Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фясенка: Абама нагадаў Пуціну, што для выкананьня Менскіх пагадненьняў засталося два месяцы


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама (справа) паціскае руку прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна падчас іх сустрэчы на Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 28 верасьня 2015 году

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама (справа) паціскае руку прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна падчас іх сустрэчы на Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку 28 верасьня 2015 году

Прэзыдэнт Абама выказаў трывогу наконт ажыцьцяўленьня Менскіх дамоўленасьцяў і намераў непрызнаных уладаў у Луганску і Данецку правесьці мясцовыя выбары насуперак вызначаным у іх умовам.

Вынікі сустрэчы расейскага і амэрыканскага лідэраў Свабодзе камэнтуе ўкраінскі палітоляг Уладзімер Фясенка.

— Сёньня ў Менску зноў сустракаецца Трохбаковая кантактная група па Данбасе. Абмяркоўваюць праект дамовы пра адвод узбраеньняў калібрам менш за 100 мм. Ці ёсьць шанец неўзабаве яго падпісаць — з улікам таго, што ў Нью-Ёрку Ўладзімер Пуцін падкрэсьліў неабходнасьць як мага хутчэй завяршыць абмеркаваньне гэтага дакумэнту?

Уладзімер Фясенка

Уладзімер Фясенка

— Справа ня ў тым, каб падпісаць. Праблема з падпісаньнем дакумэнту зьвязаная з тым, што ўкраінскі бок хоча гарантыяў выкананьня ўмоваў, якія там прапісаныя. У нас, на жаль, было шмат сумных досьведаў, калі падпісаныя дамоўленасьці парушаліся. Апошнія прыклады зьвязаныя з адводам цяжкага ўзбраеньня і з атакамі сэпаратыстаў у шэрагу населеных пунктаў — Мар’інка, Стараігнатаўка і г.д. Але самае буйное парушэньне было адразу пасьля падпісаньня Менскіх дамоўленасьцяў — у Дэбальцаве. Дамоўленасьць была падпісаная, але працягнулася маштабная апэрацыя з удзелам расейскіх войскаў. Таму ўкраінскі бок не пагаджаецца на прапанаваны варыянт, у які закладзены адначасны вывад адразу ўсяго ўзбраеньня зь лініі судакрананьня і без належных гарантыяў. Украінскі бок прапаноўвае, каб адвод цягнуўся пэўны пэрыяд часу — ад 40 да 70 дзён, каб працэс адбываўся паэтапна — спачатку адвод танкаў, пасьля артылерыі, пасьля БТРаў. І каб усё адбывалася пад наглядам АБСЭ. Сэпаратысты на гэта не пагаджаюцца, а ўкраінскі бок ня хоча рызыкаваць. Бо мы ўжо некалькі разоў сутыкаліся з грубымі парушэньнямі падпісаных дамоўленасьцяў.

— Навошта расейскі бок падкрэсьлівае важнасьць падпісаньня дакумэнту?

— Таму што Масква гуляе ў міратворца і міралюбца. Так, расейцы падкрэсьліваюць, як важна падпісаць дакумэнт. Ім вельмі выгадна аслабленьне ўкраінскага боку. А яны ведаюць, што ў выніку падпісаньня аслабне менавіта Ўкраіна.

Уся тактыка Масквы заключаецца ў такіх рэчах, як прамыя перамовы Кіева з сэпаратыстамі. А для Ўкраіны гэта азначае прызнаньне сэпаратыстаў роўным сабе суб’ектам. Зразумела, што гэта недапушчальна для Ўкраіны. Мы ня пойдзем на легітымацыю дзьвюх сэпаратысцкіх «рэспублік».

Усё яшчэ гучаць цьверджаньні, што на Данбасе няма расейскіх вайскоўцаў. У той жа час выведкі розных краін сьвету кажуць адваротнае, называюцца канкрэтныя прозьвішчы, нумары вайсковых падразьдзяленьняў. А Расея кажа: не, нашых вайскоўцаў там няма. Як тады выконваць дамоўленасьці?

Расея адмаўляецца нават разглядаць пытаньне пра перадачу кантролю за ўкраінскай мяжой. Хоць відавочна, што ўсе гэтыя пытаньні павінны разглядацца комплексна, ісьці ў зьвязцы. Выходзіць, што ад нас патрабуюць выконваць абавязаньні, а Расея ўмывае рукі, але пры гэтым працягвае ўзбройваць баевікоў.

Гэтая пазыцыя, як і выступ Пуціна ў Нью-Ёрку, — суцэльны цынізм і дваістыя стандарты. Пуцін заклікае шанаваць статут ААН і выконваць міжнароднае права, пры гэтым груба яго парушае. Ён заяўляе пра тое, як небясьпечна ўзбройваць тэрарыстаў, але дае зброю сэпаратыстам на ўсходзе Ўкраіны.

Гэта ўсе разумеюць. Сьвет паказаў сваё стаўленьне да расейскага лідэра. Вельмі важна, што падчас асабістай сустрэчы Абама нагадаў Пуціну, што для выкананьня менскіх пагадненьняў засталося два месяцы. І гэта тычыцца ня толькі Ўкраіны, але і Расеі. Калі Расея будзе працягваць адмаўляць сваю прысутнасьць у зоне канфлікту, то гэта будзе сьведчыць пра хранічны тупік у справе яго вырашэньня.

— Ці можна спадзявацца, што сустрэча Ўладзімера Пуціна з Баракам Абамам нейкім чынам паўплывала на расейскага лідэра?

— Я скептык адносна гэтага. Але ёсьць іншая рэч, якая можа паўплываць. У чым сэнс выступу Пуціна? Гэта прапанова стварыць шырокую антытэрарыстычную кааліцыю, удзел Расеі ў гэтай кааліцыі, каардынацыя дзеяньняў у барацьбе з «Ісламскай дзяржавай». Але калі і для ЗША, і для Эўропы, і для арабскіх краін гэта сапраўды важная мэта, то для Расеі важна, каб праз гэтае партнэрства Захад прыйшоў да зьняцьця санкцыяў з Расеі.

Для Расеі пытаньне пра санкцыі застаецца прынцыповым. Таму з-за пытаньня санкцыяў ёсьць магчымасьць захаваць цяперашні стан адноснага замірэньня на Данбасе.

А што тычыцца палітычнага ўрэгуляваньня, то праз прынцыповыя супярэчнасьці бакоў хутка вырашыць гэты канфлікт ня ўдасца. Я пакуль увогуле ня бачу перадумоваў для кампрамісу. Па спыненьні агню — так, і мы гэта пабачылі. А палітычнага ўрэгуляваньня, якое задаволіць і Кіеў, і Маскву, і сэпаратыстаў — яго няма.

XS
SM
MD
LG