Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква гатовая разгледзець просьбу Багдада аб апэрацыі ў Іраку — МЗС Расеі


Дым пасьля ўдару заходняй авіяцыі па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы» непадалёк ад гораду Кіркук у Іраку

Дым пасьля ўдару заходняй авіяцыі па пазыцыях «Ісламскай дзяржавы» непадалёк ад гораду Кіркук у Іраку

Масква ацэніць палітычную і ваенную мэтазгоднасьць правядзеньня ваенна-паветранай апэрацыі супраць «Ісламскай дзяржавы» ў Іраку, калі паступіць адпаведны зварот ад Багдаду, заявіў дырэктар дэпартамэнту па пытаньнях новых выклікаў і пагрозаў МЗС Расеі Ільля Рагачоў. Пра гэта паведамляе расейскае інфармацыйнае агенцтва «Новости».

«Альбо ў нас будзе адпаведны зварот ад ураду Іраку, або рэзалюцыя Рады бясьпекі, прыняцьце якой у вырашальнай ступені залежыць ад волевыяўленьня ўрада Іраку. Пры наяўнасьці такіх дастатковых падставаў будуць ацэньвацца і палітычная, і ваенная мэтазгоднасьць», — сказаў расейскі дыплямат, адказваючы на пытаньне, ці разгледзіць Масква магчымасьць правядзеньня апэрацыі Ваенна-паветраных сілаў супраць «Ісламскай дзяржавы» на тэрыторыі Іраку пры атрыманьні адпаведнай просьбы ад урада гэтай краіны.

Апэрацыю ў Сырыі з выкарыстаньнем ваенна-паветраных сілаў Расея, якая лічыцца адным з асноўных саюзьнікаў сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада, пачала 30 верасьня. Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў ў чацьвер падкрэсьліў, што Масква аказвае падтрымку сырыйскай арміі ў барацьбе супраць тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» і іншых экстрэмісцкіх груп.

Прадстаўнік Мінабароны Расеі Ігар Канашэнкаў заявіў у чацьвер, што ў склад авіяцыйнай групы Паветрана-касьмічных сіл Расеі, якая наносіць ўдары па аб’ектах у Сырыі, увайшлі больш за 50 самалётаў і верталётаў. Па словах Канашэнкава, за першыя суткі расейская авіяцыя нанесла кропкавыя ўдары па 12 аб’ектах групоўкі «Ісламская дзяржава».

У ЗША выказваюць асьцярогі, што расейская авіяцыя наносіць, перш за ўсё, ўдары па мэтах, зьвязаных зь іншымі праціўнікамі ўраду Асада.

XS
SM
MD
LG