Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аліневіч прэзэнтуе ў Польшчы пераклад сваёй турэмнай кнігі


Ігар Аліневіч, архіўнае фота

Ігар Аліневіч, архіўнае фота

Былы палітвязень Ігар Аліневіч правёў сустрэчы з чытачамі ў Варшаве, Познані, Кракаве, Катавіцах, Любліне.

Ігар Аліневіч паведаміў «Свабодзе», што пераклад на польскую мову нядаўна выйшаў у анархісцкім выдавецтве «Тройка», якое знаходзіцца ў Познані. Прэзэнтацыя кнігі была ўжо была заплянаваная, і нечакана Ігара Аліневіча вызвалілі. І ён сам змог цяпер паехаць у Польшчу і сустрэцца з чытачамі. Яго запрасілі польскія паплечнікі, сказаў ён.

Залежна ад гораду публіка прыходзіць розная, распавядае Ігар:

«Ня толькі анархісты, але студэнцкія актывісты, неабыякавыя людзі, якія нават з Польшчы пісалі мне, даведаўшыся пра мой лёс. У прыватнасьці, экс-палітзьняволеныя з польскай „Салідарнасьці“, якім я вельмі ўдзячны. Яны перадавалі мне і рэчы, і прадукты. Мне было прыемна разумець, што людзі, якія прайшлі праз гэтае пекла, не забыліся, памятаюць і падтрымліваюць такіх жа, як яны».

У асноўным на прэзэнтацыю прыходзяць палякі, прызнаецца Аліневіч. Ёсьць хлопцы зь беларускай эміграцыі, канечне, але ў асноўным гэта палякі: «Прычым з розных слаёў грамадзтва. Нядаўна я быў у Кракаве, і прысутнічалі прафэсары Кракаўскага ўнівэрсытэту, якім спадабалася кніга, і яны задавалі многа пытаньняў. Спачатку плянаваў сустрэчы ў трох гарадах, але сталі паступаць новыя запрашэньні. Канечне, прыемна, што кніга выклікае такую цікавасьць».

Для палітвязьня было падзеяй, што «Еду в Магадан» выйдзе за мяжой. Ігар Аліневіч прызнаецца:

«Для мяне гэта было шокам, калі даведаўся, што кніга стала перакладацца на іншыя мовы. Усё-ткі я разьлічваў, што яна больш для беларускай, для рускамоўнай аўдыторыі, для паплечнікаў. Навіны цяпер паступаюць кожны дзень. Я даведаўся, што большая частка перакладу на нямецкую мову ўжо закончана. А таксама што на днях грэцкія паплечнікі таксама прыступілі да перакладу. Так што гісторыя кнігі не сканчаецца, тым больш я хачу дадаць у яе разьдзелы, якія не былі апублікаваны, гісторыі пра людзей, з каторымі я сядзеў, якім быў іхні лёс. А таксама думаю напісаць працяг».

У пэўным сэнсе з турэмнай кнігай Ігара Аліневіча паўтараецца гісторыя твора Францішка Аляхновіча «Ў кіпцюрох ГПУ», якая стала падзей у 1930-х гадах, калі яе пераклалі на асноўныя эўрапейскія мовы. «Еду в Магадан» была адзначана прэміяй імя Францішка Аляхновіча. На жаль, былому палітвязьню ягоны вядомы твор у рукі пакуль ня трапіў:

Для мяне гэта было шокам, калі даведаўся, што кніга стала перакладацца на іншыя мовы

«Я атрымаў прэмію імя Аляхновіча, але саму кніжку „Ў кіпцюрох ГПУ“ я так і ня змог атрымаць. І да гэтага часу гэта такі цяжар: як так атрымалася — я прачытаў вельмі многа гулагаўскай літаратуры, але кнігу Аляхновіча не змаглі знайсьці, каб перадаць мне на зону».

Прэзэнтацыі польскага перакладу заканчваюцца нефармальна, кажа Аліневіч.

Для яго вельмі важныя гэтыя сустрэчы і размовы зь людзьмі, многія зь якіх увесь час перажывалі за яго, падтрымлівалі. Яны расказваюць, як радаваліся, калі даведаліся, што Ігара зь іншымі палітвязьнямі вызвалілі: «Пастаянна мяне даганяе мінулае, нядаўнія падзеі», кажа ён. Хтосьці адзначаў шампанскім, а хтосьці тэкілай. Тэлефанавалі адзін другому, каб сустрэцца, адзначыць. Нават няёмка чуць гэта, але прыемна, прызнаецца Ігар.

XS
SM
MD
LG