Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі Лукашэнку параўналі з Пазьняком


Аляксандар Лукашэнка і Зянон Пазьняк, фотакаляж

Аляксандар Лукашэнка і Зянон Пазьняк, фотакаляж

Расейскія дасьледчыкі апублікавалі даклад «Белорусский национализм против русского мира», у якім пагражаюць, што гвалтоўная «беларусізацыя» можа прывесьці да «данбаскага сцэнару» ў Беларусі.

Расейскі фонд «Народная дыпляматыя» падрыхтаваў дасьледаваньне на 192 старонках пра беларускі нацыяналізм, які яны называюць «местачковым».

Аўтарамі дасьледаваньня выступілі палітоляг Кірыл Авяр’янаў-Мінскі і журналіст Уладзіслаў Мальцаў.

Па словах аўтараў дакладу, крызіс ва Ўкраіне «выклікаў радыкалізацыю беларускай нацыяналістычнай супольнасьці і заахвоціў кіраўніцтва РБ зьвярнуцца да нацыяналістычнага парадку дня». Як прыклад адзначаюць, што «дзясяткі маладых беларусаў адправіліся ў Данбас для ўдзелу ў карных апэрацыях супраць жыхароў гістарычнай Наваросіі, а рыторыка Аляксандра Лукашэнкі часам стала нагадваць рыторыку Зянона Пазьняка ды іншых ягоных апанэнтаў з нацыяналістычнага лягера».

«Паколькі беларускі нацыяналізм мае знарочыстую антырускую скіраванасьць, працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, могуць прывесьці да сур’ёзных сацыяльных узрушэньняў. Беларусь — ані ня меней рускамоўны і рускакультурны рэгіён, чым Данбас, а таму гвалтоўная „беларусізацыя“ можа прывесьці да паўтору ў РБ „данбаскага сцэнару“», — гаворыцца ў дакладзе.

У той жа час аўтары дакладу нагадваюць, што вядучыя тэлеканалы РФ маюць у Беларусі велізарную аўдыторыю, «а значыць, расейская дзяржава можа эфэктыўна прасоўваць ідэю агульнарускага адзінства велікарусаў, беларусаў і ўкраінцаў (маларусаў), здольную канкураваць з ідэалёгіяй местачковага беларускага нацыяналізму». «Тым больш што ўяўленьні пра рускае трыадзінства ўсё яшчэ жывыя ў сьвядомасьці значнай часткі беларускіх грамадзян», — упэўнены аўтары дакладу.

Яны пішуць, што калі Расея ўхіліцца ад удзелу ў беларускай ідэалягічнай барацьбе, ёсьць усе падставы меркаваць, што «Беларусь рушыць за прыкладам краін Прыбалтыкі і Ўкраіны, стаўшы яшчэ адной адкрыта антырускай дзяржавай на мяжы з РФ».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG