Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літанкета Свабоды: Сяргей Чыгрын


Сяргей Чыгрын
Сяргей Чыгрын

Сяргей Чыгрын нарадзіўся 24 верасьня 1958 у вёсцы Хадзявічы Слонімскага раёну. Скончыў тэатральнае аддзяленьне Магілёўскага культасьветвучылішча і філялягічны факультэт Белдзяржунівэрсытэту. Жыве ў Слоніме, працуе загадчыкам літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатру. Выдаў зборнікі паэзіі «Шчырая Шчара» (1993), «Горад безь цябе» (1999), «Лірыка» (2007), «Камень Міндоўга» (2009), кнігі гісторыка-краязнаўчых і літаратурных артыкулаў «Янка Купала і Слонімшчына» (1993), «Родам са Слонімшчыны» (2003), «Пакліканыя на родны парог» (2005), «Чамяры і чамяроўцы» (2006), «У пошуках слонімскіх скарбаў» (2007), «Беларуская Беласточчына» (2008), «Зь беластоцкай зямлі» (2008), «Тэатр у Слоніме» (2008), «Мастак Антон Карніцкі» (2009), «Жыў роднай песьняй» (2010), «Альбярцін» (2011), «Такі іх лёс» (2012), «Па сьлядах Купалы і Коласа» (2012), «Слонімскія падмуркі» (2012), «Сярод сваіх людзей» (2012), «Краязнаўчымі сьцежкамі Зэльвеншчыны» (2013), «Слонімскі буквар» (2013), «Легенды і паданьні Слонімшчыны» (2013), «Іншых шляхоў не было» (2013), «Гісторыя Слоніму на старых фотаздымках і паштоўках» (2014), «Хочацца дахаты» (2014), «Слонім і ваколіца» (2014), «Шляхамі Беласточчыны» (2015), «Мора Вітктара Шведа» (2015) і іншыя. Уклаў і выдаў у Беластоку літаратурную спадчыну С. Грынкевіча, Ф. Грышкевіча, У. Казлоўшчыка («Вяртанне да сваіх», 1999), а таксама гістарычныя нарысы Міколы Шкялёнка («Беларусь і суседзі», 2003). Сабраў і выдаў літаратурную спадчыну Сяргея Хмары «Рабінавы хмель» (2009), Леаніда Трубача «Паміж песьняй і болем» (2010), Юрыя Весялкоўскага «Я веру» (2009), кнігу артыкулаў «Музэй у Гудзевічах» Алеся Белакоза (2012), кнігі Анатоля Іверса «Аўсяныя росы» (2011) і «З глыбінь жыцьця» (2012), кнігі «Жыцьцё і творчасьць Анатоля Іверса» (2012), кнігі вершаў Алеся Сучка «Захацелася шчасьця» (2012), зборніка вершаў Віктара Бяляцкага «Белы маладзік» (2013), краязнаўчых артыкулаў Міхася Петрыкевіча «Народжаны вечнасьць тварыць» (2013), літаратурную спадчыну Янука Дарашкевіча «Маркотныя зоркі» (2014), кнігу ўспамінаў пра Валянціна Ермаловіча «Ачышчэньне душы» (разам з Міхасём Карпечанкам) і іншыя. Зьяўляецца аўтарам і выдаўцом шматлікіх беларускіх буклетаў, паштовак, плякатаў, праграмак. На яго вершы напісаны песьні кампазытарамі Міколам Яцковым, Яўгенам Петрашэвічам, Аляксандрам Масьляніцыным, Мар’янам Медушэўскім. На беларускую мову пераклаў вершы францускіх паэтаў Поля Элюара, Люізы Мішэль, Эжэна Пацье, Поля Вэрлена, украінскіх паэтаў Рыгора Елішэвіча, Валерыя Бойчанкі, Любові Пшанічнай, турэцкага паэта Фазыла Хюсню Дагларджы і іншых. Пераклаў таксама на родную мову п’есы А. Хайта, К. Манье, Э. Усьпенскага, К. Гальдоні, А. Астроўскага, С. Міхалкова, С. Пракоф’евай, Н. Абрамцавай, Г. Лабакіна, К. Папова, М. Каляды і іншых драматургаў. Многія спэктаклі па іх п’есах пастаўлены на сцэне Слонімскага драмтэатру і іншых тэатраў Беларусі. Напісаў п’есу для дзяцей «Белая Мышка» (у сааўтарстве з Аляксеем Якімовічам, пастаўлена ў 2005 годзе), «Падарункі Дзеда Мароза» (пастаўлена ў 2013 годзе) і дзіцячую п’есу «Зачараваная хатка». Зьяўляецца сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Міжнароднай асацыяцыя беларусістаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Станавіўся пераможцам конкурсаў «Польшча —прыязная суседка Беларусі» (другая і трэцяя прэміі), якія праводзіла Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі, а таксама пераможцам конкурсу імя Ежы Гедройця (другая прэмія, 2008 год).

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Верыцца, што для тых, хто народзіцца пасьля мяне.

2. Дзе вам найлепш пішацца і калі?

Найлепш мне пішацца толькі дома за сваім сталом у родным Слоніме, больш анідзе. Хаця думаецца і выношваюцца пляны ўсюды, дзе ёсьць мая прысутнасьць.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Быць аўтарам чужой кнігі я не магу. Я проста ганаруся тымі таленавітымі аўтарамі, якія напісалі і выдалі выдатныя творы.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Гм... Аднаго нейкага героя, які падобны на мяне, не існуе. Ёсьць нешта ад Андрэя Лабановіча, нешта ад Марціна Ідэна, нешта ад Міхала Тварыцкага і... нешта ад герояў беларускіх народных казак.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Калі я скажу, што Янка Купала, то пакрыўдзіцца Якуб Колас, калі скажу, што Сьцяпан Александровіч, то пакрыўдзіцца Генадзь Каханоўскі, калі скажу, што Анатоль Сыс, то пакрыўдзіцца Віктар Стрыжак...

6. Што вы цяпер чытаеце?

Чытаю «Leksykon sławnych Polaków» (Варшава, 2015), зь цяжкасьцю адольваю «Элегантнасьць вожыка» Мюрыэль Барбары і зь вялікай асалодай перачытваю кнігу Рыгора Шырмы «Песьня — душа народа».

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На ўкраінскай, польскай, францускай, нямецкай. Але чытаць — гэта ня значыць іх добра ведаць.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Усе люблю. Бо ў кожнай зь іх свой лёс і свая гісторыя.

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Задумак шмат. Але хачу засесьці за раман, прысьвечаны ўзаемаадносінам сваякоў у 1940-х і 1950-х гадах у заходнебеларускай вёсцы. Матэрыялаў сабраў досыць. І пляную напісаць кнігу «Беларуская філюмэнія» — пра гісторыю беларускіх запалак. Падобнага выданьня ў Беларусі пакуль няма.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі прыяжджаю да беларусаў у Беласток.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG