Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта была магчымасьць падгуляць Расеі на міжнароднай арэне»


Аляксандар Лукашэнка на трыбуне ААН

Аляксандар Лукашэнка на трыбуне ААН

Пра што сьведчыць тэматыка і антызаходняя танальнасьць выступу беларускага прэзыдэнта з трыбуны ААН? Чаму асноўныя тэзісы выступаў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна амаль супадалі?

На гэтыя ды ішыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітолягі Андрэй Фёдараў і Андрэй Казакевіч.

Цыганкоў: На фоне апошніх спробаў нармалізацыі адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Захадам, здавалася б, што прамова Лукашэнкі ў ААН павінна быць у тым самым рэчышчы. Але Лукашэнка выступіў з дастаткова антызаходнім выступам, абвінаваціўшы Захад у шматлікіх грахах у Лібіі, Сырыі, Іраку. Чаму?

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Фёдараў: Беларускае кіраўніцтва цудоўна разумее, што на ўсе гэтыя рытарычныя заявы на сэсіі ААН ніхто асаблівай увагі не зьвяртае. Канечне, калі яны не выходзяць за межы нейкай прыстойнасьці. І таму беларуская ўлада вырашыла прадэманстраваць, што яна па-ранейшаму стаіць на сваіх пазыцыях. Хаўрусьнікі кшталту прэзыдэнта Вэнэсуэлы будуць гэта толькі вітаць, а заходнікі ня зьвернуць увагі. Бо разумеюць, што Беларусь на самой справе вымушана будзе весьці перамовы з Захадам.

Цыганкоў: А на каго перш за ўсе накіраваная гэтая прамова Лукашэнкі?

Фёдараў: Я думаю, не было тут нейкай асаблівай мэтавай аўдыторыі. Гэта пацьверджаньне сваёй пазыцыі, тут няма нейкага асаблівага пасланьня — бо яно было вельмі неканткрэтнае, агульныя разважаньні, ня больш за тое.

Андрэй Казакевіч

Андрэй Казакевіч

Казакевіч: На маю думку, выступ быў разьлічаны на сусьветную аўдыторыю. Лукашэнка трымаўся ў пэўных рамках, не абвінавачваў канкрэтных людзей, нават канкрэтныя краіны. Таму ён разумеў, што гэтая рыторыка не паўплывае нэгатыўным чынам на ягоныя стасункі з Захадам.

Але пры гэтым трэба падтрымліваць свой імідж нонканфарміста на міжнароднай арэне. Пэўны час гэта мела свае дывідэнды, прынамсі, у супрацоўніцтве з Іранам, Вэнэсуэлай, Кітаем.. Плюс гэта была магчымасьць падгуляць Расеі, а Беларусь на міжнароднай арэне гэта робіць даволі часта. Дастакова ўзгадаць, як Менск галасаваў па рэзалюцыі наконт Крыму.

Так што гэтая прамова наўрад ці неяк адаб’ецца на стасутках Беларусі з Захадам. Асабліва ўлічваючы, што многія палітычныя сілы ўнутры заходніх краінаў кажуць прыблізна тыя самыя рэчы, крытычна ацэньваюць ролю ЗША і Захаду ў цэлым у вырашэньні сусьветных праблемаў.

Цыганкоў: Мне таксама дзіўна, чаму многія накінуліся на Лукашэнку, які выступаў супраць «імпэрыялізму». Бо прыблізна тыя самыя рэчы супраць заходняга «імпэрыялізму» кажуць многія левыя лібэралы ў Эўропы, якія нават лічаць, што Захад павінен прабачацца перад краінамі разьвіцьця і не навязваць свае каштоўнасьці.

Казакевіч: Так, словы Лукашэнкі падобныя на тую рыторыку, якая гучыць зь левага боку палітычнага спэктру Захаду.

Цыганкоў: Прамова Лукашэнкі была ў многіх пытаньнях вельмі сугучнай з прамовай Пуціна.

Фёдараў: Мы ведаем, што беларускае і расейскае кіраўніцтва шмат у чым займаюць аднолькавыя пазыцыі ў стаўленьні да Захаду. Таму няма нічога дзіўнага, што і прамовы былі падобнымі. Пуцін, аднак, меў нейкую практычную мэту. Ён жадае нейкім чынам аднавіць супрацу з Захадам, але пры гэтым не аддаць Крым. Таму ён прапануе зараз выкарыстаць Сырыю, каб замірыцца з Захадам. Гэта наўрад ці атрымаецца, але нейкая прагматычная мэта ў Пуціна была.

Што да выступу Лукашэнкі, то ніякай канкрэтнай мэты тут не было. Калі Абама выступае — то гэта ўспрымаецца, як нейкая праграма. Бо ўсе ведаюць, што ЗША гэта можа зрабіць. А Беларусь зрабіць нічога ня можа, таму ўвесь выступ — гэта проста рыторыка.

Крытыка Лукашэнкі была даволі абстрактнай, не перайшла на канкрэтныя абвінавачваньні

Цыганкоў: Лукашэнка з трыбуны ААН крытыкаваў Захад, а потым абмяркоўваў з кіраўніцай МВФ выдзяленьне Беларусі грошай. Наколькі гэта лягічна — абвінавачваць Захад, а потым у яго ж прасіць крэдыты?

Казакевіч: МВФ фармальна не заходняя, а сусьветная структура. Крэдыты ад яго атрымліваюць вельмі розныя краіны, часам і дастаткова антызаходнія. Паўтаруся, крытыка Лукашэнкі была даволі абстрактнай, не перайшла на канкрэтныя абвінавачваньні. Нейкага істотнага ўплыву рыторыка Лукашэнкі на дзеяньні МВФ не акажа.

Цыганкоў: Лукашэнка асабліва зьвярнуў увагу на тое, што прычына многіх бедаў у сьвеце — тое, што правы чалавека сталі найвышэйшай каштоўнасьцю, вышэй нават за нацыянальны сувэрэнітэт. Што гэта кажа пра тую палітыку, якую будзе праводзіць афіцыйны Менск?

Фёдараў: У вашым пытаньні крыецца і адказ. Беларускае кіраўніцтва ўжо ня першы раз ставіць матэрыяльныя рэчы вышэй за правы чалавека і палітычныя правы. Таму, вядома, вярта чакаць, што нічога прынцыпова ў гэтым сэнсе ў Беларусі ня зьменіцца. Працягнуцца спробы адсунуць правы чалавека на другі плян і пераканаць беларускае насельніцтва, што галоўныя правы чалавека ўлады і так забясьпечваюць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG