Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пераважная большасьць нашых людзей па-беларуску чытаюць сяк-так, а пісаць наогул ня ўмеюць...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Амаль усе допісы, якія мы атрымліваем у гэтыя кастрычніцкія дні — на тэму прэзыдэнцкіх выбараў.

Нямала папрокаў і з праўладнага, і з апазыцыйнага стану прагучала апошнім часам на адрас Тацяны Караткевіч — адзінай дэмакратычнай кандыдаткі, якая дайшла да заключнага этапу кампаніі. Дакараюць яе шмат за што, але найбольш — за тое, што падчас нядаўніх тэлевыступаў прамаўляла галоўным чынам па-расейску. Кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў нават сказаў з гэтай нагоды, што такім людзям ня месца ў ТБМ.

А вось у нашага слухача Кастуся Сырэля з Вушачаў іншы пункт гледжаньня на гэту справу. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:

«Лічу, што з тактычных меркаваньняў яна зрабіла цалкам правільна. Кажу гэта як чалавек, які вельмі прыхільна ставіцца да мовы...

Калі беларуская дзяржава на працягу дзясяткаў год зьнішчала беларускую мову і дасягнула ў гэтым вялізнага посьпеху, то спадарыня Тацяна ўжо напэўна ў гэтым не вінаватая. І паглядзіце, якая дзікасьць: кандыдатаў зь беларускімі прозьвішчамі «Гайдукевіч» і «Ўлаховіч» ніхто не папракае тым, што яны па-беларуску наогул ні «бэ» ні «мэ», ня кажучы ўжо пра выступы па тэлебачаньні, а на спадарыню Караткевіч усіх сабак павесілі. І хто? Век бы не падумаў — спадар Трусаў! Хоць бы пасьля выбараў гэта зрабіў, дык не — акурат у самы нязручны момант выказаўся. Я не зьбіраюся галасаваць за Тацяну Караткевіч, я наогул не хадок на гэтыя выбары-дурыбары, але тут ужо прабачце, выкажуся напоўніцу.

Адна мая знаёмая, маладая выкладчыца беларускай мовы ў адной са школ нашага раёну, на ўроку беларускай літаратуры заўважыла, што вучні неяк неадэкватна рэагуюць на слова «нябожчык». Яна спытала ў дзяцей, як перакласьці гэтае слова на рускую мову. Дзеткі дружна адказалі: «чалавек, які ня верыць у бога. Іншая выкладчыца беларускай мовы, год на дзесяць старэйшая за першую, таксама мая знаёмая, наведала Польшчу. Там у адной з крамаў набыла нешта з адзеньня (здаецца, кофту). Радавалася пры мне па-руску: «Шерсть — 90 процентов, а такая дешёвая!» Потым дадала: «Так и написано на бирке: бавовна 90%!» Я спачатку хацеў прамаўчаць, але ўзгадаў, што мая візаві калісьці скончыла філялягічны факультэт ВНУ з «чырвоным» дыплёмам, і не стрымаўся: «Ну... наогул то бавоўна — гэта па-руску „хлопок“...

І сапраўды, польскае слова „bawełna“ сугучнае беларускаму „бавоўна“, а ня „воўна“.

Па свайму вопыту зносінаў з людзьмі ведаю, што пераважная большасьць нашага электарату вельмі дрэнна разумеюць беларускую мову, асабліва тыя, каго называюць „простымі людзьмі“. Чытаюць сяк-так. Пісаць наогул ня ўмеюць. Дык на якой мове з тактычных меркаваньняў Тацяне Караткевіч лепш размаўляць з выбаршчыкамі, каб набраць як мага больш галасоў? Я лічу, што нічога страшнага, калі яна пагаворыць зь імі на той мове, якую яны лепш разумеюць. Размовы пра беларускую мову можна размаўляць і потым, пасьля перамогі. Ня бачу тут ніякай здрады. А пакуль нам край трэба, нам неабходна вярнуць краіну на нармальныя рэйкі, да нармальнай Канстытуцыі, каб даць ёй глыток сьвежага паветра. Дзеля гэтага абраць іншага прэзыдэнта.

Толькі, на вялікі жаль, нам не даюць гэтага зрабіць...»​.

Сапраўды, спадар Кастусь, любы палітык, які ўсур’ёз разьлічвае на посьпех і масавую падтрымку, абавязаны ўлічваць моўныя рэаліі, якія склаліся ў Беларусі. У ідэале адукаваны і дасьведчаны чалавек, які прэтэндуе на галоўную дзяржаўную пасаду, павінен лёгка пераходзіць з адной мовы на другую — незалежна ад тэмы абмеркаваньня. У выніку гэта ацэняць і расейскамоўныя, і беларускамоўныя грамадзяне краіны.

У цэлым Тацяна Караткевіч паказала, што здольная гэта рабіць. Хоць беларускамоўная частка яе выступу, відавочна, магла б быць больш ёмістай.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста Анатоль Сьцепаненка з Жлобіна праводзіць паралелі паміж цяперашнімі выбарамі і папярэдняй выбарчай кампаніяй 2010 году:

«Сёньня, як і пяць год таму, зноў раскручваецца чарговая фальсыфікацыя чарговых так званых „выбараў“. Я мяркую, што ў 2010 годзе ўлады адмыслова дапусьцілі да кампаніі вялікі натоўп кандыдатаў, каб зьбіць людзей спанталыку. Разьлік быў на тое, што ў выніку дэзарыентаваны электарат апазыцыі проста расьцярушыць свае галасы паміж гэтымі альтэрнатыўнымі кандыдатамі. Гэтак у выніку і атрымалася.

Адметна, што Лукашэнка на сваёй прэсавай канфэрэнцыі 7 кастрычніка 2011 году прызнаўся, што адмыслова аддаў сваім супернікам 600 тысяч сабраных за сябе подпісаў, каб ЦВК іх зарэгістраваў. Але ж гэта крымінальнае злачынства! У такім выпадку неабходна распачынаць крымінальную справу, праводзіць расьсьледаваньне, караць тых, хто дапусьціў грубае фальшаваньне выбарчай працэдуры.

Няблага было б, каб усе законапаслухмяныя грамадзяне накіроўвалі адпаведныя заявы ў Генпракуратуру, патрабуючы расьсьледаваньня таго, якім чынам чужыя подпісы былі выкарыстаныя дзеля таго, каб нейкіх асобаў зарэгістравалі кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта. І гэта было б спосабам законнага, прававога грамадзянскага процідзеяньня, каб не дапусьціць чагосьці падобнага і на гэтых выбарах».

На працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў лідэры апазыцыі ня раз спрабавалі прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку да крымінальнай адказнасьці, грунтуючыся на ягоных сумнеўных з пункту гледжаньня закону публічных выказваньнях і сьцьвярджэньнях. Ніводная з такіх заяў ня стала падставай для крымінальнай справы. Відавочна, і ня стане — прынамсі да таго часу, пакуль у дзяржаве існуе цяперашняя сыстэма ўлады, у якой і суды, і пракуратура, і сьледчыя органы цалкам залежныя ад адной усім вядомай асобы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG