Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі ў Нью-Ёрку з дырэктарам-распарадчыкам Міжнароднага валютнага фонду Крысьцін Лягард 26 верасьня сьведчыць пра тое, што пытаньне аб выдзяленьні Беларусі новага крэдыту МВФ перайшло ў практычную плашчыню.

Але праблема ў тым, што Міжнародны валютны фонд ставіць умову: рынкавыя рэформы. Прычым, як можна зразумець з камэнтароў прадстаўнікоў МВФ, Беларусь павінна ня толькі распрацаваць адпаведную праграму, але і пачаць яе рэалізоўваць. І толькі пры такой умове фонд гатовы даць грошы.

Беларускія ўрад і Нацбанк распрацавалі праграму структурных рэформаў на 2016–2020 гады. Яна будзе абнародавана ў сярэдзіне кастрычніка. Пакуль яе зьмест невядомы. Адзіная канкрэтная рэч, пра якую згадаў першы намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Тарас Надольны, — гэта зьмяненьне мэханізму рэгуляваньня дзейнасьці прадпрыемстваў.

«Гаворка, у прыватнасьці, ідзе аб падзеле функцыяў органаў дзяржкіраваньня, якія рэгулююць дзейнасьць прадпрыемстваў і адначасова выконваюць функцыі ўласьніка», — адзначыў ён.

Нешта падобнае казаў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем яшчэ вясной. Калі перакласьці гэты пасаж на зразумелую мову, то гаворка ідзе пра тое, каб даць дзяржаўным прадпрыемствам большую самастойнасьць, каб міністэрствы, якія выступаюць ад імя дзяржавы-ўласьніцы, не кантралявалі дырэктараў па дробязях, а ацэньвалі працу па канчатковым выніку, напрыклад, па аб’ёме прыбытку. Менавіта так працуюць дзяржпрадпрыемствы ў эўрапейскіх краінах.

Ідэя добрая. І варта было б прадэманстраваць МВФ, як яна ўжо пачала ажыцьцяўляцца.

Але вось на мінулым тыдні Лукашэнка правёў нараду па эканамічных пытаньнях. 23 верасьня абмяркоўвалася тэма дэбіторскай запазычанасьці прадпрыемстваў. З таго, што паказалі мэдыі, высьветлілася цікавая акалічнасьць. Аказваецца, падставай для нарады быў адмысловы ліст дырэктара МТЗ Фёдара Дамаценкі кіраўніку дзяржавы. У ім ён скардзіцца на тое, што пракуратура, МУС, КДБ, КДК ладзяць бясконцыя праверкі на прадпрыемстве і перашкаджаюць працаваць, просіць спыніць бясконцы прэсінг сілавікоў. Чатыры структуры адначасова!

Па выніках нарады Лукашэнка прыйшоў да высновы, што сілавыя структуры ўсё робяць правільна. Бо, як вядома яшчэ з сталінскіх часоў, «нашы органы не памыляюцца». Якая самастойнасьць прадпрыемстваў, вы пра што? У вырашэньні праблемы запазычанасьцяў паміж гаспадарчымі суб’ектамі праваахоўныя органы — галоўнае зьвяно. Ня суд, а пракуратура, МУС, КДБ, КДК.

Ва ўмовах крызісу, калі бюджэту тэрмінова патрэбныя грошы, роля сілавых структур узрастае

На нарадзе Лукашэнка заявіў: «Апошні прыклад па алькаголі: хто не разьлічыўся за запазычанасьць да 1 верасьня, знайшлі сваё месца ў СІЗА». Ва ўмовах крызісу, калі бюджэту тэрмінова патрэбныя грошы, роля сілавых структур узрастае, павялічваецца колькасьць праверак, штрафаў.

25 верасьня Лукашэнка наведаў беларускі мэталюргічны завод (БМЗ) у Жлобіне. Нібыта каб паглядзець на новую вытворчую лінію, якая запускаецца на прадпрыемстве. Але высьвятляецца, што БМЗ па выніках першага паўгодзьдзя — у ліку дзесяці самых стратных прадпрыемстваў краіны. Каб выправіць сытуацыю, рыхтуецца прэзыдэнцкі ўказ аб адтэрміноўцы часткі выплат па крэдытах БМЗ шляхам выпуску прадпрыемствам аблігацыяў і разьмяшчэньня іх у дзяржаўных банках. То бок ніякага рэфармаваньня БМЗ, рэструктурызацыі ці прыватызацыі. А банальнае ўкідваньне новых дзяржаўных грошай у стратнае прадпрыемства.

То бок праграма, распрацаваная ўрадам для МВФ, — сама па сабе, а эканамічнае жыцьцё ў краіне ідзе само па сабе, па звыклых правілах. І гэтыя дзьве паралельныя прамыя ніяк не перасякаюцца. Бо прырода дзейнага рэжыму нязьменная.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG