Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня важны ўдзел ці няўдзел. Важна перастаць баяцца


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Удзельнічаць, ці ня ўдзельнічаць у выбарах? Гэтае пытаньне задаецца ўжо амаль дзевятнаццаць гадоў.

Адразу пасьля рэфэрэндуму 24 лістапада 1996 году, вынікі якога былі названыя канстытуцыйным пераваротам. Бо Лукашэнка зрабіў рэфэрэндум насуперак рашэньню парлямэнту, а таксама бяз згоды Вярхоўнага Савету надаў рэфэрэндумам абавязковую для выкананьня сілу. У выніку – захапіў неабмежаваную ўладу.

Калі верыць афіцыйным зьвесткам, на той рэфэрэндум прыйшло амаль 85% выбарцаў, большасьць якіх падтрымалі канстытуцыйныя зьмены, прапанаваныя Лукашэнкам: адмовіліся ад вольнага продажу зямлі, адмовіліся ад выбарнасьці мясцовай улады, падтрымалі сьмяротнае пакараньне і сказалі «так» непразрыстаму фінансаваньню галінаў улады.

Па вялікім рахунку, прагаласавалі за Лукашэнку другі раз і ўсе ягоныя прапановы – адным пакетам. Дружна зайшлі шыхтом і зь песьняй у пастку. Які рэальны працэнт быў тых выбарцаў – дазнацца пакуль немагчыма.

Рэфэрэндум 1996 стаўся пунктам невяртаньня для Аляксандра Лукашэнкі, і даў тэму для дыскусій сярод актыўных грамадзянаў да сёньняшняга часу.

Удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць – гэта насамрэч прыватнасьць. Пытаньне стаіць больш шырокае: граць ці ня граць па прапанаваных правілах. Хтосьці эміграваў, хтосьці адседзеў на сутках і паводле крымінальных зьвінавачаньняў. Хтосьці ўзяў тактыку ўплыву на грамадзтва праз культурную і сацыяльную дзейнасьць, разумеючы, што жыве ў не зусім прававым полі. То бок, правілы ёсьць, а права – няма.

Аляксандар Класкоўскі: «Маштабы стратаў, якія нанесла гэтым выбарам няздатнасьць апазыцыі да кансалідацыі, бачныя па адказах на пытаньне: “Калі б Вы ведалі чалавека, які мог бы пасьпяхова канкураваць з А.Лукашэнкам на прэзыдэнцкіх выбарах, то прагаласавалі б за яго ці за А.Лукашэнку?”. Прагаласавалі б за такога кандыдата 38,7%, а за А.Лукашэнку – 32,3%».

Пра тое, што азначае слова “апазыцыя” пасьля канстытуцыйнага перавароту 1996 году, вядуцца дыскусіі. У шырокім сэнсе – гэта ўсе нязгодныя нават не з палітыкай Лукашэнкі, але з самім фактам ягонага існаваньня на пасадзе прэзыдэнта.

У больш вузкім паняцьці – гэта зарэгістраваныя і незарэгістраваныя арганізацыі, якія дэкляруюць сваё жаданьне зьмяніць уладу ў краіне канстытуцыйным шляхам.

Адна справа не прымаць чыюсьці палітыку, ці канкрэтную пэрсону. Іншая – штосьці рабіць, каб зьмяніць сытуацыю. Мяркуецца, што ва ўсіх краінах працэнт актыўных у грамадзкіх справах асобаў не перавышае 12%. Менавіта гэтыя людзі вядоўцы, яны зьмяняюць навакольную рэчаіснасьць.

Таму праблема ў Беларусі ня з тым, што ўмоўная “апазыцыя” ня можа вылучыць агульнага лідэра. Гэта вынік, зноў жа, больш шырокай зьявы. Унутры 12% дарослых жыхароў краіны дагэтуль мноства пытаньняў, па якіх няма згоды.

Напрыклад, за прамінулыя дзевятнаццаць гадоў я так і не пачуў прапановаў па прыватызацыі зямлі. Фундамэнтальнае для свабоды чалавека права прыватнай уласнасьці наагул (і на зямлю ў тым ліку) ніколі не акцэнтавалася прадстаўнікамі “сыстэмнай” ці несыстэмнай апазыцыі, нават калі кімсьці дзесьці і прагаворвалася.

Калі браць кола пасьлядоўных прыхільнікаў стварэньня нацыянальнай дзяржавы, дык нават гімн у свой час не змаглі абраць, раней – яшчэ да Лукашэнкі.

Эмігранты ў Эўропе, аднаполыя шлюбы ў ЗША, права на зброю ва Ўкраіне ці легалізацыя прастытуцыі і марыхуаны… Дадай сваё. Ёсьць мноства пытаньняў з больш ці менш вольнага сьвету, якія абмяркоўваюць беларусы ў сеціве. Пытаньні неактуальныя для Беларусі датуль, дакуль ня будзе вырашанае прынцыповае – права на недатыкальнасьць прыватнай уласнасьці. А гэтае права немагчымае без гарантаванага выкананьня закону.

Таго самага, які быў парушаны на самым высокім – канстытуцыйным – узроўні ў 1996-м.

Адзін са сродкаў, якім можна кардынальна зьмяніць сытуацыю ў беларускім грамадзтве мірным шляхам – гэта выкарыстаньне тых “законаў”-правілаў супраць самой сыстэмы.

Вось драматычная гісторыя з Бабруйску, дзе ўлады разлучаюць маці і дзяцей. Маці знаходзіцца цяпер за кратамі за тое, што калі ўчастковы вырываў у яе маленькую дачку, яна “зьбіла” гэтага міліцыянта. «Адвакаты не бяруцца за справу, бо баяцца супрацьстаяць дзяржаве і пазбавіцца ліцэнзіі», – патлумачыў мне ў прыватнай перапісцы неабыякавы чалавек, які спрабуе дапамагчы кабеце.

«Ісьці ці не ісьці на выбары» – гэтае пытаньне для мяне менш важнае, чым «баяцца ці не баяцца дзейнічаць у прынцыпе». Хоць бы ў межах навязаных правілаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG