Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква кажа, што яе самалёты б’юць па пазыцыях Ісламскай дзяржавы ў Сырыі, іншыя сумняваюцца


Агульны выгляд пакінутых вуліц і пашкоджаных будынкаў у цэнтральнай сырыйскім горадзе Тэль-Біса ў правінцыі Хомс 30 верасьня.

Агульны выгляд пакінутых вуліц і пашкоджаных будынкаў у цэнтральнай сырыйскім горадзе Тэль-Біса ў правінцыі Хомс 30 верасьня.

Мінабароны Расейскай Фэдэрацыі заявіла, што расейскія самалёты 30 верасьня пачалі наносіць кропкавыя ўдары па пазыцыях забароненай у Расеі экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» ў Сырыі.

Як адзначыў прадстаўнік ведамства Ігар Канашэнкаў, у адпаведнасьці з рашэньнем вярхоўнага галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Расеі Ўладзімера Пуціна, міністар абароны Сяргей Шайгу праінфармаваў сваіх калегаў з Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспекі аб тым, што наносяцца ўдары па аб’ектах баевікоў: вайсковай тэхніцы, вузлах сувязі, транспартных сродках, складах зброі і паліва.

Агенцтва France Press са спасылкай на сырыйскія крыніцы паведаміла, што самалёты Расеі і Сырыі наносяць ўдары па мішэнях у трох сырыйскіх правінцыях — Хама, Хомс і Латакія.

Паводле газеты The Guardian, сырыйская апазыцыя паведамляе аб дзясятках загінулых.

Неназваны прадстаўнік ЗША выказаў агенцтву Reuters сумневы ў тым, што паветраныя ўдары дасягаюць менавіта аб’ектаў Ісламскай дзяржавы.

Тым часам Reuters і Associated Press паведамляюць, спасылаючыся на крыніцы сярод антыўрадавых паўстанцаў, якіх падтрымліваюць ЗША, што расейскія самалёты атакавалі якраз іхныя пазыцыі ў цэнтральнай Сырыі.

Раней высокапастаўлены амэрыканскі чыноўнік паведаміў CNN, што Масква папярэдзіла Вашынгтон, каб ён прыпыніў бамбавання пазыцый Ісламскай дзяржавы ў Сырыі, аднак не паведаміла пра месца нанясеньня сваіх паветраных удараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG