Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікет на плошчы Свабоды ў Менску 23 верасьня 2015 году
Пікет на плошчы Свабоды ў Менску 23 верасьня 2015 году

Суд аштрафаваў Лябедзьку, Някляева, Статкевіча і Казлова за перадвыбарчыя пікеты

абноўлена

У судзе Цэнтральнага раёну Менску — прайшлі адміністрацыйныя працэсы над лідэрамі апазыцыі за перадвыбарчыя акцыі каля менскага ГУМу 16 верасьня і на плошчы Свабоды 23 верасьня.

Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў гэтак пракамэнтаваў пакараньне, якое на яго наклаў суд:

— Штрафы ў нас такія, што яны проста руйнуюць людзей. Відавочна, што ў нас проста забылі пра памер рэальных прыбыткаў, або мяркуюць па сваіх прыбытках. Калі спраецыраваць, дык атрымаецца, што мой штраф — амаль у дзьве мае пэнсіі.

— А чаму ўвогуле вырашылі вас пакараць, калі маглі пры назіральніках АБСЭ гэтага і не рабіць?

— Справа ў тым, што ім заўсёды трэба, каб быў страх у грамадзтве. Хоць рэпрэсіі сталі крыху мякчэйшыя, але яны засталіся рэпрэсіямі, бо незаконна складзеныя пратаколы за спробу нешта сказаць — інакш як рэпрэсіямі гэта не назавеш. Пакуль у такой форме, а зьедуць назіральнікі АБСЭ — і ўсё адновіцца.

Мікалая Казлова аштрафавалі

Мікалая Казлова аштрафавалі за акцыю 16 верасьня на 30 базавых велічынь.

Анатоль Лябедзька заявіў пра штраф: «Галоўнае для іх было — не памер штрафу, а тое, што нас пакаралі за выбарчую акцыю. Гэта такі сыгнал ня мне, Някляеву, Статкевічу і Казлову, а ўсім астатнім — глядзіце, можам і вас пакараць. Але людзі не спужаюцца. Мяркую, улада больш баіцца».

Лябедзьку аштрафавалі на 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў

Анатоль Лябедзька атрымаў за адну акцыю штраф памерам 30 базавых велічынь, за другую 10 базавых велічынь — агулам 40 базавых велічынь (7 мільёнаў 200 тысяч рублёў).

Судзьдзя папярэдзіў, што цягам месяцу ён мусіць аплаціць штраф.

Працэс Казлова прыпынілі, бо ён заявіў хадайніцтва, каб выступіў сьведкам Анатоль Лябедзька. А той пакуль заняты на сваім працэсе.

Суд завочна пакараў Статкевіча і Някляева штрафамі

Уладзімера Някляева аштрафавалі на 30 базавых велічынь (5 мільёнаў 400 тысяч рублёў), Міколу Статкевіча — на 50 базавых велічынь(9 мільёнаў рублёў).

Працэс над Мікалаем Казловым працягваецца.

Лябедзька выступіў з апошнім словам

Сьведка міліцыянт Яноўскі казаў, што стаяў падчас прамовы побач зь Лябедзькам, але калі той паказаў яму свой здымак на акцыі, сьведка сябе на здымку ня ўбачыў.

Допыты сьведак скончаныя.

Лябедзька ў апошнім слове сказаў, што міліцыянты ня ведаюць зьместу артыкулу 45 Выбарчага кодэксу, што для яго азначае, што міліцыю загадзя рыхтуюць супраць права людзей на ўдзел у выбарах. Таксама з апытаньня сьведак ён бачыць, што працягваецца перадузятае стаўленьне менавіта да апазыцыі: адным можна праводзіць акцыі, другім нельга. Пратаколы, паводле Лябедзькі, былі складзеныя з парушэньнямі, і нават два сьведкі — Лаўрэцкі і Яноўскі — у судзе хлусілі. Паводле Лябедзькі, улады рыхтуюцца гэтак жа адрэагаваць на акцыю 4 кастрычніка супроць расейскай авіябазы. Судзьдзя Шабуня выйшла для вынясеньня пастановы.

Сьведка амапавец Лаўрэцкі, які даваў паказаньні на Анатоля Лябедзьку, тварам падобны да ўдзельніка акцыі Мікіты Нагліна, якога некаторыя СМІ залічылі ў «ціхары».

Яшчэ адзін амапавец Лаўрэцкі як сьведка пацьвердзіў удзел Анатоля Лябедзькі ў акцыі 23 верасьня на плошчы Свабоды.

Міліцыянт не знайшоў на пікеце сьведак

Апошні сьведка — лейтэнант міліцыі Зубцоў, які складаў пратакол на Анатоля Лябедзьку 16 верасьня на пікеце каля ГУМу:

«Я папярэджваў Анатоля Ўладзімеравіча, што пікет несанкцыянаваны, але ён не адрэагаваў».

Лябедзька запытаў, чаму міліцыянт не засьведчыў пратакол подпісамі двух сьведак, як патрабуе закон? Міліцыянат Зубцоў: «Бо там такіх сьведак не знайшлося».

У сьведках — баец АМАПу

Сьведка Алег Баразноў зь менскага АМАПу дзяжурыў каля ГУМу 16 верасьня. «Таварыш Лябедзька ў мегафон пачаў заклікаць да байкоту выбараў. На заўвагу лейтэнанта міліцыі Лябедзька сказаў, што яму дазвол на пікет непатрэбны».

Анатоль Лябедзька запытаўся, ці бачыў сьведка дзе яшчэ перадвыбарчыя пікеты? Сьведка Баразноў сказаў, што пасьля 16 верасьня сапраўды бачыў пікеты, але ня памятае, за каго яны былі.

«Чаму ж вы на адзін пікет зьвярнулі ўвагу і адрэагавалі, а пра іншыя нічога па сутнасьці ня ведаеце?» Судзьдзя Шабуня кажа, што Лябедзька мусіць прытрымлівацца толькі пратаколу, пра іншыя падзеі гаворка ня мусіць ісьці.

Сьведка прызнаў, што у той дзень каля ГУМу было адмысловае дзяжурства амапаўцаў у цывільным. Лябедзька ацаніў гэта як перадузятасьць гарадзкіх уладаў адносна апазыцыйных пікетаў.

Лябедзька распавёў, куды заклікаў беларусаў на 11 кастрычніка

Пра пікет 16 верасьня Лябедзька сказаў, што рабіў тое самае, што робяць пікетоўцы, якія агітуюць за Лукашэнку.

«Яны маюць права, а чаму я ды іншыя ня маем?» Паводле Анатоля Лябедзькі, на акцыі 23 верасьня на плошчы Свабоды было да тысячы чалавек, і ўсе яны мелі права абмяркоўваць палітычныя пытаньні:

«Што датычыць таго, куды я заклікаў? Так, я сказаў, што 11 кастрычніка можна выкарыстаць сваё права правесьці дзень, як заўгодна: паехаць на рыбалку, да цешчы ці яшчэ куды. Хіба гэта забаронена?»

Лябедзька спаслаўся на 45 артыкул Выбарчага кодэксу і Канстытуцыю. Допыт Лябедзькі скончыўся. Выклікаюць сьведак-міліцыянтаў.

Судзьдзя ня ведае, каго сёлета выбіраюць

Судзьдзя: «А што там было? Выбары каго?»

Лябедзька: «Як па мне, дык ня выбары, а прызначэньне Аляксандра Лукашэнкі чарговым разам на пасаду прэзыдэнта. Улады кажуць, што сапраўдныя выбары».

Лябедзька нагадаў, што 16 год таму зьніклі Ганчар, Красоўскі, а раней Захаранка, але ўлады гэтыя злачынствы, паводле Лябедзькі, не расьсьледуюць.

«У кандыдатаў на прэзыдэнта я ня ўбачыў заклапочанасьці пра расьсьледаваньне гэтых спраў і вырашыў нагадаць пра іх людзям», — сказаў Лябедзька. Ён гатовы ў судзе даказаць, што да зьнікненьняў датычныя людзі з улады. «Не лічу сябе вінаватым», — скончыў прамову Анатоль Лябедзька.

Хадайніцтва Лябедзькі адхіленае. Пачаўся разгляд справы

Вікторыя Шабуня адхіліла хадайніцтва Анатоля Лябедзькі аб недаверы ёй як судзьдзі. Анатоль Лябедзька адмовіўся ад сьведак зь ягонага боку. Судзьдзя зачытала пратакол, які склаў міліцыянт Зубцоў на Лябедзьку 16 верасьня на пікеце каля ГУМу: «Выказваў лёзунгі, парушыў закон аб масавых мерапрыемствах». Таксама агучаны другі пратакол, ад 23 верасьня. Тое самае: «Парушыў парадак правядзеньня пікету, без дазволу. Заклікаў да байкоту выбараў, на заўвагі не рэагаваў». Анатоль Лябедзька тлумачыць свае дзеяньні ў тыя дні: «Не разумею прэтэнзіяў да мяне. А я думаў, што ў нас выбарчая кампанія, што, паводле Канстытуцыі, можна абмяркоўваць пытаньні выбараў, але, аказваецца, гэта нельга».

Някляева і Статкевіча судзяць завочна

Нягледзячы на адсутнасьць падсудных Уладзімера Някляева і Міколы Статкевіча, адміністратыўныя працэсы супраць іх пачаліся — судзьдзі зачыніліся ў пакоях, прызначаных для судовых пасяджэньняў. Такім чынам Някляева і Статкевіча будуць судзіць завочна.

Статкевіч у суд не прыйшоў

Мікалай Статкевіч у суд не зьявіўся, бо, паводле Анатоля Лябедзькі, «не атрымаў позву належным чынам». Сам Анатоль Лябедзька паштовае паведамленьне з позвай суду атрымаў. «Таму і зьявіўся», — патлумачыў Лябедзька сваю яўку.

Някляеў пакінуў суд

Уладзімер Някляеў сышоў з будынку суду, сказаўшы, што «вырак прадвызначаны».

Пачалі судзіць Казлова

Тым часам пачаўся працэс над Мікалаем Казловым. Ён пачаў знаёміцца са справай.

Лябедзька заявіў пра адвод судзьдзі

Анатоль Лябедзька адказвае на пытаньні судзьдзі па-беларуску, ён адмовіўся ад адваката, заявіў пра недавер судзьдзі Вікторыі Шабуні — спаслаўся на заявы міжнародных структураў, якія лічаць, што ў Беларусі няма незалежнай судовай сыстэмы. Да таго ж Лябедзька нагадаў, што судзьдзя Вікторыя Шабуня знаходзіцца ў сьпісе неўязных ў краіны Эўразьвязу за датычнасьць да рэпрэсіяў супраць апазыцыі. Судзьдзя выйшла для вырашэньня хадайніцтва Лябедзькі, паколькі такія хадайніцтвы нельга вырашаць на месцы.

Карэспандэнт Свабоды прысутнічае на працэсе над старшынём АГП Анатолем Лябедзькам.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG