Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кірылічны дамэн .УКР: 10 год ад ідэі да адкрыцьця і толькі дзясятак тысяч сайтаў


Юры Каргаполаў, сябра каардынацыйнай рады Украінскага сеткавага інфармацыйнага цэнтру – адміністратара кірылічнага дамэну .УКР

Юры Каргаполаў, сябра каардынацыйнай рады Украінскага сеткавага інфармацыйнага цэнтру – адміністратара кірылічнага дамэну .УКР

1 кастрычніка стартавала рэгістрацыя кірылічных дамэнных імёнаў на дамэне .БЕЛ. Пра досьвед украінскай кірылічнай зоны .УКР Свабодзе распавёў Юры Каргаполаў, сябра каардынацыйнай рады Ўкраінскага сеткавага інфармацыйнага цэнтру.

Працэс стварэньня дамэну .УКР зацягнуўся на многія гады, а цяпер на дамэне даволі няшмат сайтаў. Аб тым, ці правал гэта, тлумачыць Юры Каргаполаў, сябра каардынацыйнай рады Ўкраінскага сеткавага інфармацыйнага цэнтру — адміністратара кірылічнага дамэну .УКР.

«Ідэя зрабіць кірылічны дамэн для Ўкраіны нарадзілася, калі не памыляюся, у годзе 2003-м. Гэты час быў цікавы тым, што многія краіны пачалі адчуваць сябе ў інтэрнэце. Спачатку нават ICANN адрэагаваў ня вельмі добра. Маўляў, ёсьць правілы выкарыстаньня — карыстайцеся. Але хваля набірала сілу, у 2008 годзе на сходзе ICANN у Парыжы вырашылі, што ў наступным годзе будзе адкрытая праграма інтэрнацыяналізаваных дамэнных імёнаў, трэцяй пасьля Расеі і Эгіпту была заяўка ад Украіны. Але ў сілу некаторых пазыцыяў у самой Украіне, нягледзячы на дазвол ураду, былі лісты ад нязгодных з гэтым арганізацыяў, дэлегаваньне дамэну было прыпыненае. Гэта было зьвязана са зьменай ураду, рэформай улады. Аказалася, што прэтэнзіі да нас мелі нулявую цану.

Ва Ўкраіне цягам двух год была адкрытая рэгістрацыя на дамэн .УКР у альтэрнатыўнай сыстэме DNS, якую не падтрымлівае ICANN. Гэта значыць, каб трапіць на сайт па такім адрасе, карыстальніку трэба было паставіць плагін у свой браўзэр. Такіх імёнаў было зарэгістравана 25 тысяч. Быў экспэрымэнт, калі ў 2009 годзе ў дамэне .UA увялі кірылічнае імя — 18 тысяч было зарэгістравана. Прызнаныя ICANN рэгістрацыі ў дамэне .УКР стартавалі толькі ў 2013 годзе, а тады быў пачатак крызісных зьяваў у эканоміцы. Будзем шчырымі, цяпер сытуацыя не найлепшая — я не кажу пра вас, хай жыве і квітнее Беларусь — ва Ўкраіне, калі хочацца есьці й піць, не да дамэнаў. На сёньня ў нас было толькі каля 14 тысяч рэгістрацыяў на .УКР, актыўных рэгістрацыяў — каля 11 тысяч. Але думаю, што міне час, пасьля цяжкога крызісу прыйдзе росквіт».

Украінскі «Гоогле» судзіўся з Google, а «Сбербанк» засквоціў «Ощадбанк»

Праблемы, нібыта добра знаёмыя ўкраінцам па досьведзе лацінкавага дамэну, усё роўна паўсталі пры стварэньні кірылічнага дамэну, згадвае Каргаполаў.

«Ва Ўкраіне цікавая сытуацыя, яна адна з трох краінаў сьвету, дзе дамэн на лацініцы мае аднога адміністратара і адны правілы, а дамэн на нацыянальным скрыпце — іншага адміністратара, іншыя правілы. У дамэне .UA закрытая рэгістрацыя на другім узроўні (першае слова перад .UA. — РС), даступная толькі для таварных знакаў. Але і тут бываюць казусы. Была створаная кампанія „Гоогле“, пад яе зарэгістраваны дамэн google.ua — клясычны прыклад захопу дамэну. Цягам двух з паловай год быў судовы працэс (у гэты час украінская вэрсія Google працавала па адрасе google.com.ua — РС), зрэшты Google адсудзіў свой дамэн.

У кірылічным дамэне мы падыходзім іначай: мы адразу сказалі, што рэгістрацыі будуць толькі на другім узроўні (рэгіструецца свіжем’ясо.укр, але ня свіже.м’ясо.укр — РС) і рэгістрацыя будзе адкрытая, але паўгода быў пэрыяд прыярытэтнай рэгістрацыі. Мы вылучылі 16 катэгорыяў інтэлектуальнай уласнасьці, аж да імёнаў вядомых людзей і іх твораў, кожны мог зарэгістраваць сваю марку, быў жорсткі кантроль. Але і тут былі казусы. Расейскі „Сбербанк“ зарэгістраваў ва Ўкраіне гандлёвую марку „Ощадбанк“ (даслоўны пераклад на ўкраінскую. — РС) пры тым, што ёсьць украінскі „Ощадбанк“. Украінскі банк не падаў заяўку на ощадбанк.укр, а расейскі падаў. Мы ня мелі падставаў, каб апошняму адмовіць.

Як у Беларусі, так і ва Ўкраіне кірылічныя дамэнныя імёны рэгіструюцца ня толькі на нацыянальнай мове, але і на расейскай. Статыстыку мы будзем падводзіць у канцы году, але з маіх суб’ектыўных назіраньняў, недзе 50 на 50 рэгіструюцца па-расейску і па-ўкраінску. Ёсьць рэчы, што рэгіструюцца і па-расейску, і па-ўкраінску. Ёсьць такія, што рэгіструюцца толькі на адной мове. Напрыклад, окна.укр і вікна.укр зарэгістраваныя на розных асобаў».

Borsch, borshch, borszcz, borstch, borschtsch?.. Якгатавацьборшч.бел!

Ва ўкраінскай мове, як і ў беларускай, ёсьць апостраф, які забаронены ў лацінкавых дамэнах. Калі ўкраінец захоча прадаваць мяса (укр. м’ясо), перад ім паўстане пытаньне аб лацінкавым дамэне — ці то myaso, ці то mjaso, ці то miaso, ды ніяк ня m’jaso ці m’yaso. Не лягчэй зь перадачай украінскага Щ ці Ї альбо беларускага Ў. Кірылічныя дамэны, лічыць Каргаполаў, ня толькі вырашаюць гэтую праблему, але і мяняюць функцыю дамэннага імя.

«Мы мала задумваемся пра гэта, але кантэнт, што мы чытаем, напісаны збольшага на нашай роднай мове. Гэта беларуская мова, украінская, расейская... кітайская, сэрбская, казахская мова. А вось пазнакі таго, дзе гэты кантэнт разьмешчаны, выключна ў лацінцы. У той час для карыстальнікаў гэта не стварала нязручнасьцяў, проста так рабілі. Ды людзі, якія глядзелі наперад, думалі пра адзінства кантэнту і пазнак пра тое, дзе кантэнт.

Нам трэба знайсьці нешта пра боршч. Калі зайду ў Google, мне выдадуць дзесяць тысяч спасылак на боршч. Але ўявіце, што нехта рэклямуе свой боршч, хоча, каб наўпрост да яго прыйшлі. І з пункту гледжаньня карыстальніка ўсё зразумела, лёгка запамінаецца, бо на лацініцы слова „боршч“ можа дасягаць дзесяці знакаў.

Я стаю на пазыцыі таго, што сама метка становіцца кантэнтам. Мы атрымліваем новую якасьць дамэнных імёнаў. У лацінскім напісаньні дамэнаў мы выкарыстоўваем ці адно слова, ці абрэвіятуру, рэдка калі два словы. Калі ж выкарыстоўваем роднае пісьменства, мы дазваляем сабе напісаць так, як мы мысьлім. Калі гэта дзіцячы садок, то па-ўкраінску гэта дитячийсадок.укр, а лацінкай напісалі б хутчэй ditsad. А, напрыклад, візиунімеччину.укр — ня трэба хадзіць па сайце візи.укр, каб знайсьці візу ў Нямеччыну. Гэта ўжо новая якасьць жыцьця карыстальніка».

XS
SM
MD
LG