Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваенны аналітык пра Расею ў Сырыі: «Малпа з гранатай»


Меркаваны расейскі авіяўдар у сырыйскай правінцыі Ідліб, 1 кастрычніка 2015 году.

Меркаваны расейскі авіяўдар у сырыйскай правінцыі Ідліб, 1 кастрычніка 2015 году.

Самалёты расейскіх ВПС працягваюць наносіць ўдары па пазыцыях ў Сырыі, уключаючы сельскія раёны паблізу гораду Джыср-эш-Шугур у правінцыі Ідліб, на паўночным захадзе краіны. Гэтыя тэрыторыі кантралююць ваеўнікі альянсу ісламісцкіх арганізацый «Джаіш аль-Фатах» («Войска заваёвы»). Таксама паведамляецца аб рэйдзе ў правінцыі Хома. У «Войска заваёвы» ўваходзіць зьвязаны з «Аль-Каідай» сырыйскі «Фронт ан-Нусра», радыкальная арганізацыя «Ахрар аш-Шам» і некалькі больш памяркоўных ісламісцкіх груп. Усе яны супрацьстаяць групоўцы «Ісламская дзяржава».

Апэрацыю ў Сырыі з выкарыстаньнем Ваенна-паветраных сілаў Расея, якая лічыцца адным з асноўных саюзьнікаў сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада, пачала 30 верасьня. Прадстаўнік Міністэрства абароны Расеі Ігар Канашэнкаў заявіў у чацьвер, што ў склад авіяцыйнай групы Паветрана-касьмічных сілаў Расеі, якая наносіць ўдары па аб’ектах у Сырыі, увайшлі больш за 50 самалётаў і верталётаў. Па словах Канашэнкава, за першыя суткі расейская авіяцыя нанесла кропкавыя ўдары па 12 аб’ектах групоўкі «Ісламская дзяржава». Гэтыя дадзеныя скептычна ўспрымаюцца на Захадзе: там выказваюць асьцярогі, што расейская авіяцыя наносіць, найперш, ўдары па мэтах, зьвязаных з апанэнтамі ўраду Асада.

Ігар Суцягін

Ігар Суцягін

Суразмоўца Радыё Свабода — лёнданскі ваенна-палітычны экспэрт, супрацоўнік Каралеўскага аб’яднанага інстытуту абаронных дасьледаваньняў Ігар Суцягін:

— У мяне такое адчуваньне, што рашэньне чыста ваенных задач у Сырыі для Расеі цяпер мае нават не другараднае, а трэцяраднае значэньне. Самае галоўнае для Крамля цяпер — палітычныя задачы. Расейскія авіяцыйныя ўдары выразнага сэнсу ня маюць. 30 верасьня нанесеныя 10 удараў — два зь іх па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы», адзін па «Фронту ан-Нусра», яшчэ сем — супраць умеранай апазыцыі. Наколькі можна меркаваць, у расейскіх ваенных існуе такое дваістае ўяўленьне пра тое, што яны робяць. Першае, найбольш агульнае і высакароднае ўяўленьне — барацьба з тэрарызмам. Пры гэтым не праводзіцца адрозьненьне паміж групамі гэтых самых «тэрарыстаў»: хто ваюе супраць рэжыму Башара Асада, хто супраць «Ісламскай дзяржавы» — вось гэта яны ня вельмі разумеюць. Другое — поўная падтрымка пазыцыі ўраду Сырыі: усе, хто супраць Асада, — тэрарысты, усе яны павінны быць зьнішчаны. На ўзроўні ваенных камандзіраў гэта выглядае надта спрошчана — б’ём па тых, каго бачым. Расея дэманструе практычна поўнае палітычнае неразуменьне сытуацыі. Палітычнае мэтаўказаньне, якое даюць вайскоўцам з Крамля, прынцыпова памылковае, таму што ўжо цяпер прыводзіць да ўскладненьня адносінаў Расеі зь вельмі ўплывовымі гульцамі ў рэгіёне.

— Ці эфэктыўныя авіяўдары з ваеннага пункту гледжаньня?

— Эфэктыўнасьць ня вельмі вялікая. Калі б праблему гэтай вайны можна было б вырашыць авіяўдарамі, яе за год бамбёжак ўжо вырашылі б. Расейцы, як паведамляецца, зьнішчылі аднаго з камандзіраў апазыцыі. Але тое, што забіты камандзір ўмеранай групы, якая не ўцягвалася ў джыхад, — дрэнна. Калі толькі Масква ня ставіць перад сабой задачу спрыяць умацаваньню і распаўсюджваньню тэрарызму.

— Ці дакладна я разумею, што Расею нельга лічыць саюзьнікам заходняй кааліцыі ў гэтай вайне?

— Калі Расея саюзьнік, то саюзьнік з разраду «малпа з гранатай». Гэты саюзьнік спрыяе таму, што насеньне тэрарызму ў рэгіёне пачынае даваць парасткі. Гэты саюзьнік, можа быць, шчыра і верыць, што ён хацеў бы дапамагчы (зрэшты, у гэтым ёсьць сумневы), але робіць наўпрост супрацьлеглае таму, што трэба рабіць. Лічыць Расею разумным саюзьнікам нельга. Я не магу сказаць, што Расея — адкрыты вораг заходняй кааліцыі, але тое, што яна не зьяўляецца дзейным саюзьнікам, — абсалютна дакладна.

— Вам зразумела, якія тактычныя і стратэгічныя задачы сваёй палітыкі Крэмль спрабуе вырашыць з дапамогай ваеннага ўмяшаньня ў Сырыі?

— Першая і найважнейшая задача на гэтым этапе — па ўсёй бачнасьці, абарона Асада. Другая найважнейшая задача — умацаваньне ролі Расеі як фактару, зь якім немагчыма не лічыцца. Цікавы вось які момант: бо гэта сырыйскі ўрад пацьвярджае, што расейскія бамбардзіроўкі адбываюцца ў зонах, якія кантралююцца ўмеранай апазыцыяй. Сырыйскія афіцыйныя асобы кажуць пра тое, што расейскія авіяўдары наносяцца ў інтарэсах забесьпячэньня наступу ўрадавых войскаў. Гэта тактычная задача на сёньня — аслабіць фронт праціўнікаў Асада, а зусім не «Ісламскай дзяржавы» ў першую чаргу. Другая задача ставіцца больш да таго, што можна было б назваць стратэгіяй, калі падобны падыход наогул зьяўляецца стратэгічным. Складваецца ўражаньне, што Расея спрабуе аслабіць уплыў амэрыканцаў і Захаду ў цэлым. Бамбаваньні вядуць да занепакоенасьці ў шэрагах умеранай апазыцыі: «Мы ня можам больш верыць амэрыканцам, якія гаварылі з расейцамі, і цяпер яны разам і плюс Асад бамбяць і зьнішчаюць нас. Яны — ворагі нашы, таму мы не павінны арыентавацца на амэрыканцаў, мы павінны падымаць зялёны сьцяг ісламу і чорны сьцяг джыхаду».

Вось гэта для Крамля, з аднаго боку, можа быць выгадна, таму што Крэмль дзейнічае супраць Захаду. То бок, не перасьледуе пазытыўныя мэты, а дзейнічае, каб падарваць пазыцыі ЗША, Захаду. Гэтыя парасткі недаверу да Захаду выклічуць ухіл у бок тэрарызму, дадуць ўсходы — тады хаос у Сырыі ўзрасьце, а Сырыя ня так далёка ад Пэрсыдзкай затокі, і вырасьце агульная нестабільнасьць на Блізкім Усходзе, што, у сваю чаргу, можа прывесьці да росту нафтавых цэнаў, а гэта абсалютна неабходна для ўрада Расеі. Гэта можа быць другі задачай. І гэта яшчэ адна прычына, па якой я лічу, што чыста ваенныя задачы ў гэтай гісторыі — другога пляна.

— Сытуацыя сырыйскай урадавай арміі сапраўды настолькі дрэнная, што без расейскага ваеннага ўмяшаньня ёй не абысьціся? Або, улічваючы, што вайна ў Сырыі ідзе ўжо 4,5 гады з пераменным посьпехам — гэта проста стабільна цяжкая сытуацыя?

— Я падрабязна не сачу за гэтай сытуацыяй, але ў мяне адчуваньне такое, што ўсе загнаныя ў тупік, што прасунуцца наперад ня можа ніводзін бок. Казаць пра тое, што Асада наўпрост заўтра, калі б не было падтрымкі Масквы, зьмятуць, — падставаў няма.

— Міжнародная кааліцыя наносіць удары толькі па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы?»

Яны не наносяць удараў па сырыйскіх урадавых войсках, таму што гэта азначала б абвяшчэньне вайны Дамаску. Арабскія краіны ня вельмі ўяўляюць сабе, як яны будуць ваяваць супраць братняй арабскай краіны. Зьвярну ўвагу яшчэ на адну праблему: удары, якія наносяцца расейскімі самалётамі па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы», — у раёне Пальміры, і гэтыя ўдары ўспрымаюцца практычна ўсім сьветам па-за межамі Расейскай Фэдэрацыі як адгаворка, падстава, якая дазваляе Расеі прысутнічаць у Сырыі і дзейнічаць у інтарэсах Асада. Гэта, так бы мовіць, уваходны квіток. А купіўшы білет і увайшоўшы на сьвята, мы пачынаем гуляць, як хочам, і зусім ня ў тым кірунку, пра які дамаўляліся пры куплі квітка.

— Вы рызыкнеце выказаць здагадку, як хоць бы ў найбліжэйшыя дні можа разьвівацца сытуацыя? Ці прывядзе ўмяшаньне Расеі да зьмены балянсу сілаў у Сырыі або, можа быць, да спробаў палітычнага ўрэгуляваньня? Ці гэта немагчыма?

— Расейскае ўмяшаньне можа прывесьці да вельмі сур’ёзных зьменаў, праўда, пакуль не ў самой Сырыі, а за яе межамі. Саудаўская Арабія запатрабавала спыненьня расейскіх авіяўдараў, таму што яны ўжо прывялі да гібелі 60 грамадзянскіх асобаў. Расейскае ўмяшаньне можа прывесьці да кансалідацыі сырыйскай апазыцыі, якая дзейнічае супраць «Ісламскай дзяржавы», з уключэньнем Расеі ў сьпіс тых, супраць каго яны дзейнічаюць, прынамсі палітычна. Тое, што адбываецца цяпер, вядзе да адрынаньня Расеі, у першую чаргу ў арабскім сьвеце, — лічыць лёнданскі ваенна-палітычны экспэрт Ігар Суцягін.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG