Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 1 кастрычніка 2015: Далі, Маціс і Шагал у Менску


Марк Шагал («Закаханыя»)

Марк Шагал («Закаханыя»)

Гэты дзень у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрыецца выстава «Вялікія муміі Эгіпту». Экспазыцыя прапануе наведвальнікам незвычайнае падарожжа ў Краіну пірамідаў. Наведвальнікі ўбачаць бюсты і саркафагі фараонаў Эхнатона і Тутанхамона, статуі багоў Анубіс і Тота, статуэткі, муміі і многае іншае. Уваход для дзяцей да 5 гадоў — бясплатна.

У «Доме карцін» (пр-т Пераможцаў, 89, к. 3) адкрываецца выстава Далі, Маціса і Шагала «Вялікія клясыкі ХХ стагодзьдзя».

У Музэі гісторыі гораду Менску адбудзецца адкрыцьцё фотавыставы Алены і Ядвігі Адамчык «Прырода беларускі/She is nature». Пачатак у 19.00.

У кінатэатры «Перамога» пройдуць два «Вечары нямецкага кіно: 25 гадоў узьяднаньня Нямеччыны». 1 кастрычніка — «Заходні вецер»; 2 кастрычніка — «Бэрлін, горад у Нямеччыне. Фільмы дэманструюцца на нямецкай мове з рускімі субтытрамі. Уваход вольны. Пачатак у 19.00.

Праект CINEMASCOPE пры падтрымцы пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь прадстаўляе ў кінатэатры «Ракета» (зав. Рабочы, 3) рэтраспэктыву францускага кіно 1930-1960-х гадоў, у рамках якой гледачы ўбачаць 13 клясычных карцін, якія нядаўна паддалі поўнай лічбавай рэстаўрацыі. Пачатак у 19.00.

1 кастрычніка — Міжнародны дзень пажылых людзей.

У гісторыі:

1829 ― нарадзіўся Ўладзіслаў Віктар Акінчыц, лекар, удзельнік паўстаньня 1863 году.

1881 ― нарадзіўся Міхаіл Станюта, беларускі мастак.

1888 ― нарадзіўся Лукаш Дзекуць-Малей, беларускі рэлігійны й грамадзкі дзяяч, прапаведнік баптызму, перакладчык рэлігійных тэкстаў.

1888 ― нарадзіўся Язэп Драздовіч, беларускі мастак, скульптар, этнограф.

1944 ― створаны Берасьцейскі тэатар драмы.

1946 ― завяршыў працу Нюрнбэрскі трыбунал.

1949 ― заснавана Кітайская Народная Рэспубліка.

1991 ― пачаў працу Беларускі гуманітарны ліцэй, які пазьней атрымае імя Якуба Коласа, а яшчэ пазьней будзе зачынены пастановаю Савету Міністраў.

У памяці:

1992 — памёр Мікалай Бірыла, беларускі мовазнавец.

2009 ― памёр Альгерд Невяроўскі, беларускі журналіст, карэспандэнт Свабоды

Цытата:

«Што старыя за вар’яты:
Мелюць без прычыны,
Быццам час свой марна трацім
Мы каля дзяўчыны.
І ўсё пхнуць нас да работы,
Хоць таго ня знаюць,
Што да працы я ахвоты
Безь дзяўчат ня маю!
Зь любай стрэнуся, бывае,
Прыгарну к сабе я,
Сэрца радасьцю палае,
Галава ясьнее.
Жыць тады, сябры, ахвота,
Хораша наўкола,
Мігам робіцца работа
Зь песьняю вясёлай!
Дык мяліце ж без прычыны
Вы, старыя людзі —
Вас паслухаем тады мы,
Як дзядамі будзем!»


Ян Чачот (пераклад Кастуся Цьвіркі)

XS
SM
MD
LG