Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі пра бомбавыя ўдары Расеі ў Сырыі


Зруйнаваныя пасьля авіяўдараў будынкі ў адным з гарадоў правінцыі Хомс у Сырыі, 30 верасьня 2015 году

Зруйнаваныя пасьля авіяўдараў будынкі ў адным з гарадоў правінцыі Хомс у Сырыі, 30 верасьня 2015 году

Свабода распытала ўдзельнікаў выбарчай кампаніі, як яны ставяцца да вайсковай апэрацыі Расеі ў Сырыі, як павінна рэагаваць Беларусь як хаўрусьніца Расеі і ці можа яе ўцягнуць у гэты канфлікт?

Гайдукевіч задаволены

Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч сказаў у інтэрвію Свабодзе, як ён ставіцца да таго, што ў Сырыі пачалася вайсковая апэрацыя:

Сяргей Гайдукевіч

Сяргей Гайдукевіч

«Я думаю, як пераважная частка сусьветнай супольнасьці. Гэта вельмі добра, калі арганізаваныя дзеяньні супраць такой тэрарыстычнай арганізацыі, якая прыносіць калясальную шкоду ўсяму сьвету. Я ўважліва слухаў выступ Кэмэрана, французаў. Пазыцыя вельмі стрыманая. У некаторых ёсьць асьцярогі: галоўнае, каб гэта па ІДІЛ былі ўдары, а не падтрымка. Давайце пачакаем, паглядзім.

Хутчэй за ўсё, гэта было ўзгоднена з амэрыканскім бокам. Прыемна, што такія крокі адбываюцца, гэта сумесныя намаганьні. Дай Бог, каб у іх разам усё атрымлівалася, дай Бог, каб ЗША,Эўропа і Расея пачалі дыялёг, гэта вельмі добра».

Сяргей Гайдукевіч выключае такую магчымасьць, што ў гэты канфлікт можа быць уцягнутая Беларусь як хаўрусьніца Расеі:

«Калі ласка, не пужайце беларусаў. У гэта паверыць проста немагчыма. Ва ўсякім разе, палітычная эліта Беларусі, у тым ліку я як кандыдат у прэзыдэнты, — ніхто такога ня хоча. У беларускім палітычным бамондзе гэта нават ня можа разглядацца ні пры якіх умовах. МЗС Беларусі выказаў свой пункт гледжаньня. Гэта пазыцыя вельмі стрыманая, накіраваная на тое, каб усё было спакойна і каб агульнымі намаганьнямі перамагчы зло. Ня трэба тут шукаць нешта дрэннае. Цяпер трэба спадзявацца на тое, каб Эўропа, ЗША і Расея агульнымі намаганьнямі з гэтым злом змагаліся. Гэта ж закране ўсіх. Трэба з гэтым злом змагацца. Ня трэба шукаць нейкіх другасных пытаньняў, якіх пакуль ня бачна. Давайце пачакаем, паглядзім».

На пытаньне, ці падтрымлівае афіцыйны Менск Башара Асада, Гайдукевіч сказаў так:

«Ня трэба цяпер гуляць у геапалітыку. Пры чым тут Асад наагул? Пазыцыя ўсіх краін, і яны да гэтага прыходзяць, — што вырашаць будзе сырыйскі народ. Трэба спыніць вайну і зьнішчыць „ІДІЛ“. І там абяруць прыстойнага. Расея кажа, што на сёньняшні дзень ён легітымны. Няхай яны вырашаюць. Чаго нам, беларусам, умешвацца ў гэтую зусім для нас далёкую сытуацыю? Беларусі хопіць розуму займаць узважаную пазыцыю. А гэта тая пазыцыя, што абіраць прэзыдэнта павінен народ. А каб народ яго свабодна абраў, трэба ўсталяваць мір».

Улаховіч не разабраўся

Мікалай Улаховіч

Мікалай Улаховіч

Кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Улаховіч устрымаўся ад камэнтароў:

«Вы ведаеце, я ў камандзіроўцы, у Гомелі, еду ў Магілёў. Учора бачыў па тэлебачаньні, але пакуль нічога пэўнага не магу сказаць, пакуль не разабраўся. Я займаўся перадвыбарчай кампаніяй і меней за ўсё зьвяртаў увагу на падзеі, якія адбываюцца вакол».

Караткевіч не давярае Расеі

Кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Тацяна Караткевіч кажа пра тое, што Расея сёньня мае адмоўны імідж і поўнага даверу да яе няма:

Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

«І ў гэтым сэнсе вельмі важным становіцца той пункт маёй праграмы, які зьвязаны з вайсковым нэўтральным статусам Беларусі і што ён павінен быць рэальным для Беларусі. Таму вельмі важна, каб у нас быў пазытыўны імідж, імідж мірнай краіны, і ніхто не ўспрымаў нас як ворага. Толькі як мірнага партнэра. Гледзячы на ўсё, што робіць Расея, нам выгадна быць нэўтральнымі. Каб ня быць уцягнутымі ў нейкі канфлікт, які можа быць ініцыяваны расейскім бокам. Гэтаксама адбываецца і з Украінай: з аднаго боку кажуць, што там ёсьць расейскія войскі, з другога кажуць, што няма. Тое ж самае ў Сырыі. У выніку гэта можа і на нас пашырыцца».

Лукашэнка пакуль маўчыць

Пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі на гэтую тэму пакуль афіцыйна не публікавалася.

XS
SM
MD
LG