няўмольна аддаляецца! Маму, на жаль, не распытаю, нядаўна памерла. Як і Соня, якая нашмат раней пакінула гэты сьвет. Гадоў колькі няма і аднаклясьніка Валодзі, весялуна-арыгінала, таленавітага матэматыка і радыёэлектроншчыка...

Тая школа ў Гародзяі (Гародзяй — менавіта гэтак па сёньня называюць задаўненае Замір’е, затым, падзяляючы селішча на пасад, сяло і вёску, называлі мястэчка і, нарэшце, сёньняшнюю Гарадзею з цукровым камбінатам) была пры самай чыгунцы на рагу вуліц — Залінейнай і Краснагорскай. Яе прадаўгаваты будынак ацалеў і выглядае на старое судначка, даўно прыгнанае да берага; я меў шчасьлівую акалічнасьць фатаграфаваць яго яшчэ за два гады да сьмерці айца, дазнаўшыся, нарэшце, што гэта і ёсьць «дом Надсана». Здымаў з радасьці, але й адчуваньня абавязку, на той «пажарны» выпадак, што гісторыя Айчыны, ня маючы належнай аховы дзяржавы, гарыць або дагарае — сёньня ёсьць, заўтра ня ўбачыш: зьнесьлі, спалілі, растрэсьлі, пусьцілі на вецер.

1.Дом Надсана на рагу вуліц Залінейная-Краснагорская ў Гародзяі. 2013

Пазьней, зноўку фатаграфуючы гародзейскі дом Надсана па яго сьмерці (айцец спачыў сёлета на 89-м годзе ў Лёндане), я першае што падумаў: «Ён вернецца ў Гародзяй, на гэты рог бацькоўскай зямлі, ашчаджоны Госпадам, на гэты чыгунна-сталёвы шлях „усход — захад“, каб адсюль імкнуць да неба, прамаўляць свае нябёсныя лірычныя малітвы ў родным слове вуснамі беларусаў, сэрцамі мільёнаў, душамі прагных Божага слова. Тут мусіць быць Музэй уніяцтва, з каплічкай, грэка-каталіцкай царквой, адукацыйным цэнтрам і бібліятэкай, роўнымі лёнданскім. Музэй імя Аляксандра Надсана». Хай будзе праўдай тое, што думкі часам матэрыялізуюцца!

2. Замок на дзьвярах верандачкі. Хочацца адчыніць дзьверы, пайсьці па школьным калідоры, прыслухацца, пачуць галасы. 2015

3. Школьнае пасьведчаньне аб пасьпяховасьці Аляксандра Бочкі за 4 клясу. 1937. Знойдзена мясцовым краязнаўцам Аляксандрам Абрамовічам падчас прыбіраньня сядзібы ў 2015 годзе.

І яшчэ адна згадка, нягучная, зусім бяз патасу прыцягвала, родніла мяне з пакаленьнем бацькоў, з домам Надсана: міма яго, жывучы амаль побач не адзін год, я праехаў-прайшоў можа тысячу разоў. З дому і дадому. У сьнег-завіруху і ў сьветлыя майскія дні. Ад мамы і да мамы. Тысячу разоў, дыхаючы «адным паветрам»! А ня ведаў... Ніхто за руку не прывёў. Не сказаў-наказаў: «Тут была старая школа, дзе вучыўся...». О, якое кіно закруцілася б у тым маім уяўленьні! Гэтулькі падрабязнасьцяў ажыло б у тэй крыху альбомнай мэлёдыі замірскага мястэчка. І колькі б дадалося ўсяго шляхетнага, вартага прыкладу, крытычнага асэнсаваньня і перайманьня: палац Брахоцкіх у ваколіцах з пленэрамі Напалеона Орды, нечаканае зьяўленьне-прыезд у мястэчка Ігната Дамейкі, цень прыгожа-сьветлага Жылкі на бруку, а побач — паўсталых абліччаў двух уніяцкіх сьвятароў Міхася і Кастуся Маскалікаў...

Але ці магло такое быць? Хіба, як кажуць, зьбегам абставінаў і акалічнасьцяў. Засьцярожлівасьць у сямейным коле, боязь палітыкі і свайго мінулага ў грамадзтве, знак «правільна» халоднай савецкасьці, вушы «сэксотаў» рабілі сваю справу — разьядноўвалі і аддалялі, труцілі і расьсейвалі наш беларускі дух...

4. Брукаванка ўздоўж чыгункі па вуліцы Стаўпецкай. 2015.

Імя Надсана прыйшло да мяне шмат пазьней, прыканцы 70-х, калі час ад часу разгортваў газэту «Голас Радзімы», зрэдку друкаваў там свае рэцэнзіі. І пашчасьціла ж натрапіць на «памфлет», дзе аўтар, нарэшце, адкрыў для мяне Асобу ў маёй блізкай геаграфіі: месцам нараджэньня асобы-героя была Гарадзея. «Памфлеты» партыйна-савецкай пэрыёдыкі я ўжо няблага ўмеў чытаць, каб зарыентавацца: белае — гэта чорнае і наадварот; амаль так. З публікацыі тырчэлі вялізныя вушы, аднак ані не заміналі адфільтраваць патрэбную інфармацыю. Я сказаў «дзякуй» аўтару, а вось на далейшае не хапіла імпэту, сьмелай цікавасьці, волі і часу. Я ня змог захапіцца новай тэмай, ня выйшаў на гародзейскую вуліцу, на брукаванку, ды не адну, не пастукаўся да людзей — тым, каго мог распытаць, было ўсяго па шэсьцьдзясят ад нараджэньня. І сярод іх Аляксандар Баханчык — Саша, лепшы сябар дзяцінства Надсана. Таксама з пакаленьня маіх бацькоў. Пэўна ж, не адзін кубак гарбаты выпілі б зь ім, седзячы за ціхай размовай... Пазьней, па яго сьмерці (Вечнасьць векавечная!..), ужо літаральна нядаўна, месяц таму, я натраплю на ягоныя лісты 1995 −1997 гг. і ледзьве ня выгукну чарговы раз: «Сьвет божы, сьвет цесны...»

І сьвет — бясконцы, духоўны, у які паклікаў нас сьветлай малітвай і сваім жыцьцём айцец Надсан.

А пра лісты я напішу. Мо, крыху пазьней, як тройчы наведаю месца (травень — верасень), дзе пахована Ганна Іванаўна Бочка, маці Надсана, як распавяду пра сустрэчы на дарогах нядаўняга лета, якія дапоўняць загадкавы мацярынскі вобраз Ганны Іванаўны. Зрэшты, ня менш загадкавы, чым бацькаў: адкуль зьявіўся ў Гародзяі Антон Бочка, дзе і што рабіў дагэтуль, — блыталіся ў пытаньнях і адказах нават беларускія спэцслужбы... А пытаньне, дзе ён пахованы, застаецца для нас і па сёньня... Мне надарыцца і прыемная нечаканасьць: у мястэчку Чэрвені, што на Меншчыне, я натраплю на коўдрачку-плед, якім Ганна Іванаўна затуляла малога Шурыка; яго зьберагла жанчына, настаўніца, каб споўніць сваю надзею — перадаць у музэй Надсана як захаваную памятку, патэнцыйны экспанат. І да музэя айца Надсана ў Гародзяі мы яшчэ таксама вернемся. Сачыце за публікацыямі. Да сустрэчы!

Валер Дранчук

5. Рэчка Гародзейка, прыток блізкай ракі Вушы, цячэ недалёка Надсанавай хаты. Мясцовая «цывілізацыя» праглынула гэты крышталік прыроды. Але шмат чаго магчыма захаваць і аднавіць. 2015.

7. Ад дома Надсана да першых вытворчых кангламерацый цукровага камбіната — пятнаццаць хвілін хады. Пасялковая вуліца, нягледзячы на заводзкія карпусы праз дарогу, актыўна засяляецца. 2015.

8. Чыгуначны вакзал на станцыі «Гарадзея». 2015

9. Мураваны надпіс на адным з прывакзальных будынкаў — складскім памяшканьні. 2014 Фота 10

10. Сучасная школа. Выгляд з вуліцы Школьнай. 2015

11. Новая царква (пачатак ХХІ ст.) стала прыкметным архітэктурным акцэнтам мястэчка. Так званая «старая» знаходзіцца крыху наводшыбе, пры могілках, у лясным урочышчы Урвант (Мірскі напрамак).

12. Станцыйны вакзал прымае і праводзіць шматлікіх гасьцей, якія едуць у Нясьвіж (14 км) або Мір (25 км). У начных вокнах відаць два рэдкія ў сваіх памерах пано (на здымку зьлева і справа ўверсе), прысьвечаныя славутым мясьцінам.

Фота аўтара

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG