Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія хакеры спрабавалі ўлезьці ў кампутар Гілары Клінтан


Гілары Клінтан
Гілары Клінтан

Расейскія хакеры спрабавалі прынамсі пяць разоў падмануць Гілары Клінтан, заразіўшы яе кампутарныя сыстэмы, калі яна была дзяржсакратаром ЗША.

Як паведамляе агенцтва Associated Press, пра гэта сьведчыць нядаўна абнародаваная амэрыканскімі ўладамі электронная перапіска Гілары Клінтан — у выніку скандалу, які ўзьнік у сувязі з абвінавачваньнем яе ў выкарыстаньні прыватнага сэрвэру для службовай перапіскі.

Застаецца незразумелым, ці адкрывала Клінтан якія-небудзь дасланыя ёй у емэйлах файлы. Клінтан атрымала заражаныя вірусам лісты, замаскаваныя пад квіткі зь Нью-Ёрку ў чатыры гадзіны раніцы 3 жніўня 2011 году. У емэйле ўтрымліваліся прымацаваныя квіткі, і іх распакоўка дазволіла б хакерам узяць пад кантроль кампутар дзяржсакратара.

Адмыслоўцы ў пытаньнях бясьпекі, якія прааналізавалі праграмнае забесьпячэньне ў верасьні 2011 году, заявілі, што заражаныя кампутары перадавалі інфармацыю ад пацярпелых прынамсі тром сэрвэрным кампутарам за мяжой, у тым ліку аднаму — у Расеі. Зрэшты, гэта не абавязкова азначае, што расейская выведка альбо нехта зь расейцаў нясе за гэта адказнасьць, гаворыцца ў паведамленьні АР.

Прадстаўнік прэзыдэнцкай кампаніі Клінтан сказаў: «У нас няма сьведчаньняў таго, што яна адказала на гэты ліст, альбо што яна адкрыла далучаны файл. Як мы ўжо казалі раней, няма доказаў таго, што сыстэма была калі-небудзь парушаная. Гэтыя лісты паказваюць, што яна, як і мільёны іншых амэрыканцаў атрымала спам».

Апошнім часам апанэнты абвінавачваюць Гілары Клінтан у тым, што яна выкарыстоўвала прыватную электронную паштовую скрыню ў тым ліку і для службовай перапіскі, калі займала пасаду дзяржсакратара ЗША. ФБР пачала праверку яе перапіскі ў сувязі з магчымым раскрыцьцём сакрэтнай інфармацыі. Сама Клінтан заявіла, што выкарыстаньне асабістага сэрвэру з кватэры ў Нью-Ёрку было памылкай, аднак абвяргае наяўнасьць у лістах сакрэтнай інфармацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG