Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НІСЭПД: Караткевіч можа сабраць на выбарах 22-25% галасоў


За Аляксандра Лукашэнку сёньня гатовы галасаваць 45,7%, але з улікам яўкі сацыёлягі прагназуюць ягоную перамогу ў першым туры.

Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) апублікаваў рэйтынгі кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі, складзеныя па выніках нацыянальнага апытаньня грамадзкай думкі ў верасьні.

Гатоўнасьць галасаваць на прэзыдэнцкіх выбарах сёньня выказваюць звыш 72.5% (36.2% «так, вядома будуць» і 36.3% «хутчэй так», 16% «хутчэй не», 7.8% «вядома, ня будуць»), практычна столькі ж, колькі было ўлетку і ўвесну гэтага году. Да байкоту гэтых выбараў станоўча ставяцца 15.5%, адмоўна — 27.4%, абыякава — 25.1%, нічога пра гэта ня чулі — 26.9%. Сацыёлягі падкрэсьліваюць, што прыкладна такая ж карціна назіралася і напярэдадні ранейшых выбараў.

За Аляксандра Лукашэнку сёньня гатовы галасаваць 45,7% — як па закрытым, так і па адкрытым пытаньні (у чэрвені было 38.6%, а напярэдадні выбараў 2010 году — 48.2% і 44%). Галоўным матывам такога выбару амаль 30% назвалі тое, што «ён мае рэальную сілу і зможа палепшыць сытуацыю ў краіне», амаль 20% — «ён выказвае інтарэсы такіх людзей, як я», каля 15% — «мне даўно падабаецца гэты палітык» (у 2001 годзе было 23%, 26.9%, 9.5%).

За Тацяну Караткевіч па закрытым пытаньні сёньня гатовыя галасаваць 17.9%, а па адкрытым — 7.2% рэспандэнтаў. За Сяргея Гайдукевіча гатовыя галасаваць адпаведна 11.4% і 4.7%, а за Мікалая Ўлаховіча 3.6% і 1.5%.

Што тычыцца палітыкаў, якія ігнаруюць прэзыдэнцкія выбары, то іх сумарны электарат не перавысіў 8%, пры гэтым максымальную колькасьць галасоў у адкрытым пытаньні сабраў Мікалай Статкевіч — 3.5%, а астатнія па адсотку і менш.

Сацыёлягі пры гэтым адзначаюць, што рэальныя вынікі галасаваньня залежаць ад яўкі. Таму, калі ў галасаваньні прымуць удзел 72.5% (якія заявілі пра гэта), то 45.7% галасоў за А.Лукашэнку ператворацца ў 64%, а 17.9% за Т. Караткевіч у 25%.

«Калі ж, паводле „закону сацыяльнага прыцягненьня“ (па аналёгіі з законам фізыкі, калі малое цела прыцягваецца вялікім) і шматгадовага электаральнага маніторынгу НІСЭПД, да тых, хто галасуе, дадасца частка тых, хто ня вызначыўся, то пры яўцы 80% за дзейнага прэзыдэнта прагаласуюць 56%, а за Т. Караткевіч 22%. Маштабы стратаў, якія нанесьла гэтым выбарам няздольнасьць апазыцыі да кансалідацыі, бачныя па адказах на пытаньне: „Калі б Вы ведалі чалавека, які мог бы пасьпяхова канкураваць з Аляксандрам Лукашэнкам на прэзыдэнцкіх выбарах, то прагаласавалі б за яго або за Лукашэнку?“ Прагаласавалі б за такога кандыдата 38.7%, за Лукашэнку — 32.3%, „пакуль ня ведаю, паглядзеў бы па абставінах“ — 28.1%», — адзначаецца ў прэс-рэлізе НІСЭПД.

Сацыёлягі падкрэсьліваюць, што вынікі дасьледаваньня абвяргаюць меркаваньне некаторых палітыкаў і экспэртаў аб тым, што большасьць беларусаў абыякавая да выбарчай кампаніі, якое не адпавядае рэчаіснасьці.

Думаюць, што цяперашнія выбары прэзыдэнта будуць свабоднымі і справядлівымі, 47.6%, а ня згодныя з гэтым 34.4% (з 2010 году сытуацыя практычна не зьмянілася). На думку паловы апытаных, можна будзе давяраць афіцыйна абвешчаным вынікам выбараў прэзыдэнта Беларусі, а, на думку траціны — не.

Згодныя зь меркаваньнем, што на выбарах гэтага году наканавана, хто будзе пераможцам, 57.6%, а 28.8% лічаць, што тут захоўваецца інтрыга.

У выпадку, калі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў будуць сфальсыфікаваныя, то 10,1% гатовыя прыняць удзел у масавых пратэстах, «каб паспрабаваць зьмяніць гэтыя вынікі». Гэты паказчык з 2010 году практычна не зьмяніўся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG