Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 30 верасьня: Міжнародны дзень перакладчыка, дзень нараджэньня Зоські Верас і Ніла Гілевіча


Ніл Гілевіч

Ніл Гілевіч

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

Сёньня Міжнародны дзень перакладчыка, устаноўлены ў 1991 годзе Міжнароднай фэдэрацыяй перакладчыкаў у дзень сьмерці сьвятога Гераніма, які лічыцца патронам перакладчыкаў. Геранім быў хрысьціянскім сьвятаром і пісьменьнікам, народжаным у Далмацыі. Ягоным найбольшым дасягненьнем лічыцца пераклад Бібліі на лацінскую мову, вядомы як Вульгата.

Менск, кнігарня «логвінаЎ» (пр-т Незалежнасьці, 37а), уручэньне прэміі часопісу «ПрайдзіСьвет» — найлепшым перакладчыкам году. Пачатак а 19 гадзіне.

Менск, галерэя Ў (пр-ті Незалежнасьці, 37а), лятучы ўнівэрсытэт распачынае год сэрыяй лекцыяў «Галоўнае пытаньне». Першая лекцыя — Ўладзімера Мацкевіча «Што можна ведаць пра непрадказальнае, або што мы ведаем пра будучыню? Пачатак а 18.30

Менск, бізнес-клюб «Імагуру» (вул. Фабрыцыуса, 4, заля Nordic), прэзэнтацыя вынікаў пілётнага дасьледаваньня «Што матывуе дзяржаўных службоўцаў у Беларусі?» Пачатак а 19 гадзіне.

Магілёў, пачатак міжнароднага музычнага фэстывалю «Залаты шлягер −2015».

У гісторыі:

1452 — Ян Гутэнбэрг выдаў першую друкаваную кнігу, якая атрымала назву «Біблія Гутэнбэрга».

1939 — Уладзіслаў Сікорскі ўзначаліў польскі эмігранцкі ўрад (у Францыі).

1965 — У выніку путчу лідэр Інданэзіі Сукарна адхілены ад улады, кіраўніком краіны стаў генэрал Сухарта.

1999 — Пачатак другой вайны ў Чачні.

2005 — У дацкай газэце Jyllands-Posten апублікаваныя карыкатуры на прарока Мухамэда, што выклікала рэзкія пратэсты і беспарадкі ў мусульманскім сьвеце.

У гэты дзень нарадзіліся:

1728 — Марцін Пачобут-Адлянецкі, беларускі вучоны-асьветнік, астраном, адзін з заснавальнікаў і першы дырэктар Віленскай астранамічнай абсэрваторыі.

1882 — Ганс Вільгельм Гейгер, нямецкі фізык, вынаходнік лічыльніка ўзроўню радыеактыўнасьці.

Зоська Верас каля сваёй хаты ў Вільні.

Зоська Верас каля сваёй хаты ў Вільні.

1892 — Зоська Верас, беларуская пісьменьніца і грамадзкая дзяячка. Адна з пачынальніц беларускага адраджэнскага руху, пад псэўданімам Мірко друкавалася ў 1911 годзе ў «Нашай Ніве», актыўная ўдзельніца падзеяў беларускай гісторыі часоў БНР.

1931 — Ніл Гілевіч, народны паэт Беларусі.

У гэты дзень памерлі:

1934 — Мітрафан Доўнар-Запольскі, беларускі гісторык, этнограф, эканаміст

1939 — Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі, беларускі паэт.

1992 — Мікалай Бірыла, беларускі мовазнаўца.

1999 — Дзьмітры Ліхачоў, расейскі філёляг, акадэмік, перакладчык на сучасную расейскую мову «Слова пра паход Ігараў», «Аповесьці мінулых гадоў» і многіх іншых помнікаў старажытнарускай літаратуры.

Цытата:

Пакуль з пагардаю ад нас

Не адвярнуўся дух Купалы —

Пільнуйма Зьніч, каб не пагас,

Каб быў запас агню трывалы,

Каб, душы вывеўшы з турмы,

Як пад прысягаю, сурова

На сьвет на ўвесь сказалі мы

Сваё ня сказанае слова!

Ніл Гілевіч

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG