Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савудаўская Арабія адхіляе сырыйскія прапановы Пуціна


Адэль аль-Джубейр (зьлева) і Джон Кэры падчас прэс-брыфінгу
Адэль аль-Джубейр (зьлева) і Джон Кэры падчас прэс-брыфінгу

Савудаўскі міністар замежных спраў рэзка крытыкуе прапановы па сырыйскім урэгуляваньні Уладзімера Пуціна.

Савудаўская Арабія ў аўторак рашуча адпрэчыла заклік Масквы да міжнароднай супольнасьці падтрымаць сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада.

Міністар замежных спраў каралеўства Адэль аль-Джубейр пасьля кансультацыяў з саюзьнікамі ў Нью-Ёрку назваў прапанову Пуціна, абвешчаную на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН, «халастым стрэлам» і падкрэсьліў, што Асад альбо добраахвотна пакіне сваю пасаду, альбо будзе адхілены сілавым шляхам.

Аль-Джубейр ахарактарызаваў Іран, якога Пуцін прапанаваў у сябры патэнцыйнай антыісламісцкай кааліцыі, як «акупанта Сырыі» і абвінаваціў Тэгеран у разьдзіманьні тэрарызму і экстрэмізму на ўсім Блізкім Усходзе.

«Пры ўсёй павазе да Расеі і тым, хто думае, як яна, у Асада няма будучыні ў Сырыі. Калі б Расея была сапраўды зацікаўленая ў барацьбе з „Ісламскай дзяржавай“, яна б далучылася да ўжо існай міжнароднай кааліцыі. Аднак разгортваньне расейскіх войскаў у Сырыі паказвае хутчэй на тое, што мэтай Масквы зьяўляецца ўмацаваньне ўлады Асада, а не супрацьдзеяньне радыкалам», — сказаў савудаўскі міністар.

Паводле яго слоў, ёсьць толькі два варыянты ўрэгуляваньня сырыйскай сытуацыі — аптымальны, які палягае ў стварэньні часовай кіроўнай рады, якая складаецца з прадстаўнікоў апазыцыі і дзейнага рэжыму, які падрыхтуе усеагульныя выбары, прычым у нейкі момант перад правядзеньнем выбараў Асад павінен будзе самаўхіліцца, і больш зацяжны, і дэструктыўны, які абапіраецца на ваенную сілу. Выбар паміж гэтымі варыянтамі, заўважыў аль-Джубейр, цалкам залежыць ад цяперашняга кіраўніка ў Дамаску.

«У сырыйскім руху супраціву ёсьць умеранае крыло, "Свабодная сырыйская армія", якая змагаецца і з Асадам, і з "Ісламскай дзяржавай". Яна карыстаецца падтрымкай цэлага шэрагу краінаў, і гэтая падтрымка, як мы чакаем, будзе працягвацца і расьці», — заявіў міністар замежных спраў Савудаўскай Арабіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG