Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Указ аб зьнішчэньні прадуктаў, якія трапілі пад расійскае харчовае эмбарга, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў 29 ліпеня 2015 году. Годам раней Расея ўвяла абмежаваньні на імпарт харчовых тавараў з краін, якія ўвялі ў дачыненьні да яе санкцыі: ЗША, краінаў Эўразьвязу, Канады, Аўстраліі і Нарвэгіі. Пад забарону патрапілі мяса, каўбасы, рыба і морапрадукты, гародніна, садавіна, малочная прадукцыя.
Палітычная падаплёка цяперашняга расейскага прадуктовага эмбарга — не мая спэцыяльнасьць. Аднак магу падзяліцца практычнымі рэкамэндацыямі — як распазнаць сапраўдную небясьпечную ежу.

Цьвіль

Цьвіль бывае «высакародная» і шкодная. Першая ўжываецца пры вытворчасьці сыроў накшталт гарганзолы і бры. Гэтую цьвіль можна есьці.

Да высакароднай цьвілі таксама адносіцца пэніцылін.

Астатняя цьвіль — шкодная, або нават вельмі шкодная. Так, да вельмі шкоднай можна аднесьці цьвіль на крупах, арэхах, арахісе і кукурузе. Яна называецца афлатаксыны. Афлатаксыны зьвязаныя з рознымі захворваньнямі, такімі як афлатаксыкоз ў жывёлагадоўлі і чалавечы афлатаксыкоз, а таксама, верагодна, некаторыя формы раку. Многія краіны спрабуюць абмежаваць ўзьдзеяньне афлатаксінаў на здароўе насельніцтва шляхам рэгуляваньня і маніторынгу тавараў, прызначаных для выкарыстаньня ў якасьці прадуктаў харчаваньня і кармоў.
Што рабіць, калі цьвіль распаўзлася па прадуктах харчаваньня? Некаторыя прадукты можна часткова выратаваць, але большасьць неабходна выкінуць. Выратаваць можна цьвёрды сыр (пармэзан, чэдар) і цьвёрдую гародніну і садавіну (морква, капуста). Адрэжце ўсе паверхню, забруджаную цьвільлю, плюс яшчэ мінімальна адзін сантымэтар. Перакладзіце ў чысты посуд ці паперу. Бясьпечная таксама цьвіль на цьвёрдых мясных вырабах тыпу салямі. Выдаліце цьвіль з паверхні мясных вырабаў перад ужываньнем.

Усе астатнія прадукты, на якіх завялася цьвіль, неабходна выкінуць. Гэта датычыцца хлебу, малочных прадуктаў, мяккай садавіны і гародніны, сасісак і каўбас, джэмаў.

Памятайце наступнае. Чысьціня зьяўляецца ключавым фактарам у мінімізацыі цьвілі. Споры цьвілі з забруджанай ежы могуць запраста распаўсюдзіцца па вашым халадзільніку, кухонных ручніках і г. д. Таму рэкамэндавана ачышчаць ўнутраную частку халадзільніка кожныя некалькі месяцаў з растворам харчовай соды (1 сталовая лыжка на кубак вады). Трымайце сурвэткі, ручнікі, губкі, швабры чыстымі. Затхлы пах азначае, што ў іх жыве цьвіль. Выкідвайце ўсе кухонныя прадметы, якія немагчыма надзейна адмыць ці адпрасьці.

Трымаем халодныя прадукты халоднымі

Правільнае астуджэньне прадуктаў запавольвае рост шкодных бактэрыяў. Скорапсавальныя прадукты павінны быць ахалоджаныя да +4° або ніжэй на працягу двух гадзін пасьля пакупкі (і на працягу адной гадзіны, калі навакольная тэмпэратура вышэйшая за +30°).

Ніколі не размарожвайце (а таксама не марынуйце) прадукты на кухоннай паверхні. Рабіце гэта ў халадзільніку.

Майце на ўвазе, што тэрмін прыдатнасьці, напрыклад, ёгурту, які пастаяў адну гадзіну па-за халадзільнікам, укарочваецца на адзін дзень (24 гадзіны).

Трымаем гарачыя прадукты гарачымі

Памятайце аб наступным. Бактэрыі размнажаюцца вельмі хутка ў так званай «небясьпечнай зоне», паміж +4° і +60°. Так што трымайце ежу па-за гэтым дыяпазонам. Трымайце ежу гарачай пасьля гатоўкі, сачыце за тым, каб тэмпэратура не апускалася ніжэй за 60°. Калі ня можаце падаць ежу своечасова, то бок у той момант, калі яна гатова, дык выкарыстоўвайце крыніцу цяпла, накшталт жароўні, грэючага латку або мультываркі, каб захаваць ежу ад астуджэньня.

Разагравайце рэшткі ежы да мінімум 60°. Кухонны тэрмомэтар — карысны інструмэнт на кухні. Выкідвайце рэшткі ежы, калі яны пастаялі у халадзільніку 72 гадзіны, нават калі яны маюць нармальны від і пах.

XS
SM
MD
LG