Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі муміфікаванай дзяўчынкі атрымалі па 19 гадоў турмы


Віялета і Максім — у браніраванай шкляной клетцы Гомельскага абласнога суду

Віялета і Максім — у браніраванай шкляной клетцы Гомельскага абласнога суду

2 кастрычніка калегія крымінальных спраў Гомельскага абласнога суду вынесла прысуд Віялеце Грыгор’евай і Максіму Халалеенку — бацькам, якіх прызналі вінаватымі ў забойстве і пакіданьні ў небясьпецы ўласных малалетніх дзяцей. Абое яны пакараны 19 гадамі турэмнага зьняволеньня. Бацька будзе адбываць пакараньне ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, яму прызначана таксама прымусовае лячэньне ад алькагалізму.

Бабуля дзяцей, прызнаная ў справе пацярпелай, адмовілся ад нейкіх камэнтароў наконт тэрміну пакараньня. Раней у судзе яна выказала сваё стаўленьне да ўчынкаў дачкі і «зяця»:

«Што заслужылі, тое і атрымалі. Дзіця зьнішчылі — замкнулі дзьверы, сышлі».

Пры гэтым яна выказала сумнеў, што Віялета хацела сьмерці немаўляці.

Адвакатка Грыгор’евай Вікторыя Мялешка адразу пасьля абвяшчэньня прысуду пераказала журналістам волю падабароннай:

«Будзем абскарджваць вырак у Вярхоўным судзе, і ён вырашыць, правільна вызначана пакараньне, ці не. Мы з падабароннай настойвалі на перакваліфікацыі абвінавачваньня — з забойства на пакіданьне немаўляці ў небясьпецы. Гэта воля і пазыцыя Віялеты Грыгор’евай — яна раскайваецца, разумее, што ўчыніла злачынства. У яе неблагая характарыстыка, яна нармальна даглядала сваіх дзяцей. Гэта вядома з паказаньняў у судзе прадстаўніка аддзелу адукацыі Чыгуначнага раёну. У Віялеты засталося трое дзяцей, якіх выхоўвае бабуля».

Агалошваюць прысуд

Агалошваюць прысуд

Ланцужок злачынстваў маладой маці выявіўся сёлета ў студзені. У пад’езьдзе аднаго з дамоў на вуліцы Мазурава быў знойдзены нованароджаны хлопчык. Міліцыя высьветліла, што нарадзіла яго ў сьнежні 32-гадовая Віялета Грыгор’ева. Гэта было яе пятае дзіця. Трох старэйшых гадавала бабуля. Аднак узьнікла пытаньне, куды падзелася Сьняжана, нарожаная ў лютым 2014 году. Менавіта бабуля і ўсчала трывогу. Урэшце яна сама з сацыяльным пэдагогам і адшукала Сьняжану ў замкнёнай маласямейцы «зяця» на вуліцы Касманаўтаў у мікрараёне «Гомсельмаш». Трохмесячная дзяўчынка праляжала ў дзіцячым вазку восем месяцаў, ператварылася за гэты час у мумію. Жудасная гісторыя ўскалыхнула ня толькі Гомель, але бадай і ўсю краіну.

Судовая калегія, як і сьледзтва, кваліфікавала такі ўчынак як жорсткае групавое забойства — за гэта маці і бацька атрымалі па сямнаццаць гадоў зьняволеньня. Яны наўмысна пакінулі бездапаможную дачку ў кватэры адну, ведаючы, што бяз догляду яна памрэ.

Яшчэ два гады суд дадаў бацькам за хлопчыка, пакінутага ў пад’езьдзе — гэта расцэнена судом як пакіданьне немаўляці ў небясьпецы.

Гомельскі абласны суд

Гомельскі абласны суд

На сьледзтве пад відэазапіс Віялета Грыгор’ева апавяла пра трагэдыю «муміфікаванай дачкі». У траўні яна гуляла са Сьняжанай па вуліцы і спаткала Максіма, біялягічнага бацьку Сьняжаны. Той ужо быў нападпітку. Вырашылі пагутарыць у ягонай маласямейцы. Купілі па дарозе бутэльку гарэлкі ды закуску. На кухні Віялета неспадзявана прагаварылася, што атрымала пасьляродавыя грошы і «ўсе аддала маці». Максім запсіхаваў, бо разьлічваў набыць на гэтыя грошы мабільнік і сёе-тое яшчэ.

«Потым ён наагул стаў непрытомным, кінуўся да дзіцячага вазка і, прыгаворваючы, «ні сабе, ні людзям, нікому», стаў душыць малую. «Яна толькі піскнула — і ўсё. Як мышка... А потым пачала сінець».

У судзе Віялета зьмяніла паказаньні. З маласямейкі яны нібыта з Максімам пайшлі ў краму купляць прадукты — Сьняжана ў гэты час была жывая, спала ў вазку. Абое бацькі былі п’яныя і ня цямілі, што рабілі.

З крамы на прапанову Максіма яны наагул выправіліся ў прыгараднае паселішча Клёнкі, дзе й заначавалі на беразе Сожа. Ну, а раніцай спалохаліся, што кінулі Сьняжану ў небясьпечным для жыцьця і здароўя становішчы.

Зрэшты, судова-мэдычнай экспэртызе не ўдалося ўстанавіць, ці была задушана Сьняжана , ці памерла без кармленьня й догляду.

«Усе дасьледаваньні, якія маглі правесьці, мы правялі. Прычыну сьмерці немаўляці ўстанавіць не ўдалося, бо прайшло шмат часу, наступіла муміфікацыя, зьмяніўся стан унутраных органаў, і гэта абцяжарыла высновы», — патлумачыў рэгіянальны прастаўнік камітэту дзяржаўных экспэртызаў.

У справе выяўлены акалічнасьці, якія толькі абцяжарваюць віну — гэта п’янства і бадзяжніцтва бацькоў.

Абарона Максіма будавалася на тым, што ён наагул ня мае дачыненьня да забойства. Што да Віялеты, то яе абаронца мяркуе, што ні пэдагогі, ні органы апекі, ні бабуля не зьвярнулі ўвагу на тое, што шматдзетная маці стала надоўга сыходзіць з сям’і. Калі б у той час Віялету пазбавілі бацькоўскіх правоў, то трагедыі магло б і ня быць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG